Ужо чатыры гады Дзмітрый (ён папрасіў не называць свайго сапраўднага імя) жыве на вуліцы. Начуе ў закінутым цагляным доме ў цэнтры Гродна. Зімой ён зарабляе на жыццё зборам металу, летам — збірае грыбы. Што прымушае яго і падобных да яго людзей бадзяцца на вуліцы? Даведваўся Hrodna.life.
Пра сваё жыццё да бадзяжніцтва 50-гадовы Дзмітрый распавядаць не хоча, кажа, што там няма нічога цікавага. Мужчына вырашыў расказаць іншую гісторыю: як ён і іншыя валацугі выжываюць у сучасным горадзе.
«На жыццё я не скарджуся, хоць у закінутых дамах жыву ўжо каля чатырох гадоў. Нямала, але ёсць людзі, якія бадзяюцца і па 10 гадоў, — распавядае Дзмітрый. — Зараз я начую ў адным закінутым доме ў цэнтры Гродна, нас там 7 чалавек. Пакуль жывем там, а што будзе далей — невядома. Галоўнае дацягнуць да лета, а там ужо можна ў Парэчча паехаць і зарабляць на грыбах.
Усіх валацугаў аб’ядноўвае адно — адсутнасць жылля. Але не ўсе тут сапраўдныя бамжы, у некаторых ёсць прапіска гарадская або вясковая. Як такія як я аказваюцца на вуліцы? Напрыклад, развёўся мужык з жонкай і жыць яму няма дзе, так і стаў бадзяцца. А на вуліцы ўсе выпіваюць. Калі не піць, то можна звар’яцець. Пьём то гарэлку, то віно. Але я яшчэ мала ўжываю алкаголю, у параўнанні з іншымі».
Дзмітрый распавядае, што ўсе гродзенскія валацугі, якія сёння жывуць на вуліцы, прайшлі праз «начлежку», але надоўга там ніхто не затрымліваецца, бо многія любяць выпіць. А згодна з правіламі «дома начнога знаходжання», у нецвярозым стане там быць забаронена.
[irp posts="48 713″ name="Без гарачай ежы і віншаванняў прэзідэнта: жыхар гродзенскай начлежкі" просіць улады вырашыць праблемы бяздомных"]
«На вуліцы ніхто нас не ганяе, жывем мы спакойна. Бывае, малалеткі дражняць, а так усё нармальна. Я каля месяца пражыў у „начлежцы“, але больш не выцягнуў. Ёсць там хлопцы, якія жывуць па некалькі гадоў. Удзень іх можна ўбачыць на аўтавакзале — проста сядзяць і чакаюць вечара.
Я прывык жыць на вуліцы і вярнуцца да нармальнага жыцця мне ўжо цяжка. Калі буду жыць у кватэры, то ўсё роўна буду весці бадзяжны лад жыцця. На вуліцы я не мерзну, сплю ў цяпле. Кладуся спаць у спартыўных штанах і кофце. Мыюся кожны тыдзень, часам хаджу ў гарадскую лазню, так што выглядаю я яшчэ нармальна».
Па назіраннях Дзмітрыя, сёння ў Гродне хапае месцаў, дзе можна жыць бяздомным. Галоўнае — выконваць тэхніку бяспекі. Што тычыцца колькасці бяздомных у горадзе, то іх шмат. Толькі ў «Карытас» на абед штодня прыходзіць па 100 чалавек і палова з іх дакладна без жылля.
«Такія людзі, як я, на вуліцы кормяцца тым, што змогуць сабе дазволіць ці знайсці ў смеццевых кантэйнерах. Я час ад часу падцягваўся і да „Карытаса“, дзе можна бясплатна паабедаць. Але гэта рэдкасць. Напрыклад, у мяне ежы хапае апошнім часам.
Кожны дзень каля крам можна знайсці яшчэ добрую пратэрміноўку. Напрыклад, нядаўна знайшоў 12 добрых кураў. Частку прадаў, а частку пакінуў сабе. Кожны дзень я ем садавіну і розную выпечку. Галодным я яшчэ не засынаў.
Па вопратцы пытанняў таксама няма. Яе можна ўзяць у „Карытасе“ або знайсці каля кантэйнераў. Я за год столькі пераносіў пар джынсаў, што за нармальнае жыццё столькі не меў. Я кожны тыдзень мяняю джынсы. Ёсць адна праблема: калі выходзім працаваць, то рэчы пакідаем у закінутым доме. І ўжо шмат разоў іх кралі. Напрыклад, знайду летам добрыя зімовыя боты, а да восені іх ужо не будзе».
Зімой Дзмітрый стараецца працаваць амаль кожны дзень, як і яго знаёмыя. Толькі неафіцыйна. Штодзённыя зімовыя пошукі металалому прыносяць бяздомным нядрэнны заробак. Нядаўна знаёмы Дзмiтрыя зарабіў за дзень 120 рублёў. Летам многія бяздомныя едуць у Парэчча збіраць грыбы.
«На працу я не ўладкуюся з-за хваробы, мяне ніхто не возьме. Адзін час хадзіў у Цэнтр занятасці і стаў на ўлік. Да гэтага часу там знаходжуся. Узімку на метале зарабляем, а летам можна на грыбах. Летам у дзень можна зарабіць мінімум 10 рублёў. Бяздомным неяк трэба жыць, вось яны і пастаянна ў пошуках сыравіны. Зімой некаторыя бутэлькі збіраюць, кардон, а нехта метал. На ім можна больш за ўсё зарабіць. На мінулым тыдні мой калега зарабіў за дзень 120 рублёў - здаваў медзь. Я таксама шукаю гэты метал ці латунь.
Кажу шчыра, ніхто з маіх знаёмых не крадзе ў горадзе. Валацугі іншы раз і ноччу шукаюць даступныя месцы з металам. Мы ў сыравіне зацікаўленыя, шукаем яе ўсюды. Міліцыя нас не чапае, бо закон мы не парушаем. Мяне тры гады таму вазілі ў аддзяленне і здымалі адбіткі пальцаў, фатаграфавалі і адпусцілі. З таго часу мы не бачымся».
Афіцыйнай статыстыкі па бяздомных ў Гродне няма, але вядома, што ў «доме начнога знаходжання» ў зiмовы перыяд начуе каля 30 чалавек, якія сутыкнуліся з цяжкай жыццёвай сітуацыяй. Сёлета ўстанове спаўняецца 10 гадоў. За гэты час там знайшлі прытулак многiя бяздомныя. Тут дапамагаюць аформіць дакументы, знайсці працу, аформіць інваліднасць і розныя варыянты дапамогі. Людзям у патрэбе дапамагаюць цалкам бясплатна. Галоўнае, каб чалавек выконваў правілы ўстановы. Таксама ў Гродне бяздомным дапамагаюць дабрачынныя арганізацыі, у прыватнасці «Карытас» па вуліцы Карла Маркса, 4. Там сёстры назарыцянкi штодня кормяць каля ста чалавек і даюць вопратку людзям, якiя маюць у ёй патрэбу.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…