Рэканструкцыя старога дома на Малой Траецкай, 13 ужо скончана. Два паверхі будынка гатовыя і стаяць з мэбляй, а на трэцім паверсе завяршаецца рамонт. У пачатку студзеня 2018 новы апарт-гатэль у цэнтры Гродна зможа прыняць першых наведвальнікаў.
Рэканструкцыя будынка 1875 года на ціхай вуліцы Малой Траецкай доўжылася з вясны 2016 года. Заказчыкам выступаў мясцовы бізнесовец Валерый Грытчанко, уладальнік гасцініцы «Славія» і апарт-гатэля на 17 Верасня, які адкрыўся ў 2017 годзе.
Рэканструкцыю будынка на Малой Траецкай вялi нетыповым для Гродна спосабам. Каб захаваць стары дом, яго вырашылі абкласці новымі цаглінамі. Рабочыя казалi, што гэта адзін са спосабаў захавання старых пабудоў.
«Стан будынка быў жахлівы — сцены патрэсканыя, унутры ўсё перагнiла. Прасцей было разваліць і пабудаваць новы, але вырашылі дом ратаваць. Мы ставілі швелеры — сцягвалі сцены. Пасля сталі абкладваць звонку чырвонай цэглай. Гэта не толькі ўцяпляльнік, яна яшчэ і ўтрымлівае аварыйныя сцены. Потым цэглу нават не будзе бачна — усё затынкуем», — распавядаў у снежнi 2016 года адзін з рабочых.
Новы апарт-гатэль у цэнтры Гродна разлічаны на 4 двухпакаёвых нумары з кухняй. За суткі наведвальнікам прыйдзецца заплаціць каля 130 рублёў.Апарт-гатэль — тып гасцініцы, у якой нумары ўяўляюць сабой асобную кватэру. Апарт-гатэлі разлічаны на гасцей, гатовых гатаваць сабе ежу самастойна, таму ў іх ёсць кухні з усім неабходным посудам. Плата ў такіх гасцініцах бярэцца не за асобнае месца, а за ўсю кватэру, але колькасць людзей рэгламентуецца.
Даведка
Пра дом № 13 да нашых дзён не дайшло амаль ніякай інфармацыі - гэта шараговая забудова. Вядома, што ён быў пабудаваны ў 1875 годзе і знаходзіўся ў яўрэйскім квартале. Са слоў працоўных, падчас даследвання яны нічога не знайшлі, бо тут яшчэ за савецкім часам праводзіўся рамонт.