Валанцёры гэта тыя, хто па закліку сэрца дапамагаюць людзям у самых розных галінах жыцця. Па прапанове ААН у іх гонар штогод 5 снежня адзначаецца Міжнародны дзень валанцёра. Напярэдадні свята мы распыталі гродзенскіх актывістак аб іх матывацыі да валанцёрскай працы.
«Нават, калі гэта гучыць трохі па-саўдэпаўску, але — «Хто, калі не я?» — разважае Кацярына пра сваё валанцёрства. «Калі бяруся за справу, то ўсіх сяброў-таварышаў і проста людзей на роварах, каторых спыняю на дарозе — усіх прыстройваю да патрэбнай справы!»
Паводле Кацярыны, усе акцыі ВелаГродна крутыя і вартыя таго, каб узяць у іх удзел: «Быць часткай гэтага — большага кайфу няма!» Займацца валанцёрствам няпроста і патрабуе часу. «Але! У выніку гэта дае такую эйфарыю! Калі да цябе падыходзяць людзі з натоўпу і кажуць, што хочуць далучыцца, стаць сябрамі арганізацыі… Ой, тут можна ў скокі кінуцца ад шчасця! Ці калі праглядаю фотасправаздачы — і словы не патрэбны, сама бачу, як з душой і творча ўсё зроблена».
Нават калі здаецца, што твой ўнёсак у агульную справу невялікі, ён ўсё роўна важны і для некага можа быць вырашальным, лічыць Кацярына. «Мы ўсе букашкі, але часам букашка можа змяніць усё за імгненне».
Кацярына валанцёрыць ужо чатыры гады, разам з тым больш за год таму стала яшчэ ўдзельніцай атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі. «Больш з ўсё люблю валанцёрыць у Дзённым цэнтры Чырвонага Крыжа для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі - арганізоўваць і праводзіць дабрачынныя мерапрыемствы».
Паводле Кацярыны, валанцёрства гэта магчымасць увесь час вучыцца і рэалізоўваць сябе. Ну, а з тым, што нічога не мае ўзамен, яна зусім не згаджаецца: «Я атрымліваю многае — новыя знаёмствы, эмоцыі, уражанні і шчырую ўдзячнасць людзей, каторым мы дапамагаем».
У валанцёрства Валерыю прывёў тата, Яўген Філімонаў. Разам яны бралі ўдзел ва ўборцы Фартоў і Румлёўскага парка падчас экалагічнай акцыі «Зробім», падтрымлівалі інфармацыйную кампанію па абароне першацветаў. «Калі пачала займацца валанцёрствам, зразумела, што гэта — маё. Валанцёрыць вельмі цікава, бо адчуваю, што раблю свет лепшым і аднаасова дапамагаю сваім сябрам, сваёй сям'і і сабе».
Праблемы навакольнага асяроддзя, паводле Валерыі, вартыя ўвагі і асабістага ўдзелу кожнага. «Пры разбуранай экалогіі развіццё астатняга хутка можа страціць сэнс». Валанцёрства настолькі шчыльна ўвайшло ў яе жыццё, што нават пры выбары навучалнай установы для працягу навучання Валерыя звяртае ўвагу на тое, ці развіты там валанцёрскі рух.
На думку Вольгі, валанцёрства — гэта найперш цікавы досвед, што можа цалкам змяніць светапогляд чалавека. «Прыехала ў Гродна на валанцёрскі праект EVS, закахалася ў гэты горад, пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі і нарэшце зразумела, што хачу рабіць у жыцці». Валанцёрства, са словаў Вольгі, гэта магчымасць паспрабаваць рабіць розныя рэчы, каб праз практычны досвед зрабіць асэнсаваны выбар для ўласнай дзейнасці.
Што да Вольгі, то найбольшую яе зацікаўленасць выклікаюць людзі, камунікацыя з імі, выбудова стасункаў і паразуменняў. Каб даць магчымасць пазнаёміцца і сябраваць тым, хто гаворыць на розных мовах, Вольга стварыла Тandem evenings in Hrodna. Тут ахвотныя могуць вывучаць замежныя мовы праз камунікацыю.
«Шчыра — не лічу сябе валанцёрам. Па мне, гэта гучыць неяк занадта афіцыйна. Калі раблю, што самой хочацца, і што мне асабіста цікава, то нічога дзіўнага ў адсутнасці аплаты няма».
Узнагародай з’яўляецца ўжо сама магчымасць рабіць тое, што падабаецца: «Гэта натуральная частка жыцця. Рабіць свой выбар і рэалізоўваць яго — гэта кайф».
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…