Гродзенская фотамастачка Наталля Дораш выпусціла альбом пра жыццё горада. Ён складаецца з дзвюх частак: архіва негатываў і сучасных выяў горада. Наталля кажа, што такія фотаальбомы патрэбны, каб зразумець хуткаплыннасць жыцця і сваё месца ў ім.
Што для вас «Гродзенскія фотагісторыі»?
Выдавецтва «ЮрСаПрынт» стала для мяне чараўніком, які выканаў маё запаветнае жаданне — выдаць альбом са здымкамі для шырокага кола гледачоў. За апошнія гады адбылося некалькі маіх персанальных фотавыстаў, але выстава гэта кароткачасовая падзея ў творчасці фатографа, а выданне ў выглядзе альбома — канчатковы вынік шматгадовай працы.За які перыяд сабраны здымкі для альбома?
У першую частку ўвайшлі здымкі са старых негатываў, некаторыя прыйшлося рэстаўраваць, прыбіраць драпіны і плямы. У другую частку сабрала сучасныя фатаграфіі горада і гараджан.
Некалькі гадоў таму разварушыла свой архіў плёнкавых негатываў, яны ляжалі ў кладоўцы, на антрэсолі, у кніжнай шафе ў скрынках з-пад абутку. Захоўваліся пачварна, у рулонах, былі не падпісаныя. Купіла сканар для фотаплёнак і стала пераводзіць іх у лічбавы варыянт. Знайшла здымкі нашага горада пачатку 70-х — канца 90-х гадоў.Нарынулі ўспаміны юнацтва: я зноў апынулася на цэнтральных вуліцах з будынкамі, якія даўно знесены або перабудаваныя, убачыла стары парк, зарослы хмызнякамі бэзу, зялёны сквер на Савецкай плошчы, мітусню гараджан, апранутых у балоневыя плашчы па модзе таго часу. Фатаграфавала ў часы СССР святочныя дэманстрацыі савецкіх працоўных, ветэранаў ВАВ, будаўнікоў мікрараёна Дзевятоўка. Але ў той час не магла нават уявіць, што фатаграфіі з відамі горада могуць аднойчы спатрэбіцца для гісторыі, здымала і не надавала ім ніякага значэння.
Як праходзіў адбор фатаграфій?
Не ўвайшлі ў першую частку альбома здымкі дрэннай якасці, паўторы кадраў, здымкі з маімі сяброўкамі і сваякамі. Такіх здымкаў аказалася большасць. У другую частку альбома аказалася немагчымым змясціць увесь зняты матэрыял за апошнія пяць гадоў. Адбірала сучасныя фатаграфіі, сугучныя старым здымкамі, і з відамі нашага горада, які за гэты кароткі тэрмін ужо паспеў змяніцца.
У наш час здымаю тыя ж сюжэты: гараджан, старыя будынкі, падворкі, папулярныя ў турыстаў віды горада. Але не між іншым, а ўжо з пазіцыі ўважлівага назіральніка. Здымаю тое, што зачапіла погляд, што на мяне зрабіла ўражанне, да чаго не засталася абыякавай. Кожны здымак — свая асобная гісторыя. Няма ў ім гісторыі, няма і фатаграфіі.
У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што фатаграфіі «такога Гродна» не возьмуць для публікацыі ў афіцыйным выданні з-за цэнзуры.
«Такі Гродна» — выключна аўтарскае бачанне гарадскога штодзённага жыцця. Фотаальбом адбыўся без цэнзуры ў галаве аўтара і цэнзуры яго выдаўца. Гэта тая самая свабода творчасці, пра якую можа марыць любы фатограф.
Мужчына, які гуляе на грабянцы ў пераходах, стаў гарадской славутасцю. Ён свішча папулярныя мелодыі і як артыст зарабляе на пражытак сваёй працай. Яго грамадскасць не адвяргае, людзі кідаюць у яго скрыначку грошы. Я са спачуваннем стаўлюся да вулічных музыкаў і гарадскіх бамжоў. Сярод апошніх больш светлых і прыстойных людзей, чым у асяроддзі багатых камерсантаў і на высокіх пасады начальнікаў.
Якія імгненні сённяшняга жыцця і архітэктуры важна захаваць?
Трэба захоўваць старыя пабудовы, такія, напрыклад, як ва ўнікальным раёне Новага Свету. Прадчуваю, што хутка яго не будзе, бульдозерамі змятуць з твару горада, каб пабудаваць безаблічныя банки, гасцініцы і прыватныя катэджы.
Як моцна змяніўся Гродна за апошнія 40 гадоў?
Пра новабудоўлі не буду казаць — натуральны працэс, калі горад расце. Калісьці здымала Румлёва, на месцы цудоўнай дубровы цяпер стаяць безаблічныя скрынкі жылых дамоў. Здымала паваленыя будаўнікамі волаты-дубы, вывернутыя з карэннем, яны прыгняталі сваёй пакорай перад вар’яцкай сілай чалавека. Плёнкі з кадрамі гэтага варварства я не знайшла, яны згубілася.
Калі казаць пра цэнтр горада, то змены нязначныя, хіба толькі дрэвы зніклі з вуліц, сквераў і плошчаў. Парк Жылібера стаў няўтульным, будынак гарвыканкама на плошчы з помнікам Леніну адабралі ў горада Швейцарскую даліну. Уявіце, які б маляўнічы куток прыроды быў бы тут сёння, калі б гэты ландшафт не знішчылі.
Які ён — сучасны гараджанін?
Для мяне ён не змяніўся, хіба толькі мода змянілася і моладзь у грамадскіх месцах, асабліва ў транспарце, імкнецца аддзяліцца ад навакольных з дапамогай гаджэтаў.
Чаму вы так любіце працаваць у чорна-белым колеры?
У асноўным здымаю ў колеры. Чаму альбом выйшаў з чорна-белымі здымкамі? Па-першае, старыя негатывы на чорна-белай фотастужцы, па-другое, хацелася, каб альбом быў вытрыманы ў адной танальнасці. Акрамя таго, аддрукаваць каляровыя здымкі для выдаўца тэхнічна складаней і даражэй.
Якую вашу фатаграфію вы называеце ўдалай?
Такую, падчас здымкі якой я атрымала пазітыўныя эмоцыі, сюжэт якой мяне заінтрыгаваў або зарадзіў на будучы «шэдэўр». Напрыклад, здымак на вокладцы «Гродзенскіх фотагісторый» — менавіта той самы выпадак з інтрыгай, на якую я дзяўбнула. Некалькі разоў у цэнтры горада мне сустракаўся дзіўны чалавек вельмі высокага росту, у доўгім шэрым паліто і капелюшы.
Але яго твару я не магла ўбачыць, таму што дзіўны чалавек у капелюшы цудоўным чынам праходзіў міма мяне, я паспявала сфатаграфаваць толькі яго спіну. Ён так імкліва пайшоў па вуліцы, што дагнаць яго, каб зазірнуць у яго твар, не ўяўлялася магчымым. Для мяне ён назаўжды застанецца інкогніта з чужой планеты.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…