Адразу две сустрэчы, прысвечаныя астраноміі, прашлі ў Гродне на адным тыдні. Пра экзапланеты ішла гаворка 10 красавіка, а пра адкрыццё Галактыкі - 13 красавіка. Праводзіў сустрэчы гродзенскі астраном-аматар з 20-гадовым стажам Іван Адамін, адзін з арганізатараў астранамічнага даследчыцкага праекта VS-COMPAS па аналізе, фотаметрыі і класіфікацыі пераменных зорак.
Прыйсці на семінар мог любы ахвотны. Праўда, тое, што частка лекцый была запланавана на дзённы час, трохі абмежавала аўдыторыю.
«Я наведала ўжо дзве лекцыі па астраноміі, прыйду і ў наступны раз, — распавядае праграміст Наталля Грушэвіч. — Лекцыі вельмі цікавыя і пазнавальныя. Вядома, было б лепш, калі б яны праводзіліся ўвечары. Тады атрымалася б прыйсці ў многіх маіх знаёмых. Добра, што ў мяне гнуткі графік працы».
[irp posts="17 696″ name="Міністр эканомікі наведаў гродзенскі Парк высокіх тэхналогій і пажадаў IT-шнікам больш працаваць для Беларусі"]
www.youtube.com/watch?v=08LBltePDZw
Пра тое, што цікавасць да зорак мога быць не толькі паэтычнай, але і навуковай, распавялі студэнты-матэматыкі:
«Мы будзем удзельнічаць у хакатоне Naca Space Apps 2017, што пройдзе ў Гродне 29−30 красавіка. У нас ужо сфарміравана каманда з васьмі чалавек. Тут мы спрабуем знайсці ідэі для рэалізацыі. І проста даведацца шмат цікавага для сябе. На наступныя лекцыі таксама прыйдзем, але можа не ў поўным складзе», — распавёў лідар каманды Сяргей.
[irp posts="13 950″ name="Міжнародны Хакатон NASA Space Apps Challenge упершыню пройдзе ў Гродне"]
Што да астатнх гродзенцаў, то далучыцца да папулярнай астраноміі можна будзе яшчэ 19 красавіка. На апошняй лекцыі з сёлетняга цыкла Іван Адамін распавядзе, што і праз што можна пабачыць у небе.
Назіральная астраномія: Што? Дзе? Калі? Праз што? назіраць у небе. Міт-ап астранома Івана Адаміна
Папулярныя лекцыі па астраноміі праводзяць у красавіку ва ўсім свеце. У Гродне іх падтрымлівае факультэт матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы і філіял Парка высокіх тэхналогій.
Іван Адамін, вядоўца сёлетніх сустрэч, скончыў магістратуру факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 2007 годзе. Ён — распрацоўшчык праграмнага забеспячэння і астраном-аматар, які захапляецца астраноміяй ужо 20 гадоў. За гэты час двойчы стаў прызёрам рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі і астрафізіцы.
Іван — адзін з арганізатараў астранамічнага даследчага праекта VS-COMPASS па аналізе фотаметрыі і класіфікацыі зменных зорак. У выніку сумеснай працы ўдзельнікі праекта адкрылі больш за 1300 новых аб’ектаў, якія зараз афіцыйна унесены ў міжнародны каталог VSX, які каардынуе Амерыканская асацыяцыя назіральнікаў пераменных зорак.