У алімпійскай гісторыі Гродзеншчыны ёсць асаблівая старонка. Звязана яна не з медалямі, а з адным чалавекам, жыццё якога магло б стаць гатовым сцэнарыем для прыгодніцкага серыяла. Магчыма, яго калі-небудзь і здымуць. Ураджэнец Ашмяншчыны Зыгмунт Мінейка пражыў, здаецца, некалькі жыццяў. Паўстанец 1863 года, палітэмігрант, інжынер і навуковец — ён стаў адным з тых, хто стаяў ля вытокаў першых Алімпійскіх гульняў сучаснасці.
Рэдакцыя Hrodna.life узгадвае неверагодны лёс чалавека, чый шлях пачаўся ў Гродзенскай вобласці, а завяршыўся ля падножжа Акропаля. У прамым сэнсе, бо пахаваны Мінейка на старым афінскім цвінтары
У Мілане і Корціна-д’Ампеца праходзяць Зімовыя Алімпійскія гульні. Беларусь гэтым разам прадстаўляюць усяго сем спартсменаў, якія выступаюць у нейтральным статусе. Сярод іх — ніводнага прадстаўніка нашага рэгіёна
Зыгмунт Мінейка: дзяцінства ў апазіцыйнай сям’і і вучоба ў Пецярбургу
Зыгмунт Мінейка нарадзіўся ў маі 1840 года ў шляхецкай сям’і ў вёсцы Балванішкі Ашмянскага павета. Зараз гэта вёска Зялёны Бор — назву змянілі ў савецкі час, палічыўшы старую не мілагучнай.
Яго бацька, Станіслаў Ежы Мінейка, удзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, маці — Цэцылія Хшчановіч.
Бацькі Мінейкі знаходзіліся ў апазіцыі да царскай улады і сваіх поглядаў асабліва не хавалі. Сям’я была «на алоўку» ў жандараў, якія час ад часу наведваліся ў маёнтак з ператрусамі. У мемуарах Зыгмунт узгадваў некаторыя такія эпізоды з дзяцінства.

“Неўзабаве ў нашым доме здарыўся ператрус. Жандар у залатых аксельбантах пагражаў нам лупцоўкай за ўтойванне праўды, але абяцаў гару цукерак за паслухмянасць. Мой брат Еўстафій прыдумаў бліскучы ход: ён запатрабаваў задатак цукеркамі наперад. Атрымаўшы жменю ласункаў, ён з вялікай помпай павёў жандара ў каморку, дзе бацька захоўваў адборныя сігары, і паказаў на іх як на «забароненыя прадметы» (некаторыя каробкі сапраўды былі кантрабанднымі).
Жандар, узрадаваны «ўловам», канфіскаваў сігары, узяў з бацькі грашовы штраф (які, вядома, пакінуў у сваёй кішэні) і сышоў, задаволены сабой. Сям’я была выратавана, бо сапраўдныя дакументы і пячаткі, за якія бацьку чакала Сібір, засталіся нязнойдзенымі. Еўстафій стаў героем дня”, — пісаў ён у сваіх мемуарах.
Падрослага Зыгмунта бацькі адправілі ў Віленскую гімназію. Пасля яе ён апынуўся ў Санкт-Пецярбургу, дзе стаў слухачом Імператарскага артылерыйскага вучылішча.
Падпольная барацьба Мінейкі і трагікамічны першы бой
Нягледзячы на навучанне ў ваеннай установе, Мінейка наведваў нелегальныя моладзевыя сходы. Вярнуўшыся на радзіму, ён далучыўся да падпольнай «Бібліятэкі ашмянскай моладзі» і хутка апынуўся пад наглядам уладаў. Каб пазбегнуць арышту, з’ехаў на пэўны час у Геную. Але вярнуўся, калі пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага.
Ён уступіў у атрад Мар’яна Лангевіча, які налічваў каля трох тысяч чалавек і дзейнічаў на поўдні сучаснай Польшчы. Удзельнічаў у некалькіх вялікіх баях, але пасля разгрому атрада быў арыштаваны аўстрыйскімі ўладамі, збег з кракаўскай турмы і зноў нелегальна вярнуўся на радзіму. Хаваўся ў лясах, пераапранаўся ў сялянскую вопратку і агітаваў уступаць у шэрагі паўстанцаў.
У канцы вясны 1863 года Мінейка пачаў фармаваць уласны паўстанцкі атрад у Вільні. Сабраў каля 40 чалавек і рушыў у бок Ашмян.

Першы (і апошні) бой скончыўся трагікамічна. Атрад натрапіў на царскія войскі і засеў у засадзе. Тыя ў нейкі момант убачылі паўстанцаў і смяротна паранілі аднаго з іх.
Яшчэ неспрактыкаваныя паўстанцы спужаліся і з крыкамі ды панікай пачалі ўцякаць. Пабеглі і вайскоўцы, але ў іншы бок. Мінейка застаўся адзін на полі бітвы, якая не адбылася. Некалькі дзён ён хаваўся ў лесе, але потым яго заўважыў ляснік і выдаў уладам.
У Ашмянах па загадзе генерал-губернатара Мураўёва яго прысудзілі да павешання. Потым Зыгмунта адвезлі ў Вільню, дзе суд таксама пацвердзіў прысуд
Як Зыгмунт Мінейка падмануў лёс і збег з Сібіры
Смерці Зыгмунту ўдалося пазбегнуць. Паводле адной версіі, маці Мінейкі праз подкуп высокапастаўленых генералаў дабілася замены пакарання на 12 гадоў катаргі ў Сібіры. Паводле іншай — за юнака заступіўся Ота фон Бісмарк, які падчас праверкі турмаў звярнуў на яго ўвагу і хадайнічаў аб змякчэнні прысуду. Бісмарк быў дыпламатам у Расіі, праўда, толькі да вясны 1862 года. Таму гэтая версія выглядае вельмі сумнеўна.
Па дарозе ў Сібір зняволеныя захварэлі на тыф. Мінейка скарыстаўся момантам: ён выдаў сябе за памерлага таварыша па гімназіі Струмілу і быў выключаны са спісаў катаржнікаў. Пад чужым імем ён пасяліўся ў Томску.
Але доўга заставацца там не мог: яго маглі пазнаць іншыя ссыльныя, і тады выратавання ўжо не было б. За ўцёкі з катаргі таксама пагражала суровае пакаранне, але ён усё ж рызыкнуў і адправіўся спачатку ў Маскву, а затым — у Санкт-Пецярбург.
У гэты ж час яго маці, нічога не ведаючы пра лёс сына, убачыла трывожны сон — нібыта Зыгмунт блукае па Пецярбургу абарваны, без грошай і дапамогі. Сон аказаўся амаль прарочым. Жанчына так уразілася сноўджаннем, што нават адправіла ў расійскі горад знаёмага праверыць.
— Дапамога прыходзіць своечасова: на бацькоўскія грошы Мінейка купляе пашпарт на імя эстонскага барона фон Меберта і адплывае караблём у Англію, адкуль пераязджае ў Францыю, — распавядала дырэктар гісторыка-краязнаўчага школьнага музея ў Гальшанах Яніна Корзун.
Гэтыя ўцёкі сталі адным з самых авантурных эпізодаў у яго біяграфіі і фактычна выратавалі яму жыццё. Далей Мінейку чакалі Грэцыя, інжынерныя праекты, археалагічныя адкрыцці і ўдзел у адраджэнні Алімпійскіх гульняў.

Шлях у Грэцыю: ад інжынера да першаадкрывальніка
У Францыі Зыгмунт Мінейка, паводле адной з версій, дамогся аўдыенцыі ў Напалеона III, на якой распавёў пра французаў, сасланых у Табольск. Пасля ўмяшання Парыжа ссыльных вярнулі на радзіму. У падзяку Мінейка атрымаў права на вучобу ў парыжскай Акадэміі Генеральнага штаба. Скончыўшы яе, ён паспеў паваяваць за Францыю ў вайне з Прусіяй, а затым працаваў у Балгарыі, дзе за праектаванне першых чыгунак быў удастоены ордэна Асманскай імперыі.
У 1870-х гадах ён едзе ў Грэцыю: маладая дзяржава мела вострую патрэбу ў прафесіяналах. Мінейка аказаўся ідэальным кандыдатам: краіне патрабаваліся не проста інжынеры, а ваенныя тапографы, здольныя крэсліць дакладныя карты для ўстанаўлення межаў новай дзяржавы і праектаваць дарогі.
Спачатку ён быў галоўным інжынерам правінцый Эпір і Фесалія, будаваў масты, чыгунку і нават патэнтаваў тэхнічныя распрацоўкі. Пазней узначаліў дэпартамент грамадскіх работ Грэцыі.
Зыгмунт Мінейка і першая сучасная Алімпіяда ў Афінах 1896 года
У той час у свеце пачалі гаварыць пра адраджэнне Алімпійскіх гульняў. Галоўным ідэолагам быў французскі дзеяч П’ер дэ Кубертэн. У 1889 годзе на Сусветнай выстаўцы ён правёў першы кангрэс па фізічным выхаванні і пачаў ствараць міжнародную сетку прыхільнікаў. У 1894 годзе ў Парыжы быў заснаваны Міжнародны алімпійскі камітэт.
І, вядома, вельмі сімвалічна было б правесці першыя адроджаныя Алімпійскія гульні менавіта ў Грэцыі. Але краіна сутыкнулася з сур’ёзнай праблемай — на падрыхтоўку аб’ектаў у казне не было грошай. Каб выратаваць сітуацыю, прынц Канстанцін I стварыў спецыяльны фонд. Асноўныя выдаткі ўзяў на сябе мецэнат Георгіас Авераз, які ахвяраваў мільён драхмаў на рэканструкцыю Мармуровага стадыёна.
У каманду тых, хто рыхтаваў Афіны да гістарычнай падзеі, увайшоў і Зыгмунт Мінейка. Ён курыраваў аднаўленне і будаўніцтва спартыўных арэн. Гэтая праца стала адной з самых значных у яго інжынернай кар’еры.

У выніку ўсё атрымалася, і першая Алімпіяда прайшла ў 1896 годзе ў Афінах: спаборніцтвы ўключалі дзевяць відаў спорту, удзельнічалі каля 280 мужчын з 14 краін. Жанчыны ўпершыню выступілі на Гульнях праз чатыры гады ў Парыжы.
У музеі Гальшанскай школы захоўваюцца здымкі з адкрыцця першых Гульняў, на якіх Мінейка зафіксаваны побач з П’ерам дэ Кубертэнам. Але яго роля не абмежавалася будоўляй. На Алімпіядзе праявіўся яшчэ адзін талент Зыгмунта — публіцыстычны. Ён пісаў жывыя рэпартажы, браў інтэрв’ю ў атлетаў і аналізаваў падзеі адразу для некалькіх выданняў: кракаўскага “Czas”, “Dziennik Polski”, а таксама «Львоўскай газеты». Фактычна Мінейка стаў адным з першых спартыўных журналістаў у свеце.
Археалагічныя раскопкі і спрэчка за храм Зеўса
Нягледзячы на высокую пасаду, галоўнай страсцю Мінейкі была археалогія. Спадзеючыся на інжынернае чуццё, ён пачаў пошукі храма Зеўса ў Дадоне, які навукоўцы беспаспяхова шукалі два стагоддзі. Інтуіцыя інжынера не падвяла: Мінейка дакладна вызначыў месца раскопак, здзейсніўшы адну з самых гучных археалагічных сенсацый таго часу. Але са славай першаадкрывальніка ўсё было не так проста.
Мінейка пачаў шукаць Дадону яшчэ ў 1875 годзе і атрымаў дазвол на раскопкі. Але праз недахоп сродкаў працы ішлі марудна. Ён прыцягнуў Канстанцінаса Карапанаса для фінансавання, але грэк неўзабаве адмовіўся. Мінейка працягнуў працу з мясцовымі жыхарамі, адкрыў важныя аб’екты, знайшоў надпісы і фігуркі.
Даведаўшыся пра поспехі, Карапанас выклапатаў у Канстанцінопалі султанскі фірман (указ) на раскопкі, ануляваўшы дазвол Мінейкі, і прыслаў свайго чалавека для працягу прац.
Год праз грэк афіцыйна прысвоіў сабе адкрыццё, згадаўшы Зыгмунта толькі як выканаўцу першых пошукаў і заявіўшы, што да яго ў Дадоне былі толькі «шукальнікі скарбаў».
Мінейка пачаў барацьбу за прызнанне: рассылаў лісты ў акадэміі Парыжа і Кракава, сцвярджаючы, што менавіта яго разлік прывёў да знаходкі. Спрэчка аб адкрыцці Дадоны застаецца адкрытай і сёння.

Сям’я, радзіма і мары, якім не наканавана было здзейсніцца
У 1880 годзе Зыгмунт Мінейка ажаніўся з Празерпінай Манарыс, дачкой дырэктара гімназіі ў Яніне. У пары нарадзілася сямёра дзяцей. Адна з дачок, Сафія, стала маці Андрэаса Папандрэу — будучага прэм’ер-міністра Грэцыі і актыўнага прыхільніка алімпійскага руху. Праўнук Зыгмунта Мінейкі Георгіас (Ёргас ці Джордж) Папандрэу таксама станавіўся прэм’ер-міністрам Грэцыі.
Нягледзячы на доўгія гады за мяжой, Мінейка падтрымліваў сувязь з радзімай. Удзельнічаў у жыцці розных эмігранцкіх арганізацый.
Да 1917 года Мінейка працаваў у Міністэрстве грамадскіх работ Грэцыі. У 1922 годзе ён наведаў Польшчу разам з іншымі ветэранамі паўстання 1863 года. Быў узнагароджаны маршалам Пілсудскім ордэнам Virtuti Militari. Праязджаў ён і ў родныя Балванішкі.

Але паездка пакінула так сабе ўражанні. Мінейка вёз на радзіму калекцыю грэчаскіх манет і працу па нумізматыцы, якія хацеў падарыць віленскаму ўніверсітэту. Але там ад дару пад рознымі падставамі адмаўляліся.
18 кастрычніка ў Мінейкі з гасцінічнага нумара ўкралі 133 манеты; з калекцыі для ўніверсітэта ацалела толькі шэсць штук. Расчараваны Мінейка пакінуў сваю навуковую працу ў знаёмага і з’ехаў у Львоў, дзе яго цёпла прынялі і арганізавалі яго лекцыі.
У 1925 годзе Мінейка падарыў калекцыю з 53 антычных манет Ягелонскаму ўніверсітэту ў Кракаве. Магчыма, гэта былі тыя самыя манеты, якія ўдалося вярнуць пасля крадзяжу ў Вільні.
Зыгмунт марыў вярнуцца на радзіму і нават планаваў сваё вяртанне. У мемуарах ён пісаў: «Я наведаў мноства месцаў па ўсім свеце і бачыў нямала гарадоў ашаламляльнай прыгажосці, але Вільня назаўсёды засталася для мяне цудоўнейшай з усіх, а Літва (мелася на ўвазе Літва як гістарычны рэгіён, то-бок уключаючы частку Беларусі — Hrodna.life) — самай чароўнай краінай у маім уяўленні».
Але марам не наканавана было здзейсніцца. Зыгмунт Мінейка памёр 27 снежня 1925 года ва ўзросце 85 гадоў у Афінах. Пахаваны на старых могілках недалёка ад Акропаля.

Памяць, мемуары і Ціханоўская
У 1971 годзе выйшлі яго ўспаміны пад назвай «З тайгі пад Акропаль» на польскай мове. Пазней іх апублікавалі і на беларускай.
Некалькі гадоў таму ў Ашмяны прыязджалі сваякі Мінейкі. Імем Мінейкі названы школа пры пасольстве Польшчы ў Афінах і вуліцы ў Гродне і Ашмянах.
У 2024 годзе Святлана Ціханоўская ў Афінах сустракалася з былым прэм’ер-міністрам Грэцыі Георгіясам Папандрэу, праўнукам Зыгмунта Мінейкі. Тады яна перадала яму архіўныя матэрыялы пра прадзеда, у тым ліку радавод, фатаграфіі і звесткі пра маёнтак Мінейкаў.

Ціханоўская таксама падарыла кнігу мемуараў Мінейкі на беларускай мове, запрасіла Папандрэу ў Вільню і выказала спадзяванне, што яны разам змогуць наведаць мясціны Мінейкі ў Беларусі, калі Беларусь стане вольнай.



