Ён размесціцца ў будынку 1770 года пабудовы, дзе тады была лясная адміністрацыя. Гарвыканкам вырашыў перадаць будынак Міністэрству лясной гаспадаркі. Яно, у сваю чаргу, вырашыла адрадзіць гісторыю і размясціць у ім музей лесу, паведамляе grodnonews.by.
Дом № 4Б на плошчы Тызенгаўза ў Гродне пабудаваны па праекце архітэктара Мезер. Двухпавярховы дом пад вальмавым дахам з мансардамі на кантавых фасадах з’яўляецца асноўным элементам кампазіцыі архітэктурнага комплексу Гарадніцы.
Як распавялі ў Гродзенскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні, на першым паверсе тут з’явіцца музей лесу і гісторыі лясной гаспадаркі вобласці. Плануецца, што сюды пераедзе і адміністрацыя ДВЛГА. Уваходзіны — у сярэдзіне наступнага года.
Экспанаты для будучага музея ўжо збіраюцца. Жыхарка Гродна прапанавала са свайго хатняга архіва плакаты прыродаахоўнай тэматыкі сярэдзіны мінулага стагоддзя. Матэрыялы зоймуць сваё месца ў будучым музеі.
Сёння музей лясной гаспадаркі ёсць у Лідзе, і не выключана, што частка яго экспазіцыі пераедзе ў абласны цэнтр. Цікава будзе пабачыць старыя інструменты для валкі лесу і механізмы, якія выкарыстоўваліся пры лесанарыхтоўцы.
Тут жа будзе прадстаўлена і новая тэхніка, якая сёння дапамагае лесаводам ў доглядзе за лесам. Вялікі прагрэс у нарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны. Але галоўны здабытак лясной галіны — гэта людзі, якія прысвяцілі сябе прымнажэнню лясных багаццяў. У лесагаспадарчым аб’яднанні плануюць праводзіць экскурсіі для школьнікаў, прафарыентацыйныя сустрэчы для рабят, якія маюць намер звязаць сваё жыццё з лясной справай.