3.15. Я прачынаюся ад холаду ў палатцы пасярод Ліпічанскай пушчы. Бяру ў рукі тэлефон і думаю, колькі будзе каштаваць таксі да Гродна. Думаю, ці выдадуць пад гэта крэдыт. Думаю, чым заняцца да ранку, калі я вырашу застацца тут. Урэшце прыходзіць збаўчая думка: я падкладваю пад сваю тушку вялікі заплечнік, каб паменшыць кантакт нырак з халоднай зямлёй, і шчасліва засынаю да 8 ранку. Так праходзіў мой першы ў жыцці паход. І адразу зімовы.
Калі мне стукнула 20, звыклыя рэчы і рэчывы перасталі прыносіць задавальненне. Таму я падумала, што паход будзе спосабам знайсці новае хобі, якое будзе прыносіць уражанні. Магчыма, спосабам выпрабаваць сябе. Знайсці новых знаёмых. Як там яшчэ апраўдваюць розныя спантанныя рашэнні? У паход апошні раз я хадзіла ў трэцім класе. Таму што памятала, што «паходная рамантыка» — гэта не толькі вогнішча і песні, а яшчэ і сраць у кустах і жыць без вай-фая.
Нагодай для паходу сталі сярэбраныя медалі, якія турклуб «Дзед Барадзед» узяў у студзені на чэмпіянаце Беларусі па спартыўных паходах.
«Дзед Барадзед» — гэта не афіцыйны клуб, а група людзей з агульнымі інтарэсамі. З’явіўся ён каля шасці гадоў таму як супольнасць сяброў, якія любяць падарожжы і паходы. Кіраўнік — Павел Сурмач, ён мае права вадзіць у паходы. Кірыл Мішын адказвае за лагістыку. Аляксандр Куга — за гаспадарку.
Я пагадзілася на паход за два тыдні да яго. Трэба было знайсці рыштунак. «Што ў цябе ёсць з паходнага?» — пытаюць у мяне. — «Тэрмакубак», — жартую я. Паходнікі - людзі не прагныя, і ахвотна дзеляцца сваёй маёмасцю. Я зрабіла пост у сацсетках і за гадзіну знайшла заплечнік, спальнік і кілімок. Магчыма, сярод вашых сяброў таксама ёсць турысты-паходнікі, проста вы пра гэта не ведаеце. Я дык у паходзе ўбачыла шэраг твараў, ужо знаёмых мне. У крайнім выпадку рэчы можна арандаваць, але гэта будзе даволі дорага.
Вопытныя паходнікі прыслалі спіс рэчаў, якія трэба знайсці ці набыць. Але, ахвяруючы пэўным камфортам, можна абыйсціся мінімумам. Гэта: турыстычны заплечнік, спальнік, зімовы турыстычны кілімок, турысцкая сядушка, ліхтарык, аптэчка, рэчы асабістай гігіены, і КЛМН — кубак, лыжка, міска, нож.
Пажадана мець тры наборы адзення: хадавы, стаяначны і для сну. Варта мець тэрмабязізну, фліс, хадавыя штаны, шкарпэткі, абутак і зверху гамашы. Вядома, шапку і пальчаткі. На стаянках варта ўцяпляцца. А для начоўкі трэба апрануць усё, што ёсць. Калі баіцеся холаду, у палатку можна набыць выратавальную коўдру і аўтаномныя аднаразовыя крыніцы цяпла.
Мне паход абыйшоўся ў: 10 рублёў экалагічнага збору, 5 рублёў - у «абшчак» на ежу, рублёў 20 — уласныя напоі і перакусы і 15 рублёў на цёплыя легінсы, якіх у мяне не было. Арганізатары і вопытныя паходнікі бяруць на сябе забяспечанне намётамі, «вогнішчным і кухонным» — гэта катлы, казаны, дошачкі, таркі, мяшалкі, чарпак, сякера, піла. На кожнага таксама раскідваюцца прадукты. Іх заплечнікі могуць важыць больш за 15 кілаграм. А ў складаных паходах — 30−35.
Мы прыязджаем на месца назначэння каля восьмай вечара. Нас сустракаюць вогнішчам, растопленай лазняй, глінтвейнам і тушанай на вогнішчы бульбай. Усе знаёмяцца, дзеляцца навінамі. Паходы для некаторых — нагода ўбачыць знаёмых, якіх толькі тут і бачыш. Збіраюцца людзі з Гродна, Мінску і рэгіёнаў. Праз нейкі час падыходзяць мясцовыя жыхары і спрабуюць уліцца ў тусоўку. «Першае правіла паходу — не пі з мясцовымі», — ці то жартам, ці то не, расказваюць мне.
«Гэтая кампанія — самая лепшая, каб адпачыць, — кажа мне хтосьці. - 70 працэнтаў заўтра не ўспомніць твае гісторыі, а 30 нікому іх не раскажа». Я гляджу на вогнішча, слухаю чыесьці аповеды і разумею, што ўвайду ў якуюсьці з гэтых катэгорый.
Мы засіжваемся да двух ночы. Паводле плану ў нас пад’ём у 8.30, але ж гэта не сапраўдны паход, таму «лагер» устае каля 10 і кіраўнік паходу Павел кіруе сняданкам. Кожны атрымлівае сэндвіч з яйкам. Паша пільна сочыць, каб усім хапіла, а калі яму нагадваюць, каб ён сам паеў, адмахваецца. «Ведаеш, за што я люблю паходы? Тут так пра цябе клапацяцца», — кажа мая спадарожніца. На 19 чалавек — пяць вегетарыянцаў і адзін сыраед. Ежы хапае ўсім, пры тым сапраўды разнастайнай і смачнай.
— Калі паход спартыўны, ты можаш вылічыць, колькі калорый ты затраціш. Ад гэтага ты можаш разлічваць, колькі грамаў якіх прадуктаў табе ўзяць. Бярэцца сушанае мяса, сушаная гародніна, бульба, і потым вадой разводзіцца. Гэтым займаюцца альпіністы, людзі, якія ідуць на вынік і памяншаюць вагу. У дробных паходах гэта не пераважаючы фактар. У нашых паходах ёсць баланс: не ўзяць чагосьці большага, але каб было смачна і цікава. Напрыклад, грыбы і яйкі - мы ж не бярэм іх у паход. Тут здаровы сэнс — мы збіраемся адпачыць. Асноўная мэта пахода выхаднога дня — прайсціся па цікавых месцах, паглядзець людзей, прыроду і адпачыць, — тлумачыць Павел, калі мы ўжо завяршаем наш паход у кафэ ў Мастах, а я ўзгадваю самыя смачныя марынаваныя грыбы ў маім жыцці, якія я ела падчас пахода.
Вясёлым вечарам я дзесьці пакінула накрыўку ад тэрмакубка, таму раніцай першага дня хаджу і ныю ўсім пра тое, як яна мне патрэбна. «Знойдзецца, — упэўнена мне кажуць. — А калі не, то гэта дар паходным багам, каб паход прайшоў добра». Я звыкаюся з гэтай думкай, але перад самым выхадам знаходзіцца не толькі накрыўка, але і запальнічка, што цяжка ўявіць нават у звычайным жыцці. Магія пахода, не інакш.
Нарэшце, каля абеду, мы выходзім. Паход выпадае на Хрышчэнне — 19 студзеня, таму заходзім на купель і некаторыя ідуць акунуцца. Затым паход працягваецца. Мы пройдзем па Ліпічанскай пушчы каля Шчары і Нёмана (гродзенскім міжрэччы, як кажа Кірыл) 15 кіламетраў, дойдзем да стаянкі «Лысая гара» і вернемся назад. Маршрут рыхтавалі каля двух месяцаў. «Хацелі, каб гэта быў не проста паход у лес, а была нейкая лагістычная прывязка. Пагаварылі з дырэктарам заказніка, спыталі пра магчымасці сцяжынак. Маршрут абралі па карце, прыкінулі, як прайсціся цікава, і зацыклілі яго», — расказваюць арганізатары. У залежнасці ад хуткасці і вытрымкі групы прадумалі начоўкі на трох стаянках.
Бадзера ідзем па пратаптаных сцяжынках у лесе і дарогах, гамонім. 19 чалавек натуральным чынам разбіваецца на некалькі групаў. З 19 тут большасць людзей 26−35 гадоў. На 14 хлопцаў усяго пяць дзяўчын. Пасля першага прывалу вырашаем «скараціць» і ідзем праз лес. Так менш кіламетраў, але і хуткасць групы меншая. І тут пачынаецца самае цікавае. Снег даволі глыбокі, таму ўсё, што я бачу наступныя некалькі гадзін, — гэта ногі Сашкі, які ідзе перада мной. Я імкнуся трапляць у яго сляды, каб не мачыць ногі. Яго крокі шырэйшыя за мае, гэта цяжкавата, але затое я не губляю тэмпу.
У намаганнях скараціць мы ідзем праз густы лес і пераходзім замерзлыя рэкі. Трэба своечасова прыгінацца і сачыць, каб пругкая галінка не заехала табе па твары. «О, запахла дзедбарадзедаўскім маршрутам», — радуецца Пашка. Я хвалююся, але ўспрымаю гэта як квэст. Самае смешнае, што на лясных рэках ніхто не правальваецца, а падчас прывалу пад Іллём ламаецца лёд на падтопленым беразе Шчары, дзе ён стаяў. Усе смяюцца і кажуць, што гэта павінна было здарыцца. Іллю тут жа адпайваюць сугравальнымі вадкасцямі.
Мы трошкі блытаемся ў сцежках, трапляем на балота, якое не можам абыйсці. Арганізатары спыняюцца, спрачаюцца. Урэшце мы выходзім на прамую дарогу да пункту назначэння. Вечарэе. І тут адбываецца, здаецца, кульмінацыйны момант. Мы выходзім да абрыву, адкуль бачны велічны Нёман з застыглымі крыгамі. Хоць і стомленыя, мы стаім і ўглядаемся. Затым робім сэлфі і хуценька рушым на стаянку.
На стаянцы кожны знаходзіць сабе працу. Паколькі гэта заказнік, вогнішча распальваем з галінак і ламачча. Дзяўчаты гатуюць вячэру. Гэтым разам — макароны са смажанымі гароднінай і грыбамі, гароднінай і мясам. Пасля доўгага дня грэемся ля кастра. Паходнікі ўзгадваюць свае падарожжы ў Карэлію, Алтай, Карпаты, сплавы па рэках.
Пашу Адмірала, як называюць кіраўніка клубу, просяць яшчэ раз расказаць ужо знаёмыя гісторыі для навічкоў. Затым просяць заспяваць. Ён заводзіць шчымлівыя паходныя песні, і ўсе замаўкаюць. «Лаві момант, — кажуць мне. — Ён спявае, толькі калі пасуе атмасфера і ўсе свае. Учора ён не спяваў». Разыходзімся па намётах каля гадзіны ночы. Я вельмі баюся гэтай начоўкі, таму сяджу да апошняга. Але іду ў палатку, дзе ўжо ёсць тры чалавекі, засынаю, прачынаюся і зноў засынаю.
Устаем, снедаем аўсянкай і выходзім. На наступны дзень ідзецца нашмат лягчэй і хутчэй. Мы даходзім назад да машын, я ўстаю на калені і адчуваю эйфарыю. Усё псуюць старыя цынічныя паходнікі, якія бубняць, што гэта не паход, а прагулка. Але я задаволеная. Гэта было яшчэ і цудоўным выпрабаваннем арганізма. Мы начавалі ў намётах пры марозе, пілі ваду з Нёмана.
Здаецца, я ніколі так не сачыла за прагнозам надвор’я, як у тыдзень перад паходам. І прыслухоўвалася да сваіх адчуванняў да марозу. На выходныя выпала тэмпература да -7. Дык вось, у паходзе рэальна не холадна, апрача начоўкі ў палатцы. Але паход быў варты таго. Я не ведаю, у чым справа. Ці ў фізічнай актыўнасці, якая актывізуе выкід эндарфінаў. Ці ў цудоўных людзях побач, вопыт якіх хацелася пераняць. Ці ў снежным лесе, ці ў цёплым вогнішчы, ці ў ядлаўцовым спірце.
— Арганізм у такіх паходах у цябе перабудоўваецца. У мяне ў горадзе можа балець спіна. У паходзе не балiць. Я цягну заплечнік, сплю на зямлі і адчуваю сябе ў тонусе. Хтосьці баіцца насмарку і не выйдзе ў лес. А я ведаю людзей, якія з хранічнымі захворваннямі ходзяць у паходы. Таму што гэта яго жыццё, — расказвае Павел Сурмач. На выпадак надзвычайных сітуацый у яго ёсць прафесійная аптэчка. — З маёй аптэчкай можна роды прыняць. Можна аперацыю нескладаную зрабіць — ёсць шоўны матэрыял. У выпадку надзвычайнага здарэння я рэальна змагу аказаць дапамогу. Самае галоўнае — гэта тэхніка бяспекі і меры засцярогі. Калі ты ведаеш, як ісці і што зрабіць, з табой нічога не здарыцца.
Пройдзена 25 кіламетраў. Сярэдняя хуткасць — 3 км/г і 2,7 км/г. Максімальная вышыня — 125 метраў. Арганізатары кажуць, што гэта няшмат, але, улічваючы зімовы час і перасечаную мясцовасць, — вынік добры, асабліва для навічкоў. Самі яны гэта за паход не лічаць. Кажуць, так, выйшлі ў лес прагуляцца.
— Паходы дзеляцца па катэгарыйнасці ад аднаго да шасці. Гэта былая савецкая сістэма, у Еўропе і ЗША трошкі іншая спецыфіка. У нашага паходу няма катэгарыйнасці. Гэта чыста трэніровачныя паходы на некалькі сутак па запланаваным маршруце. У катэгарыйныя ты ў прынцыпе не можаш хадзіць занадта часта. У вопытных турыстаў лічыцца, калі ты тры катэгарыйныя паходы ідзеш у год — гэта крута. Мы стараемся ў год рабіць два катэгарыйныя паходы, — расказвае Павел.
Акрамя паходаў, ёсць так званая тэхніка турызму. Людзі могуць не хадзіць у паходы, але пры гэтым удзельнічаць у спаборніцтвах па тэхніках турызму. Членаў «Дзеда Барадзеда» прываблівае сам антураж падарожжаў - выехаць кудысьці, стварыць сабе ўмоўныя перашкоды і пераадолець іх.
Трэнірованыя паходы ладзяцца яшчэ і каб праверыць чалавека і, магчыма, пры жаданні ўзяць у больш высокія катэгорыі складанасці. Да іх могуць прыяднацца ўсе жадаючыя. Наступны такі паход плануецца ў сакавіку-красавіку.
Мне падалося, паход — гэта каб выпусціць на волю нешта такое сваё звярынае і інстыктыўнае. А што менавіта, я не скажу, бо частка таго, што было, павінна застацца ў паходзе. «Ідзеш сабе, заплечнік на плечы цісне, думаеш пра хуткаплыннасць быцця. Там, у горадзе, у іх грошы, нейкія праблемы. А табе добра», — кажа мой спадарожнік. Яшчэ ён кажа, што самы кайф пахода я адчую праз два дні, калі адмыю ўсе рэчы.
Мы заканчваем наш паход у адзіным працуючым у нядзелю кафэ ў Мастах. Завальваемся туды, пахнучы потам і вогнішчам, чырвоныя і абветраныя. П’ем, ямо, размаўляем. Гэта выдатная кропка ў гэтым падарожжы. Потым усе развітваемся, абдымаемся і спадзяемся ўбачыцца зноў.
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…