Пісаць цікавыя і эфектыўныя прэс-рэлізы вучыліся гродзенцы 13 красавіка на майстар-класе ў Рэсурсным цэнтры па развіцці дадатковай адукацыі дарослых. Магчымасцю абнавіць свой досвед і ўмацаваць сувязі з медыямі скарысталіся не толькі грамадскія актывісты, але і прадстаўнікі бізнесу ды ўстановаў культуры. Майстар-клас праводзіла рэдактарка Hrodna.life Ірына Новік.Пасля занятку ўдзельнікі падзяліліся ўражаннямі ад навучання.
«За пару гадзін змагла сфармуляваць для себе пэўныя правілы, каторымі абавязкова буду карыстацца надалей. Змагла нарэшце сфармуляваць тое, да чаго доўга ішла», — дзеліцца ўражаннямі ад сустрэчы Рыма Карацай, супрацоўніца інфармацыйна-рэдакцыйнага аддзела ААТ «Азот». Выпуск прэс-рэлізаў уваходзіць у яе службовыя абавязкі, аднак пры напісанні тэкстаў для знешніх СМІ, шчыра кажа Рыма, часам узнікалі сумневы - наколькі прафесійна і кампетэнтна падаецца інфармацыя.
«На занятку ўсё было сцісла і добра структуравана. Праз гэта змагла прывесці ў сістэму тыя веды, што былі ў галаве, і дапоўніць іх актуальнай інфармацыяй. Па майстар-класе маю ўражанне, што калі трымацца структуры, то ў кожнага атрымаецца напісаць добры прэс-рэліз».
Часткай прафесіі з’яўляеца напісанне прэс-рэлізаў і для супрацоўніцы інфармацыйнага-аналітычнага аддзела абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярыны Валашчук.«Мая прафесійная дзейнасць звязана з напісаннем прэс-рэлізаў, таму я прывыкла ўспрымаць інфармацыю з боку таго, хто рассылае. Майстар-клас стаў добрай нагодай паглядзець на сваю працу з боку журналістаў».
На думку Кацярыны, сустрэча была карыснай практычнай скіраванасцю: «Ва ўніверсітэце давалі больш „сухія“ веды. А тут патрэбны мінімум тэорыі адразу замацавалі на практыцы». Да таго ж дыплом — зусім не нагода спыняцца ў развіцці, лічыць Кацярына. Вучыцца можна і трэба ўвесь час, каб адпавядаць сучаснасці.
«Было карысна абмеркаваць мову, якой звычайна пішуцца прэс-рэлізы. Адзначыла пра сябе, што атрымліваючы афіцыйную інфармацыю, часта ў такім самым „канцылярскім“ стылі пераношу яе ў прэс-рэліз. На майстар-класе паспрабавала пісаць больш жывой мовай і мне спадабалася. Думаю, што і чытаць такі тэкст будзе больш лёгка і прыемна».
Ганну прэс-рэлізы таксама цікавілі для далейшай прафесійнай дзейнасці. Зараз яна ўзялася весці суполкі цэнтра развіцця і адпачынку «Партал» у сацсетках. «Прэс-рэлізы разглядаю як актуальны інстумент прасоўвання інфармацыі. Таму было цікава даведацца, як пісаць, каб яны працавалі. Да таго ж, майстар-клас быў бясплатным, варта было гэтым скарыстацца».Што да нефармальнасці адукацыі, то, паводле Ганны, зараз дыплома можа быць недастаткова — жыццё патрабуе ад кожнага значна больш кампетэнцый, чым прадугледжвае нейкая спецыяльнасць. Ды і паспрабаваць сябе хочацца ў розных галінах. «Мяне гэтаму не вучылі спецыяльна, але адсутнасць дыплома не турбуе. У наш час важна ўмець атрымліваць інфармацыю з розных крыніц і ў розных формах. Галоўнае — каб было актуальна. На майстар-класе была якраз такая інфармацыя. Усё ясна. Проста — бяры і рабі».
«Вельмі цешыць, што на майстар-клас прыйшлі насамрэч зацікаўленыя і матываваныя людзі. Не менш радуе, што гэта — чытачы Hrodna.life, што яны гатовы да супрацы і імкнуцца да ўдасканалення», — распавяла вядоўца.
Занятак, на яе думку, атрымаўся вельмі прадуктыўны — было шмат пытанняў, удакладненняў, спробаў паглядзець на звыклыя рэчы з другога пункту гледжання, расказаць пра шэраговыя падзеі іншымі словамі: «З усімі ўдзельнікамі будзем трымаць кантакт і абменьвацца інфармацыяй».
Паводле журналісткі, размову аб магчымасцях эфектыўнай супрацы чытачоў, грамадскіх актывістаў і прэсавых службаў са СМІ варта працягваць і надалей. Нефармальная дадатковая адукацыя дае на тое добрыя магчымасці. Наступны майстар-клас па гэтай тэме яна мяркуе правесці на вясновых «Майстэрях ведаў».
Рэсурсны цэнтр па развіццю дадатковай адукацыі дарослых у Гродне створаны Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы ў межах праекта «Вучыцца, каб дзейнічаць». Гэты праект фінансуецца са сродкаў Еўрапейскага Саюза і DVV International і мае на мэце садзейнічанне рэалізацыі права на адукацыю на працягу ўсяго жыцця і прасоўванне грамадзянскага ўдзелу.
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…