Зоську Верас сёння ў Гродне мала хто памятае. Нават невялічкай вулкі, названай у яе гонар, няма. А між тым гэтая шляхцянка з каранямі з пад польскай цяпер Саколкі заслугоўвае ў нашым горадзе цэлага праспекту. Бо менавіта з яе ды яе паплечнікаў больш за сто гадоў таму пачыналася менавіта беларускае Гродна.
Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас — творчы псеўданім паэткі) нарадзілася ў сям'і царскага афіцэра Антона Сiвiцкага ў 1892 годзе. Яе бацькі паходзілі з Гродзеншчыны. У дзяцінстве будучая пісьменніца вельмі часта прыязджала ў наш горад да сваіх дзядоў Сівіцкіх — Міхала і Міхаліны, якія жылі адразу за Фарным касцёлам, там, дзе цяпер знаходзіцца рэзідэнцыя каталіцкага біскупа. Першыя ўспаміны пра Гродна былі звязаны менавіта з домам дзядоў і пляцам, дзе знаходзіліся ратуша і шматлікія крамы.
Увесь горад Зоська Верас пабачыла ў шасцігадовым узросце, калі на тры тыдні прыехала сюды са сваім бацькам. Перадусім ён павёў дачку да Каложы ды да Замкавай гары. Сцяжынкай каля замку сышлі на бераг Нёмана. Пад старымі вербамі, што схіліліся над вадой, рыбакі трымалі свае лодкі. Заўсёды можна было папрасіць кагосьці з іх павазіць па Нёмане. Вось і Антон Сівіцкі вазіў сваю дачку да Крэйдавых гор, або ў адваротны бок, аж за чыгуначны мост. У наступныя гады Людвіка не раз плавала па Нёмане, але ўжо са сваім дзедам. Бацька Зоські Верас памёр у 1908 г., праз год яна са сваёй маці пераехала ў Гродна.Тут Людвіка навучалася ў прыватнай гімназіі Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў былым палацы Сапегаў, так званай Батораўцы, што насупраць Фарнага касцёла. Амаль адразу яна пачала прымаць актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці Гродна.
Калі ў маленькім памяшканні ў бернардынскіх мурах адбыўся арганізацыйны сход гуртка беларускай моладзі, Людвіка навучалася ў 6-м класе гімназіі. Яна атрымала пасаду бібліятэкара. Праца ў гуртку развівалася плённа, пісала ў сваіх успамінах Зоська Верас: сходы, лекцыі, арганізацыя хору.
Натхніцелем працы гурта стаў малады каталіцкі святар Францішак Грынкевіч, а месцам для правядзення сходаў і некаторых мерапрыемстваў - кватэра Людвікі Сівіцкай і яе маці на вуліцы Гараднічанскай. Той дом не захаваўся, цяпер на яго месцы стаянка для транспарта аблвыканкама.
«Наш дом стаў кватэрай гуртка, — узгадвала пазней Людвіка Сівіцкая. — Сюды перанеслі бібліятэку. Тут адбываліся рэпетыцыі хору, спектакляў, лекцыі і вечарынкі для малодшай секцыі. Заўсёды былі ў нас сябры з гуртка».
Часта моладзь выходзіла і на гарадскія вуліцы. Зоська верас успамінала: «Быў у нас у гуртку Казюк з-пад Ваўкавыска. Сярэдняга росту, твар круглы. Апранулі мы яго ў беларускі жаночы касцюм, завязалі на галаву шаляноўку, дзве дзяўчыны ўзялі яго пад рукі і павялі ў самую гушчу шпацыруючых па Саборнай вуліцы. Гаварылі паміж сабой, як заўсёды, па-беларуску, але на гэты раз спэцыяльна гучна, каб звярнуць на сябе ўвагу. Зразумела, пачалі на нас аглядацца, ісці за намі».
Нават сёння ўявіць такі перформанс вельмі складана, а тое, што гэта адбывалася больш за 100 гадоў таму ў нашым горадзе — проста неверагодна. Гэта была моладзь з розных гродзенскіх гімназій, якіх аб’ядноўвала творчая і асветніцкая праца ў Гродзенскім гуртку беларускай моладзі.
Дарэчы, Людвіка Сівіцкая была не адзінай дзяўчынай-актывісткай гуртка. Разам з ёй актыўна працавала Марыся Бобрык, вучаніца гродзенскай фельчарска-акушэрскай школы. Яна был чалавекам са спакойным разважлівым характарам і мела рост каля 190 см, таму на фотаздымках сяброў гуртка яна заўсёды сядзіць.
Зоська Верас уваходзіла ў рэдкалегію часопіса аднаднёўкі «Колас беларускай нівы», для якога напісала прадмову, паведамленне «З Гродзеншчыны», апавяданне «Спатканне вясны», вершы «Над Нёманам», «Малітва».
«Якая ж радасць, — успамінала Людвіка, — можна сказаць шчасце, запанавала ў сэрцах ініцыятараў і рэдактараў, калі ўгледзелі сваю працу. Здзейснены праект, вылітыя на паперу думкі дадалі веры ў свае сілы. Крыху аднаднёўкі прадалі, параздавалі сябрам гуртка, і ў мяне астаўся адзін экзэмпляр, і то бракоўны…»
У 1913 г. Зоська Верас выехала на вучобу ў Варшаву. Так скончыўся летуценны, натхнёны, трошкі лірычны гродзенскі перыяд жыцця пісьменніцы.
А далей было доўгае, напоўненае беларускай патрыятычнай працай жыццё, большую частку якога паэтка пражыла ў Вільні. Ёй сімпатызаваў сам Максім Багдановіч, жаліўся ёй, што са свайго гродзенскага дзяцінства памятаў толькі пахаванне матулі. Яе першы муж — сацыяліст-рэвалюцыянер Фабіян Шантыр — народны камісар самага першага ўрада Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, быў растраляны бальшавікамі, сама паэтка ў 1920-я неаднойчы трапляла ў польскую турму. Зоська Верас актыўна працавала ў беларускіх часопісах і газетах, выдавала дзіцячыя кнігі ды дапаможнікі па зялярстве ды пчалярстве, аздабляючы іх уласнымі замалёўкамі.
Пачынаючы з 1970-х гг. яе невялічкі драўляны дамок у падвіленскім лесе стаў месцам пілігрымак патрыятычна настроенай моладзі з БССР. Тут яны маглі пагаварыць з чалавекам, які бачыў расстраляных у сталінскіх турмах Браніслава Тарашкевіча, Ігната Дварчаніна і іншых беларускіх працаўнікоў, пагартаць старыя кнігі і выпіць зёлкавай гарбаты, зробленай самой паэткай.
Зоська Верас ніколі болей не прыехала ў Гродна, але яе вельмі цягнула сюды. Тут прайшлі найлепшыя гады яе жыцця, тут яна стала на дарогу, па якой мэтанакіравана ішла ўсё сваё доўгае жыццё. Паэтка дажыла да абвяшчэння Беларуссю незалежнасці ў 1991 г. і памерла літаральна праз месяц пасля яго, дажыўшы амаль да сотні гадоў. Яна быццам сказала ўсім нам: «Я зрабіла для Беларусі ўсё, што магла, цяпер ваш чарод».
Пра наш горад паэтка ніколі не забывала, пішучы: «Мае думкі часта лятуць у Гродна — да ценяў дзядоў маіх, да ўспамінаў аб шчырай заўзятай працы ў Гродзенскім гуртку беларускай моладзі, дзе я стала на беларускую дарогу».
Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…
У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…
Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…
Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…
Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…
Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…