Уладзіміру Тупоўскаму 97 гадоў. Ветэран ВАВ, былы намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама пра падзеі 1950−60-х заўсёды казаў вельмі неахвотна, бо менавіта яго подпіс стаіць пад рашэннем аб зносе Фары Вітаўта. Ён кажа, што ў той час рабіў усё паводле закону — выконваў працу даручаную ЦК КПБ. Да 58-й гадавіны зносу храма мы пагаварылі з Уладзімірам Тупоўскім.

«Глупства маладосці»

Нарадзіўся Уладзімір Іванавіч у Магілёве ў 1922 годзе. Ваяваў з лютага 1942 года па снежань 1944 гады ў складзе 117 стралковай дывізіі Паўночна-Заходняга 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў. Скончыў вайну ў званні капітана.

«У 1941 годзе я быў абітурыентам у 5-й саранскай авіяшколе. Але мяне там забракавалі па здароўі і далі працу ў штабе пры школе. Я не хацеў на гэтым спыняцца. Тры разы хадзіў з рапартам да начальніка штаба, каб ён мяне пусціў на фронт. Усё ж такі адпусцілі. І гэта была мая дурнота маладосці, бо мог сядзець у тыле і спакойна працаваць. Але не, рваўся на вайну, быў вялікім патрыётам. Апынуўся на фронце, у выведроце. У адным з баёў быў паранены, гэта дагэтуль мяне мучыць. І тады я зразумеў, што даражэй за ўсё для мяне мая сям’я».

У пасляваенныя гады Уладзімір Іванавіч апынуўся ў Гродне. Быў знаёмы асабіста з Сяргеем Прытыцкім, які тады быў першым сакратаром абкама партыі. Ён зацвярджаў Тупоўскага на пасаду інструктара гаркама. З 1958 года Уладзімір Іванавіч стаў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама.

«Могілкі выратаваць не спрабавалі»

У гады работы Уладзіміра Тупоўскага ў Гродне былі знесены велізарныя яўрэйскія могілкі і адзін з найстарэйшых каталіцкіх храмаў Беларусі, які ў пасляваенныя гады выкарыстоўваўся пад склад.

«Яўрэйскія могілкі пры мне прыбіралі і я вёў перапіску з яўрэямі. Могілкі выратаваць ніхто не спрабаваў, таму што на той момант ужо прайшло 50 гадоў з апошняга пахавання. Усё было ўзаконена і ніякіх пытанняў не было, ні з амерыканцамі, ні з Ізраілем. І ніякіх перапахавання ніхто не праводзіў. Помнікі вывозілі хто куды. Вы ведаеце, як народ тады жыў. Савецкая ўлада сказала прыбраць — і трэба было выконваць. Усё было ў нас нармальна зроблена і як належыць, паводле закону».

У канцы 1950-х гадоў на месцы старых яўрэйскіх могілак сталі будаваць футбольны стадыён «Чырвоны сцяг». Сёння гэта ЦСК «Нёман». Пра могілкі нагадвае толькі памятная шыльда, прысвечаная памяці гродзенскіх яўрэяў. Але там ні слова пра знішчаныя могілкі.

яўрэйскія могілкі еврейское кладбище
Яўрэйскія могілкі незадоўга да зносу, 1950-я гг.

Памятник на могиле Найдуса стоял до последнего: в Гродно нашли неизвестные снимки уничтоженного еврейского кладбища


Апошнія пахаванні, па ўспамінах гродзенскіх старажылаў, праходзілі на яўрэйскіх могілках у першыя пасляваенныя гады, а зусім не за 50 гадоў да зносу. Змагацца за захаванне могілках у Гродне ў канцы 1950-х проста не было каму, практычна ўсё яўрэйскае насельніцтва горада было знішчана немцамі ў лагерах смерці. У канцы 1950-х у Гродне функцыянавалі яшчэ Занёманскія яўрэйскія могілкі, якія існуюць дагэтуль.

«Узрывалі не касцёл»

У 1961 годзе Тупоўскі быў прызначаны старшынёй камісіі па зносе Фары Вітаўта. За гэта яму дасталося яшчэ ў савецкія гады. Паводле некаторых дадзеных яго нават хацелі судзіць за няправільнае афармленне і выдачу сродкаў на падрыхтоўку зносу.

«Сёння гэтая тэма нікому нецікавая. Навошта гэта калупаць і бударажыць? Падрывалі мы не касцёл, а той хто гэта кажа — вырадак. Палякі перабудавалі наш праваслаўны сабор у вайсковы касцёл — у жылы дом, можна сказаць. Трэба гісторыю ведаць глыбока. Усё гэта глупства, нават не варта псаваць паперу на гэта. А вуліца Савецкая ж раней была Саборная, бо вяла да праваслаўнага храму. Так што зносілі мы ў 1961 годзе страшыдла, а храм быў раней, і ён быў прыгажуном».

Фара Витовта Фара Вітаўта
Выявы Фары Вітаўта ў розныя гады: яна была і парафіяльным каталіцкім касцёлам, і праваслаўным Сафійскім саборам, і Гарнізонным касцёлам. Фотакалаж са старых фотаздымкаў. Аўтар А.Невар

«Бог прости — горком партии заставил». Прораб на пенсии рассказывает как в Гродно строили облисполком и дом из еврейских мацев


Паводле ўспамінаў старажылаў, падрываць храм прыехала дзяўчынка-вундэркінд з Ленінграда, падрыўнік вышэйшага класу. Нібыта яна прыехала ў Гродна з прарабам «Ленвзывпрома» Пінам. Усю падрыхтоўчую работу гарадскія ўлады даручылі мясцоваму батальёну, але падрываць самастойна яны не вырашаліся.

«Сумленне не мучыла, будынак каштоўнасці не меў…»

«Так, аб’ект падрывала маладая дзяўчына. Гэта была сур’ёзнае справа і да зносу была прыцягнута цэлая воінская частка, а таксама спецыялісты з Ленінграда. Ніхто нас не асуджаў за знос, усё было нармальна. Сумленне выканаўцаў не мучыла, гродзенцы ведалі, што там быў калісьці праваслаўны сабор. Гэта потым нехта стаў казаць, што Тупоўскі нешта вырашаў.
А я нічога не вырашаў.

Па-першае, пытанні аб зносе духоўных аб’ектаў вырашаў ЦК Беларусі, ніхто ў Гродне гэтае пытанне не вырашаў. Гэта занадта далікатнае было пытанне. У іх там было спецыяльнае пасяджэнне з гэтай нагоды. А я ўжо быў як выканаўца ў Гродне. Справа гарвыканкама — прыбраць гэты аб’ект, што і было ў выніку зроблена. Ды і ў пасляваенныя гады будынак не меў ніякай каштоўнасці для горада: ні духоўнай, ні архітэктурнай. Вось таму ЦК і вырашыў знесці яго".

Фара Витовта Фара Вітаўта
Былы гарнізонны касцёл незадоўга да зносу, 1960 г. г.

Чытайце таксама: Пятьдесят лет без Фары Витовта


Лёс храма вырашылі 8 сакавіка на пасяджэнні выканкама Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных. У кнізе гродзенскага краязнаўцы Віктара Саяпіна «Утраченные католические храмы Гродно» цалкам цытуецца дакумент, які вырашыў лёс касцёла:

«Рассмотрев предложение по сносу аварийного здания бывшего военного костела на Советской площади и признав целесообразность сноса указанного здания по генеральной застройке города, Исполком Гродненского городского Совета депутатов трудящихся Р Е Ш, А Е Т:
1. Снести аварийное здание бывшего военного костела на Советской площади и просить Исполком Гродненского Областного Совета депутатов трудящихся утвердить настоящее решение.
2. Согласиться с предложением по методу сноса, путем применения взрывчатых веществ.
3. Для рассмотрения и утверждения в рабочем порядке технических вопросов проведения взрывных работ, наблюдения за обеспечением техники безопасности производства взрывных работ, проведения обследования подвальных помещений и скрытых казематов, с целью выявления документов периода времени гитлеровской оккупации, могущие представлять государственную ценность, образовать государственную комиссию в составе:
Заместителя Председателя Горисполкома т. Туповского В.И. — председатель комиссии
Начальника Горотдела милиции т. Назаркина П.Г. — член комиссии
Зав. промышленно-транспортным отделом
Горкома КПБ т. Пясецкого В.И. — член комиссии
Зав. Облотделом по делам строительства и архитектуры т. Макарова М.Ф. — член комиссии
Начальника отдела капитального строительства Горисполкома т. Ледуховского В.А. — член комиссии
Директора областного музея т. Соболь — член комиссии.
4. Зав. городским отделом коммунального хозяйства тов. Носкову В.Я. и главному архитектору тов. Маркарьяну Л.Б. в рабочем порядке внести предложение о переселении из здания костела склада тонкосуконного комбината и ДОСААФ и отводу для этих организаций участков и помещений.
5. Признать целесообразным использовать завал, образовавшийся после подрыва каменного корпуса здания, для производства дорожных строительных работ (временное покрытие проезжей части улиц, второй категории тротуаров, дорожек).
6. Облпроекту (т. Малиновский М.Н.) составить проект организации работ и сметно-финансовый расчет на снос и разборку завала за счет плана проектирования объектов ОКСа Горисполкома».

Фару Вітаўта ўзарвалі ў ноч з 29 на 30 лістапада 1961 года. Са слоў Уладзіміра Іванавіча рэшткі храма вывозілі праз вуліцу Гарнавых у раён забудовы дамоў на Суворава. Там калісьці было балота, а ў 1960-х пачалі будаваць дамы. Пасля расчысткі завалаў у цэнтры Гродна на месцы храма з’явіўся сквер.

Фара Витовта Фара Вітаўта
Разваліны храма пасля выбуху, 29 лістапада 1961 г.

Чытайце таксама: «В земле до сих пор есть саркофаги великих князей». Кто и зачем хочет переписать историю Фары Витовта?


«Пісаць трэба пра іншае»

Праз 58 гадоў у Гродне не сціхаюць размовы аб аднаўленні Фары Вітаўта, але гарадскія ўлады на гэты конт ніяк не выказваюцца.

«Асабіста я б не хацеў бачыць на гэтым месцы храм, сёння гэта нікому не трэба. Таму што там ужо дастаткова касцёлаў. А што было ў тыя далёкія гады нашаму народу сёння проста нецікава. Сёння горад мае патрэбу ў добрым кіраўніцтве, у добрых вуліцах, у жыллі і прадуктах. Вось пра што трэба пісаць».

Фара Витовта Фара Вітаўта
Памятны знак на месцы ўзарванага храма
Чытайце таксама: Найденные части Фары Витовта разделили православные и католики


Каталіцкая і праваслаўная святыня

Знесены храм у цэнтры Гродна мае багатую гісторыю і на працягу стагоддзяў ён зваўся па-рознаму: Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, Сафійскі сабор, Гарнізонны касцёл, Фара Вітаўта. Першапачаткова храм быў драўляным. Ён быў пабудаваны каля 1389 года па распараджэнні Вялікага князя літоўскага Вітаўта і стаў галоўным храмам у Гродне. Пры кіраванні Стэфана Баторыя на месцы драўлянага касцёла быў узведзены каменны храм.

У наступныя два стагоддзі касцёл неаднаразова гарэў. У 1804 годзе касцёл быў перададзены праваслаўным вернікам, яго адрэстаўравалі, а пазней перабудавалі ў Сафійскі сабор.

Пасля Першай сусветнай вайны храм вярнулі каталікам. Яго зноў перабудавалі, надаўшы неагатычныя і неараманскія рысы. Ён быў асвечаны як Гарнізонны касцёл. У такім выглядзе храм прастаяў да свайго знішчэння ў 1961 годзе.

Фара Витовта Фара Вітаўта
Фара Вітаўта ў 1930-я
Пасля Другой сусветнай у касцёле больш службы не праводзіліся. Храм выкарыстоўвалі пад склад. Былі ў гарадскіх уладаў планы выкарыстоўваць будынак пад шырокафарматны кінатэатр ці спортзалу, але ў выніку храм узарвалі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]