Перш, чым чытаць далей, адзеньце шапку. І як толькі заблішчаць з наступнага фота чырвоныя вочы Дзядка — адразу тым капелюшом у яго кідайце. Як шапку не адзелі - прыдзецца сарваць з галавы пук валасоў, каб у Дзядка кінуць. Яно таго варта будзе — за гэта чароўны стары падкажа, дзе скарб ляжыць.
Ад 15 верасня сустрэць Дзядка ў Гродне проста — у Музеі гісторыі рэлігіі адкрылася выстава «Старыя героі - новы свет. Героі беларускіх казак, міфаў і легенд». У экспазіцыі выставы прадстаўлены 12 графічных прац мастака Валерыя Славука і 11 аб’ёмных фігур скульптара Антона Шыпіцы на тэму беларускага фальклору. Пабачыць нашых нячысцікаў амаль нажыва можна і праз акуляры віртуальнай рэальнасці.Меркаваннем аўтара і арганізатара выставы, Паўла Арлова, героі беларускіх казак, міфаў і легенд вартыя папулярызацыі. «Грэкі з даўніх гадоў папулярызуюць сваю краіну праз міфы і легенды, французы шмат чаго робяць у гэтым накірунку, палякі нават кіно пра Ведзьмака здымаюць. Матэрыял, за кошт каторага іншыя краіны прасоўваюць сваю культуру, у нас ў заняпадзе. Мы вырашылі паспрабаваць запоўніць гэту нішу. Каб нагадаць, што ў Беларусі гэты пласт культуры быў, што ён захаваны, што мы ведаем не толькі пакемонаў і бонсцікаў, але і свой фальклёр.»У 2014 годзе Валерый Славук для «Энцыклапедыі беларускага фальклору» намаляваў калі сотні міфічных беларускіх персанажаў. Лічыцца, што агулам іх каля 500, а падрабязна апісана каля 150. Многім з беларускіх міфічных герояў у свеце няма аналагаў. Нашых нячысцікаў, нават адмоўных, адрознівае, хутчэй, «дробная шкодлівасць».
Той самы Лазавік, што жыве ў балоце з чорцікамі-лазянятамі, мае ў руках пугу. Калі чарцяняты-лазяняты задужа гарэзяць, і заводзяць путніка на дрыгву, то Лазавік ганяе малых пугаю і падкладае падарожнаму лазу пад ногі, каб выйшаў жывым з балота.Беларускі дамавік (у адрозненні ад героя папулярнага мульціка) не жыве адзін. У яго ёсць жонка-дамавуха. Берагуць дом гаспадароў яны заўжды разам. А як гаспадары дзе забываюць дбаць пра гаспадарку, то могуць ненарокам і на граблі наступіць — дамавік з дамавухаю акурат у патрэбнае месца грабелькі пакладуць.Пра тое, што нават у сучасным свеце ад міфічных герояў можна чакаць сюрпрызаў, расказваў і Антон Шыпіца. Падчас працы са скульптурай самымі шкадлівымі аказаліся, канечне Злыдні. Адна з ужо гатовых фігур умудрылася дзіўным чынам саскочыць са стала і разбіцца. Прыйшлося рабіць нанова. «Ну — злыдні ёсць злыдні, чаго яшчэ ад іх чакаць» — жартуе аўтар.З добрых герояў несумнеўную сімпатыю выкліча Жыцень. Ён дапамагае гаспадарам на ніве, каб жыта ўзышло і ніводзін каласок ураджаю не прапаў. Каб нічога не выпусціць з-пад увагі, гэты герой мае нават трэцяе вока - на патыліцы.Напэўна зацікавіць наведвальнікаў і магчымасць апынуцца ў віртуальнай рэальнасці, дзе міфічныя героі жывуць і рухаюцца ў трохмернай прасторы. Таксама можна пабачыць мініяцюрныя скульптуры казачных персанажаў.Выстава ў Музеі гісторыі рэлігіі будзе экспанавацца да 12 лістапада. Кошт білетаў - 3 рублі для дарослых, 2,5 для пенсіянераў і студэнтаў, 2 рублі - для вучняў. Асабліва цікава, калі пра кожнага персанажа расказваюць супрацоўнікі музея. То варта і замовіць экскурсію. Кошт такой паслугі складзе 6 рублёў.