Кніга «Забітыя і забытыя. Паўстанцы 1863 года» будзе прысвечаная асобам, пакараным смерцю за ўдзел у паўстанні 1863−1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі. У кнізе распавядуць пра працэдуру выканання смяротных пакаранняў і лёс ахвяраў. Грошы патрэбныя на карэктуру і выданне 300 асобнікаў.
Гродзенскі гісторык Васіль Герасімчык абвясціў збор грошай на платформе ulej.by. Там можна азнаёміцца з фрагментам кнігі і падтрымаць аўтара. Для выдання патрэбна 3 330 рублёў. Ахвяраваць грошы можна да 7 верасня.
— У кнізе ў навукова-папулярнай форме распавядаецца пра паўстанцаў, пакараных смерцю ў 1863−1865 гадах. Кніга напісаная як на падставе апублікаваных у розны час матэрыялаў, так і звестак, сабраных у архівах. Сярод пакараных паўстанцаў былі людзі розных лёсаў і характараў, у тым ліку не толькі героі. Кніга дае адказы на шырокае кола пытанняў, у тым ліку пра месцы пакаранняў і пахаванняў, змяшчае інфармацыю таксама пра выхадцаў з тэрыторыі сённяшняй Беларусі, пакараных на тэрыторыі сучасных Польшчы і Літвы, ды распавядае пра тых, хто стаў ахвяраю як паўстанцакага, так і мураўёўскага тэрору сярод мірных жыхароў. Падтрымайце праект і атрымайце кнігу! — піша ў фэйсбуку гісторык.
Васіль Герасімчык — гісторык, даследчык паўстання 1863−64 гг. Летась ён выдаў кнігу «Канстанцін Каліноўскі. Асоба і легенда» — першую за доўгі час біяграфію героя. На яе выданне ён таксама збіраў грошы праз краўдфандынг. Такім жа чынам шукаў грошай на выданне сваёй кнігі пра паўстанцаў прафесар Вячаслаў Швед.