Межы гарадскіх могілак у Аўльсе сёння актыўна пашырацца ў напрамку аграгарадка Путрышкі. Праз дзясятак гадоў пахаванні будуць ужо ў 500 метрах ад дамоў. Для пашырэння могілак высякуць каля 24 гектар каштоўнага лесу. Жыхары Путрышак незадаволеныя і хочуць спыніць будаўніцтва.
Віталь Самойлаў - карэнны жыхар Путрышак. Яго дзед быў ляснічым пры немцах і пры саветах, а прадзед сустракаў з хлебам і соллю цара Мікалая II. Месцы, дзе праходзіла гісторыя сям'і і роднай вёскі, сёння бясследна знікаюць: імперскія вайсковыя ўмацаванні засыпаюцца, фамільныя лясы высякаюцца. Бо ў Гродне няма дзе хаваць людзей.
«Яшчэ ў пачатку 2000-х пачалі пад могілкі спілоўваць наш лес, але тады нам удалося адстаяць тэрыторыю. Пасля таго, як мы дайшлі да прэзідэнта, — распавядае Віталь. — Працы спынілі і нам прыйшло пісьмовае паведамленне, што лес чапаць больш не будуць. Але ў маі гэтага года працы ўзнавіліся. Адвялі пад вырубку 24 гектары каштоўнага лесу, 5 з іх ужо выпілавалі. А як нам жыць? Чым дыхаць? Я не хачу, каб мае ўнукі шпацыравалі пад плотам могілак».
У будучыні гарадскія могілкі размясцяцца за 500 метраў ад жылых дамоў аграгарадка. Жыхары Путрышак пісалі ўжо ў многія інстанцыі - і гарадскія, і рэспубліканскія. У адным з адказаў сказана наўпрост: у Гродне няма дзе хаваць людзей.
«Няўжо ў Гродне нельга знайсці месца пад могілкі, навошта пашыраць"Аўльс» у бок Путрышак? — разважае Віталь. — Могілкі маглі працягнуць у любы бок, але выбралі менавіта тую частку, дзе растуць векавыя дубы. Гэта наша зямля, дзе жылі продкі і мы не хочам губляць такі каштоўны лес. Тут больш за тысячу кубоў дубу. Адзін куб каштуе 150 рублёў, а куб хвоі ўсяго 66. Рабіце высновы".
Магчыма, кажа Віталь, высекчы такі каштоўны матэрыял — камусьці выгадна.
Могілкі ў Аўльсе пачалі будаваць на пачатку 1990-х гадоў. Тады гарадскія ўлады запэўнівала жыхароў Путрышак, што будзе няшмат пахаванняў, бо ў планах было будаўніцтва крэматорыя.
«Мы доўгі час маўчалі. Але цяпер гэта рабіць немагчыма. Могілкі разрасліся і ўсё больш набліжаюцца да жылля. Ніхто не хоча жыць каля пахаванняў, асабліва калі вясной усё цячэ табе ў агарод. Нават вада ў нас непрыдатная для піцця», — дадаў Віталь.
Як стала вядома Hrodna.life, у Гродзенскай ЖКГ, якая з’яўляецца заказчыкам, ёсць уся дакументацыя па высечцы леса і пашырэнні могілак, а таксама ёсць дазвол на работы. Парушэння заканадаўства няма.
Нягледзячы на дазвол, занепакоеныя высечкай лесу і гродзенскія эколагі, якія замест пашырэння могілак прапануюць гораду будаваць крэматорый.
«Праблема з могілкамі сёння сур’ёзна стала перад горадам, — адзначае старшыня экалагічнай арганізацыі „Экаманіторынг“ Яўген Філімонаў. — Вырашыць праблему можна будаўніцтвам крэматорыя разам з калумбарыям. Пытанне павелічэння могілак у бок жыхароў Путрышак было пастаўлена не абдумана. Жыць па суседстве з могілкамі ніхто не хоча. Я прапаную той участак лесу, дзе ўжо спілавалі дрэвы, выкарыстоўваць згодна з праектам, а на астатніх — прыпыніць высечку і задумацца аб крэматорыі».
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…