Фестываль рэканструктараў эпохі вікінгаў «Гарадзенскi бераг» пройдзе на тэрыторыі маёнтка «Каробчыцы» з 19 па 21 траўня. Мэта арганізатараў - узнавіць побыт паходнага лагера вікінгаў.
Такі фестываль пройдзе ў Гродне ўжо ў другі раз. Упершыню рэканструктары аднаўлялі лагер вікінгаў на тэрыторыі маёнтка ў кастрычніку 2016 года. Тады на фэст прыехала каля 20 рэканструктараў. У гэтым годзе арганізатары чакаюць больш удзельнікаў.
[irp posts="1784″ name="Міні-фестываль эпохі вікінгаў Гарадзенскі бераг" упершыню прайшоў у Каробчыцах"]
«Месца для фестывалю ў нас характэрнае ў гістарычным плане. У мінулым годзе правялі пробны міні-фестываль, удзельнікам спадабалася. У гэтым годзе вырашылі таксама паспрабаваць. Рэканструктараў ранняга сярэднявечча ў нас мала, паспрабуем сабраць іх разам», — распавёў Hrodna.life арганізатар мерапрыемства Валянцін Сухаў.
Плануецца, што на фестывалі для наведвальнікаў будзе арганізавана культурна забаўляльная праграма. Кожны зможа паспрабаваць свае сілы ў кіданні дроцікаў, сякер, бярвення. Таксама для наведвальнікаў арганізуюць фотаздымкі з рэканструктарамi і пакажуць сярэднявечны лагер.
Чакаюцца на фестывалі і вялікія воінскія спаборніцтвы, масавыя бітвы, бітвы на мосце, парныя паядынкі.
У канцы фестывалю арганізатары абяцаюць вогненае шоў і канцэрт.