Людзі і справы

З’язджаць вучыцца непажадана, вяртацца з дыпломам таксама. Як у Беларусі змагаюцца з замежнай адукацыяй

Пытанні адукацыі і міграцыі цесна звязаныя. З аднаго боку, дзяржава, няхай і досыць дзіўнымі метадамі, спрабуе ўтрымаць «уцечку мазгоў» з краіны. З іншага, перашкаджае вяртанню «мазгоў», якія атрымалі адукацыю за мяжой.

Як школы перашкаджаюць абітурыентам паступаць у Польшчу

Беларускія школьнікі, якія паступаюць у польскія ВНУ, сутыкаюцца з цяжкасцямі задоўга да пачатку вучобы.

Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў у Польшчы (NAWA — польск.) прымае дакументы ад абітурыентаў на стыпендыяльную праграму з 11 лютага па 30 сакавіка. Дакументы можна падаць і пазней, самастойна ў выбраны ўніверсітэт,
але так будучы студэнт не атрымае стыпендыю польскага ўрада.

[the_ad id="112 956"]

Дакументы ў NAWA прымаюцца ў электронным выглядзе. Адзін з абавязковых дакументаў - табель паспяховасці за 11 клас. З яго атрыманнем узнікаюць праблемы.

Рэкамендавалі не выдаваць

«Цяжкасці з атрыманнем табеляў паспяховасці ў Гродне ўзнікаюць ужо не першы год, — распавядае Тэрэса Крышынь, намесніца старшыні грамадскага аб’яднання „Польска Мацеж Школьна“, якое займаецца польскамоўныя адукацыяй у Беларусі. — У некаторых школах спачатку масава адмаўлялі ў выдачы, цяпер сітуацыя крыху палепшылася. Але ўсё яшчэ застаюцца школы, у якіх не хочуць выдаць табель».

Адна са школ Гродна. Фота ілюстрацыйнае
Адміністрацыі школ спасылаюцца на тое, што вышэйстаячыя органы рэкамендавалі ім не выдаваць гэты дакумент. Пры гэтым ніякага закону, які забараняе выдачу табеляў паспяховасці, няма. Рэкамендацыі дадзеныя на словах, але ў школах да іх прыслухоўваюцца.

Польска Мацеж Школьна, як грамадская арганізацыя, афіцыйнага адказу з тлумачэннем гэтых практык не атрымае, упэўненая Тэрэса Крышынь.

Спосаб зменшыць адток

«Звычайна гэта робіцца так: збіраюцца саветы дырэктараў, дзе даюць такія ўказанні. Матывуецца гэта тым, што з нейкіх школ занадта шмат вучняў з’язджае атрымліваць адукацыю за мяжу. Адзін са спосабаў паменшыць адток моладзі - не даць магчымасці сабраць неабходны камплект дакументаў», — тлумачыць Крышынь.

Не выдаць табель паспяховасці - адзінае, чым школа можа паўплываць на працэс паступлення. Усе астатнія дакументы, якія неабходна прадставіць, ад школы не залежаць.

Фота: Kimberly Farmer, unsplash.com
Але, акрамя паступлення ў Польшчу, табелі паспяховасці неабходныя і пры змене школы. Таму ў Польскай Мацежы Школьнай рэкамендавалі бацькам рабіць запыты пісьмова.

«Наколькі нам вядома, за выключэннем ліцэя ў Гродне гэтае пытанне стала вырашаемым», — кажа Тэрэса Крышынь.

Афіцыйна: каментар аддзела адукацыі

Начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Семанчык:

«Даведкі ва ўстановах адукацыі выдаюцца згодна пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 67 ад 21.06.2012 года «Аб устаноўленых тыпавых формах даведак». Любая ўстанова адукацыi выдае такія даведкі аб тым, што грамадзянін з’яўляецца навучэнцам. І гэтая даведка ў прынцыпе можа знаходзіцца ў кожнага дзіцяці. Яна таксама выкарыстоўваецца для праезду ў грамадскім транспарце, магчыма і для іншых мэтаў, менавіта па запыце бацькоў.

Разам з тым такая тыпавая даведка прадугледжвае магчымасць уносіць іншыя неабходныя звесткі. Ніхто не забараняе ўносіць у яе інфармацыю аб навучанні вучняў у адпаведнасці з запытам. У гэтай даведцы кіраўнік установы можа змясціць адзнакі за чвэрці навучэнцаў, зноў жа па запыце законных прадстаўнікоў".

Попыт на Захад расце, але ўсё яшчэ лідзіруе Расія

Па словах Тэрэсы Крышынь, колькасць жадаючых паступаць за мяжу нельга назваць крытычнай. Звычайна гэта 2−3 чалавекі на клас. Хоць тэндэнцыя да павелічэння попыту на адукацыю па-за Беларуссю ёсць. Што тычыцца навучання ў Польшчы, то традыцыйна больш за ўсё жадаючых прыпадае на Гродна і вобласць.

[the_ad id="82 761"]

Павелічэнне попыту на замежную адукацыю адзначае і ЮНЕСКА. З 2016 года на 15% павялічылася колькасць тых, хто з’ехаў вучыцца ў заходнім кірунку. Часцей за ўсё з’язджаюць у Польшчу, другое і трэцяе месца дзеляць паміж сабой Вялікабрытанія і ЗША. Пры гэтым 70% моладзі, якая з’язджае вучыцца за мяжу, накіроўваюцца ў Расію.

Фота: Susan Yin
Колькасць студэнтаў, якія едуць вучыцца за мяжу, расце, а жадаючых вярнуцца ў Беларусь — наадварот. У параўнанні з 2016 годам тых, хто хацеў бы вярнуцца, стала менш на 10−12%. Раней гэта было 57%, цяпер — крыху больш за 40%. Выпускнікі звязваюць гэта з бесперспектыўнасцю і немагчымасцю знайсці працу на радзіме. Гэта дадзеныя пілотнага сацыялагічнага даследавання па праблеме працаўладкавання беларускіх выпускнікоў замежных універсітэтаў, якое правяло агенцтва «Тваё заўтра».

Замежная адукацыя ў Беларусі не ў пашане

«Працадаўца мае права браць ці не браць на працу чалавека ў залежнасці ад таго, ці лічыць ён яго дастаткова кампетэнтным. Заканадаўча ніхто не абмяжоўвае працаўладкаванне нашых грамадзян з замежнымі дыпломамі, але і не заахвочвае», — распавядае прафесар Уладзімір Дунаеў, член грамадскага Балонскага камітэта, адзін са стваральнікаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

У некаторых краінах ёсць праграмы, якія заахвочваюць атрыманне адукацыі за мяжой. Напрыклад, ствараючы лепшыя ўмовы для працаўладкавання. У Беларусі гэтага няма. «У нас не з’яўляецца каштоўнасцю, калі ў органах улады працуюць людзі, якія маюць нейкія заходнія дыпломы. У Кітаі гэта лічыцца перавагай, у нас нк», — параўноўвае Дунаеў.

Дыплом беларускага ўніверсітэта. Фота: Adukar.by
Калі ў прыватных структурах пытанне браць ці не браць на працу чалавека з замежным дыпломам знаходзіцца ў выключна прафесійнай плоскасці, то з дзяржаўнымі структурамі ўсё складаней.

«Афіцыйна ніякіх забаронаў і абмежаванняў няма. У першую чаргу ўсё залежыць ад працадаўцы, але ёсць негалосныя інструкцыі, якія гэта могуць абмяжоўваць. Вам ніхто не скажа, што вас не прымаюць на працу з-за дыплома. Але пэўная дыскрымінацыя можа быць», — кажа Дунаеў. Паводле яго слоў, калісьці існавалі і абмежаванні на прыём на пэўныя пасады выпускнікоў прыватных ВНУ. Але гэта хутчэй не ўніверсальныя інструкцыі, а лакальныя, лічыць эксперт.

Магчыма, з гэтым звязана тое, што з тых, хто вярнуўся ў Беларусь, толькі 17% працуюць па спецыяльнасці.

З беларускім дыпломам у Еўропу: чаго не хапае?

З аднаго боку ў беларусаў, якія атрымалі дыплом у Еўропе, могуць узнікнуць цяжкасці пры працаўладкаванні на радзіме, а з другога ў беларусаў, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі, узнікаюць праблемы за мяжой.

«Аўтаматычнага прызнання вашай кампетэнтнасці на падставе дыплома няма нават у рамках ЕС. Цяпер гэта з’яўляецца адной з задач, якую ніяк не могуць вырашыць. Пасля Парыжскага саміту гэтае пытанне павінна вырашыцца да 2020. Але ўсе пытанні з дыпломамі розных краін ЕС вырашаюцца значна прасцей», — тлумачыць Дунаеў.

[the_ad id="82 763"]

У Еўропе пры працаўладкаванні з беларускім дыпломам пытанняў значна больш, чым у Беларусі з еўрапейскім. Хоць з самім прызнаннем дыплома праблем даўно няма.

«Што тычыцца прызнання, то Беларусь даўно падпісала і ратыфікавала Лісабонскую канвенцыю [аб прызнанні кваліфікацый, якія адносяцца да вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскім рэгіёне — рэд.] - яшчэ ў 2002 годзе. Цяпер у нас ёсць праблемы з дадаткам да дыплома, а гэта вельмі важны дакумент. Гэтая „паперка“, якая выдаецца разам з дыпломам аб вышэйшай адукацыі, для Еўропы нічога не значыць», — кажа Дунаеў.

Дадатак да дыплома. Фота: adukar.by
Для надання дыплому сэнсу неабходны еўрапейскі дадатак на адной з распаўсюджаных моў, напрыклад на англійскай. Гэта дакумент, які павінен аўтаматычна выдавацца паводле Балонскага працэсу. Беларусь абяцала пачаць працы над гэтым яшчэ ў 2011 годзе. Ужо 2019, а дадатку да дыплома ўсё не відаць.

Пытанні існуюць нават паміж Беларуссю і Расіяй

«У адносінах да беларускіх дыпломаў расійцы паводзяць сябе менш строга, чым беларусы да расійскіх. Напрыклад, абарона дысертацыі ў Расіі беларусам магчымая толькі з дазволу ВАКа. Гэта значыць, калі вы абараніліся ў Расіі, вам трэба будзе праходзіць працэдуру прызнання, аўтаматычна ўсё не пройдзе», — дае прыклад Дунаеў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024