Алена Жалязняк вучылася ў Мінскім ін'язе, займалася экалагічнымі праектамі ў Афрыцы, атрымала ступень па эканоміцы ў Нідэрландах, а зараз выкладае англійскую мову ў Германіі. Дачку яна нарадзіла ў Злучаных Штатах, а размаўляе з ёй выключна па-беларуску. Таксама Алена перакладае на беларускую ТЭД-прамовы. Падчас сустрэчы з Аленай мы абмеркавалі, чым падобныя жыхары Беларусі і Зімбабвэ, чаму дзяўчатам лепш вучыцца асобна ад хлопцаў, ці страшна нараджаць дома і чаму дзяўчынцы з трыма пашпартамі варта ведаць мову матулінай радзімы.

«Гродна для мяне — пасядзелкі на кухнях»

Алена з’ехала з Гродна каля 20 гадоў таму. Зараз для яе гэта толькі горад дзяцінства. «Сяброўка кажа, давай сустрэнемся на Савецкай, а я перапытваю — гэта плошча, каторая з Леніным, ці без? Ужо забылася. Таго, што я памятаю, больш няма, як тых старых дрэваў пры стадыёне, пад якімі мы любілі гуляць.

“Другі сыход з СССР адбыўся ў Амерыцы”. Гродзенка расказала, як жыць на тры краіны і не забываць беларускую мову

Як прыязджаю, абавязкова хажу да Каложы. Там адчуванне ўсіх тысяч гадоў. Люблю Нёман, яго выгіны. У Еўропе і Амерыцы рэкі сціснутыя, а ён — вольны. Таксама люблю гродзенскія пасядзелкі з сябрамі на кухнях. Такога дакладна больш нідзе няма».

Гродна навучыў мульцілінгвальнасці

Бацькі Алены прыехалі ў Гродна, калі ёй было тры гады. «Здаецца, што польскую мову вывучыла хутчэй за беларускую, — узгадвае яна свой першы досвед мульцілінгвальнага асяроддзя. — Мы здымалі пакойчык у адной сям'і. У гаспадароў было польскае тэлебачанне. Мульцікі там розныя, праграмы. Яны з мяне рагаталі, што я нічога не разумею. Крыўдна было — як гэта, не разумею. Пачала прыслухоўвацца і стала па троху разумець. А беларускую мову толькі ў школе, класа з трэцяга пачала вучыць».


«Беларускамоўны лекар адганяе хваробу і падымае настрой». Адшукалі ў Гродне лекара, што заўсёды пераходзіць на мову пацыента


«Здавала беларускі пашпарт — плакала»

Зараз, кажа Алена, да Беларусі яе нічога фармальна не прывязвае — нават беларускага пашпарта яна больш не мае, бо па замужжу атрымала нямецкае грамадзянства. «Калі здавала ў пасольстве беларускі пашпарт — плакала, не хацела аддаваць. Ажно крычаць на мяне пачалі - працэдура. Не паложана. Потым, калі мама раптоўна памерла, я нават на пахаванне не змагла прыехаць — ні пашпарта не было, ні візы».

“Другі сыход з СССР адбыўся ў Амерыцы”. Гродзенка расказала, як жыць на тры краіны і не забываць беларускую мову

«Зараз акрамя бацькі і бабулі нікога роднага тут не засталося». Але магчыма менавіта гэта і падштурхнула больш да роднай мовы. Калі нарадзілася дзіця, Алена вырашыла навучыць дачку беларускай мове.

«Апроч мяне ніхто гэтага для яе не зробіць»

«Я заўсёды цягнулася да мовы, але рашучых крокаў не рабіла. А тут вырашыла — калі я прапаную ёй рускую, то беларускую яна ніколі не вывучыць, бо адкуль? А мне хацелася, каб дачка магла размаўляць на роднай мове. Падумала, што апроч мяне ніхто для яе гэтага не зробіць». Так маленькая Ціў ад нараджэння расла ў дзвюхмоўным асяроддзі - мама гаварыла з ёй па-беларуску, а тата — па-англійску.


«Чаму вы размаўляеце па-беларуску?» Лекар Андрусь Фамін адказвае на гэта пытанне 15 гадоў


Зрабіць беларускую мову сваёй, жывучы за мяжой, было няпроста, прызнаецца Алена. «Тыя самыя «дунды» і «пялюшкі» — такіх словаў ніхто не ведаў. Шукала праз інтэрнэт. Пасля бабулі кажу: «Дунда — гэта соска?» Адказвае: «Ну, так і казалі». А калі раней пыталася «Як будзе «соска» па-беларуску», — адказвала: «Так і будзе, «соска». Ужо і бабуля мову запамятавала».

“Другі сыход з СССР адбыўся ў Амерыцы”. Гродзенка расказала, як жыць на тры краіны і не забываць беларускую мову

Потым стараліся прывозіць для дачкі беларускамоўныя кніжкі. А калі іх не хапала, Алена заклейвала тэкст у англамоўных і пісала ад рукі па-беларуску. Так Ціў навучылася чытаць. «Зараз нам усе цягнуць беларускія кніжкі. Мы заўсёды за. Адзінае, што засмучае — іх выдаюць па нейкіх яшчэ савецкіх стандартах, там вельмі мала малюнкаў. Трэба доўга сядзець, слухаць і пазіраць на адзін маленечкі малюнак. Цяпер набылі Ціў сшыткі для вывучэння мовы і слоўнікі-маляванкі. Яна просіць: «Мама, ты ж выкладаеш дзецям англійскую мову, пабудзь і мне настаўніцай». Так мы ўжо прайшлі сшытак для першага класа і ўзяліся за другі клас».


«На дрэвах распусціліся ныркі». Прафесар філалогіі пра асаблівасці беларускай мовы ў медыцыне


Праўда, беларускамоўнага асяроддзя для Ціў не хапае нават у Гродне. Большасць сяброў Алены — рускамоўныя і дзяўчынка іх не разумее. Для яе няма праблемы перайсці на англійскую ці нямецкую мову, але яна ўвесь час здзіўляецца, чаму ў Беларусі не гавораць па-беларуску.

Чым Беларусь падобная да Афрыкі, стала ясна ў Амерыцы

Першы раз Алена патрапіла ў Злучаныя Штаты яшчэ школьніцай, па абмене. «Былі такія праграмы, я выйграла і на год паехала ў Масачусетс. Навучылася матэрыялізму і рэалізму — іншаму, чым у нас». Вучням давалі шмат магчымасцяў удзельнічаць у розных праектах. Але самым дзіўным, паводле Алены, было адчуваць да сябе павагу. «Так паціху навучылі думаць, што я ж чалавек, што маю мажлівасць выбіраць і жыць цікава».

“Другі сыход з СССР адбыўся ў Амерыцы”. Гродзенка расказала, як жыць на тры краіны і не забываць беларускую мову

Адзін з настаўнікаў неяк прапанаваў вучням эксперымент. Ён запрасіў на сустрэчу ў школу афрыканца з Зімбабвэ і запытаў у дзяцей: «Як на вашу думку выглядае Зімбабвэ?»

«Вось сядзіць 25 чалавек. Спачатку мы саромеемся, бо няёмка гаварыць у прысутнасці жыхара краіны. А потым пачынаем: „там хаткі ў лесе, пальмы, паўголыя людзі бегаюць…“ — усе расісцкія стэрэатыпы выйшлі адразу. Потым гэты хлопец выцягвае паштоўкі: глядзіце — гэта сталіца Зімбабвэ, Харарэ. А там — высотныя будынкі, машыны. У нас ва ўсіх павыцягваліся твары ад здзіўлення, настолькі гэта было нечакана».

Па вяртанні дадому Алена спрабавала даводзіць сябрам, што паводле менталітэту беларусы насамрэч блізкія да жыхароў Афрыкі. Але разумення не знаходзіла — нікому гэта не падабалася. Такое зацятае трыманне за стэрэатыпы, мяркуе Алена — таксама з агульных рысаў. «І адных, і другіх цяжка пераканаць. Яны залежаць вельмі ад таго, што іншыя кажуць. Мы яшчэ ад вёскі недалека. Там гэта было важна. Бо што людзі скажуць, тое будзе за табою цягнуцца сто год. Панты, паказуха — таксама вельмі падобныя. Увесь час ёсць тонкае адчуванне падабенства».

Дзявочы коледж у Амерыцы

Навучаная «матэрыялізму і рэалізму» да выбару коледжа Алена падышла вельмі практычна. Зайшла ў кніжную краму і адкрыла даведнік пра ўсе навучальныя ўстановы Злучаных Штатаў. Шукала, дзе даюць большыя гранты на навучанне студэнтам-замежнікам. Выбрала адзін з коледжаў у Масачусетс і падала дакументы. Пра тое, што гэта ўстанова выключна жаночая, даведалася толькі перад пачаткам навучальнага года.

«Нас было дзве тысячы дзяўчат у нейкім лесе. Дома, у Беларусі, жанчын у пэўны час пачынаюць баяцца. Бо выхавацелькі, настаўніцы — ўсё гэта жанчыны і ўсе яны на цябе крычаць і ціснуць. І нават мацярок баяцца, каб не пакаралі, калі што не так зробіш. Самі жанчыны таксама ўвесь час пад кантролем: валасы ўкладай, мэйкап рабі…»

“Другі сыход з СССР адбыўся ў Амерыцы”. Гродзенка расказала, як жыць на тры краіны і не забываць беларускую мову

«У гэтай школе наноў адкрыліся вочы. Нам казалі, што мы ўсё можам. Нас слухалі, шанавалі што мы кажам. І ніхто не ўказваў як трэба. Дазвалялася быць сабой і шукаць сябе. Гэта быў час будавання асобаў».

Што да асобнага навучання дзяўчат ад хлопцаў, то гэта, па словах Алены, быў вельмі цікавы досвед. «Пакуль у класе адны дзяўчаты, яны хораша працуюць разам, адна адной дапамагаюць. Калі ж толькі прыходзіў які-небудзь хлопец — энергія змянялася адразу. Быццам гэта не тыя самыя дзяўчаты. Хоць нікому гэты хлопец і не патрэбны, пачынаецца неўсвядомленае спаборніцтва. Не думала раней, што мы так змяняемся побач адно з адным».

Бруклін - сталіца СССР

На канікулах падчас навучання Алена заўжды шукала падпрацоўку. Аднаго разу месцам працы стаў рускі раён Брукліна і Алена апынулася ў асяродку «нашых». Тых, хто з’ехаў у Штаты яшчэ за савецкім часам.

«Гэта была багна. Багна ўспамінаў. Яны яшчэ жылі тым самым „савецкім“ светам. Вуліца цалкам руская. Ідзеш, чуеш мову, акцэнт. Заходзіш у магазін — стаяць прадавачкі ў такіх „савецкіх“ фартушках і звяртаюцца да цябе тым самым „савецкім“ тонам. І вось думаеш — навошта было так далека ехаць?»

“Другі сыход з СССР адбыўся ў Амерыцы”. Гродзенка расказала, як жыць на тры краіны і не забываць беларускую мову

«Як у анекдоце. У эмігранта запыталі ў лісце: як вам Бруклін, як Амерыка? А той адказвае — не ведаю, мы туды не ходзім. Пабудавалі сабе такі Савецкі Саюз, які самі хацелі. З такой самай каўбасой. Смешна было назіраць. Я там не вытрымала, хаця была магчымасць асесці».

Нарадзіць дома па-амерыканску

Пасля коледжа быў універсітэт, магістратура ў Амстэрдаме, замужжа і праца ў Германіі. Калі ў сям'і чакалі дзіця, вырашылі ізноў паехаць у Штаты, у Каліфорнію, дзе жыў брат мужа Алены.

«Муж прывёз з сабою айцішную працу. Але ж Амерыка нятанная краіна, асабліва калі збіраешся нараджаць дзіця. Так я навучылася, што можна нараджаць дома. Калі сяброўкі расказвалі, што так нараджалі, мяне гэта палохала. Насамрэч аказалася вельмі добра. Быў кантракт з акушэркаю, яна назірала за цяжарнасцю, прымала роды і пасля яшчэ шэсць тыдняў назірала. У яе праца — будаваць адносіны. Ты маеш ёй давяраць, тады можаш з ёй і нараджаць. Мы ўвесь час былі на сувязі. Калі воды адышлі, званю, пытаюся — што рабіць. Кажа — нічога. Жыві, як жывеш. То мы з сяброўкай яшчэ схадзілі на шпацыр у горы, дома пасядзелі. Акушэрка прыехала на апошнія 2 гадзіны і я нарадзіла дома. У вітальным пакоі. Адразу мне далі дзіця на рукі. Яшчэ і пупавіну не абрэзалі, як я яе трымала. Калі так падумаць — то і ў нас так раней нараджалі. Ніхто ж не спыняў жыццё на два тыдні, каб нарадзіць».

Дачушка — маленькая птушка

Дачка Алены мае дзіўнае імя Авіра Ціў. Па-эстонску гэта значыць «мудрая маленькая птушка». Першыя два тыдні дзіця было безымяннае, бо бацькі не маглі дамовіцца паміж сабой.

«Мае імёны муж не прымаў - завялікае, задоўгае, яшчэ нешта. У яго больш інтуітыўны быў падыход. Ён прапанаваў імя „Ціў - маленькая птушка“. Я спачатку пратэставала. Ціў-ціў-ціў - мая бабуля так курак клікала. А я так буду дачку зваць? Хадзіла-думала. Раптам стала заўважаць, што птушкі вакол мяне паўсюль. Потым узгадала, што калі дачка нараджалася, яна не крычала, а вось так і ціўкала. Ну і нарэшце згадзілася. Толькі з умоваю дадаць яшчэ „Авіра“ — мудрая. Хай такой і вырастае. А пакуль яна проста Ціў - маленькая птушачка, якая ў далёкіх краінах гаворыць з маці па-беларуску».

“Другі сыход з СССР адбыўся ў Амерыцы”. Гродзенка расказала, як жыць на тры краіны і не забываць беларускую мову

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]