Летась 54% жанчын у Беларусі пацярпелі ад гвалту. Сэксуалізаванага, псіхалагічнага, эканамічнага ці іншага. Найчасцей яны сутыкаюцца з агрэсіяй у самым блізкім коле стасункаў - у сям'і, ад партнёраў ці знаёмых. Міліцыя штогод фіксуе 80−90 тысяч выпадкаў бытавога гвалту. Гендарныя даследчыцы ўпэўнены, што гэта — толькі вярхушка айсбергу. Псіхалагічны гвалт часта не лічаць «сур'ёзным» — пасля яго не застаецца фізічных слядоў. Але яго наступствы могуць быць не менш разбуральнымі. Разам з экспертамі высвятляем, як праяўляецца псіхалагічны гвалт і як супрацьстаяць, калі гвалт адбываецца ў тваім жыцці.

Гвалт у дзяржаве вядзе да гвалту ў сям'і

«У 2022-м, калі пачалася вайна Расіі супраць Украіны, мы адзначылі, што павялічылася колькасць зваротаў ад беларусак з нагоды хатняга гвалту, — кажа Святлана*, адна з удзельніц ініцыятывы „Когти Рагнеды“ — чат-бота, дзе псіхалагіні аказваюць падтрымку жанчынам у крызісных сітуацыях. — Маладыя жанчыны казалі, што не могуць знаходзіцца дома, бо гэта небяспечна, гвалтоўна».

Пагрозы - гэта таксама псіхалагічны гвалт. Нават калі іх не здзяйсняюць
Пагрозы — гэта таксама псіхалагічны гвалт. Нават калі іх не здзяйсняюць

У гісторыі Наташы* ёсць каханне да хлопца «з характарам». Год таму яны пачалі жыць разам. Праз нейкі час ён стаў падвышаць голас з любой нагоды. Калі быў незадаволены, мог моцна бразнуць кулаком па сцяне ці з грукатам паставіць кубак з гарбатай на стол. Калі Наташа расказвае пра стасункі сяброўцы, то часта паўтарае, што ён харошы, добра зарабляе, любіць яе і не б’е.

Калі ён вось так злуецца, Наташы страшна заставацца з ім сам-насам у кватэры. Але і сыйсці ў такі час яна таксама не рашаецца, каб не раззлаваць яго яшчэ больш. Наадварот — стараецца як-небудзь яго залагодзіць.

Калі ў выніку нечыіх дзеянняў вам робіцца страшна - гэта псіхалагічны гвалт
Калі ў выніку нечыіх дзеянняў вам робіцца страшна — гэта псіхалагічны гвалт

Да псіхолагаў яна ніколі не звярталася, бацькам пра складанасці з хлопцам не кажа. Яна лічыць, што з часам навучыцца быць самай лепшай для свайго каханага і ён пераменіцца.

Ці лёгка распазнаць псіхалагічны гвалт

Такія гісторыі расказваюць пра «дачку мамінай сяброўкі», не называючы імён. Сведкі падобных сітуацый звычайна распазнаюць у іх псіхалагічны гвалт.

«Маладыя жанчыны больш адчулальныя да праяваў гвалту. Тое, што пакаленне іх мам магло палічыць за норму, яны часцей успрымаюць, як чырвоныя сцяжкі,

— пацвярджае Святлана. — Найперш таму, што яны агулам маюць доступ да інфармацыі пра тое, што такое гвалт. Зараз пра гэта больш разважаюць публічна і пішуць у медыях. Агулам, тэма менш табуяваная, бо праца, каторую рабілі феміністкі, гендарныя даследчыцы і НДА моцна паўплывала на тое, як людзі распазнаюць гвалт".

«Агулам дадзеныя пра гвалт у адносінах да жанчын і дзяўчат, у прыватнасці пра хатні гвалт, не маюць рэальнага адлюстравання і часта аказваюцца заніжанымі», — піша ў сваёй працы гендарная даследчыца Вікторыя Лаўрэнюк.

На яе думку, прычыны ў тым, што, з аднаго боку, адсутнічаюць ці не развітыя сервісы падтрымкі, з іншага — пацярпелыя ад гвалту не давяраюць сілавым і судовым структурам.

Калі жанчыну спрабуюць ізаляваць ад знешніх кантактаў і пазбавіць магчымасці звярнуцца па падтрымку - гэта псіхалагічны гвалт
Калі жанчыну спрабуюць ізаляваць ад знешніх кантактаў і пазбавіць магчымасці звярнуцца па падтрымку — гэта псіхалагічны гвалт

Калі шукаюць падтрымку?

Складанасць такіх сітуацый у тым, што да псіхолагаў звяртаюцца толькі тады, калі сітуацыя відавочна выходзіць з-пад кантролю. З іншага боку, сама жанчына часта адмаўляецца лічыць сітуацыю гвалтоўнай.

«Да псіхолагаў ідуць, як правіла, калі сітуацыя цягнецца год ці болей. Калі жанчына ўжо доўга жыве ў такім звышпрыгнечаным стане і сутыкаецца з гвалтам кожны дзень. Калі ў такой сітуацыі яна мае магчымасць звярнуццца да дапамогу і калі знаходзіць у сабе сілы звярнуцца па падтрымку».

Ці называць гвалт — гвалтам

Што да адмаўлення бачыць гвалт у адносінах да сябе, то на гэта моцна ўплывае знешняя сітуацыя і сёняшні сацыяльна-палітычны крызіс у дзяржаве, лічыць Святлана.

«Калі гвалт настолькі нармалізаваны на ўсіх узроўнях, калі гэта звычайная практыка ў сям'і, у грамадстве, у дзяржаве, калі гвалт выкарыстоўваецца рознымі актарамі у асяроддзі, дзе мы жывём, то жанчыне вельмі цяжка нагадваць самой сабе, што гэта ненармальна. Пацярпелай ад гвалту цяжка ўсведамляць, што тое, што з ёй адбылося — гвалт і назваць яго гвалтам».

Дзеянні партнёра, ад якіх робіцца кепска ці балюча, ад якіх падае самаацэнка ці ставіцца пад сумнеў чалавечая годнасць – гэта псіхалагічны гвалт
Дзеянні партнёра, ад якіх робіцца кепска ці балюча, ад якіх падае самаацэнка ці ставіцца пад сумнеў чалавечая годнасць — гэта псіхалагічны гвалт

Праз тое Святлана кажа, што «абсалютна нармалёва», калі жанчына не хоча называць свой досвед гвалтам.

«Я не настойваю, каб усе так казалі. Ведаю, што для многіх гэта вельмі цяжкая тэма і гэта можа быць разбуральным для чалавека. Калі жанчына ўжо пабудавала свае жыццё не кранаючыся глыбока тэмы гвалту, які з ёй адбыўся, то не абавязкова „адкрываць ёй вочы“. Гэта можа быць адной з яе стратэгій самазахавання. У псіхалогіі лічыцца, што калі няма часу ці рэсурсаў даследаваць нейкі траўматычны досвед так, каб пераасэнсаваць, то лепей увогуле яго не чапаць. Таму што ніколі не можаш дакладна ведаць, што ў такім выпадку адбудзецца з чалавекам».

Асаблівасць цяперашняй сітуацыі - менш сіл на супраціў

Алена* лічыць, што сітуацыі з хатнім гвалтам існуюць праз тое, што жанчыны пагаджаюцца цярпець. Яна ўпэўнена, што любая пры жаданні можа выйсці з аб’юзіўных стасункаў. Такія высновы Алена зрабіла з уласнага досведу.

Яна выйшла замуж, ледзь споўнілася 18, за самага крутога хлопца ў іх кампаніі. Праз гэты шлюб пасварылася з бацькамі і сышла з дому. А праз некалькі месяцаў муж прайграў яе ў карты. Алена расказвае, як сышла з кватэры, якую здымалі, і некалькі тыдняў хавалася па сяброўках. Потым з’ехала ў Мінск, знайшла працу на заводзе і атрымала месца ў інтэрнаце. Потым была вучоба і падпрацоўкі. Пазней — другі шлюб. Зараз яна мае ўласны бізнес і добрую сям’ю. Кажа, што з хатнім гвалтам больш ніколі не сутыкалася, а на псіхалагічны ціск можа адказаць адпаведна.

На думку Святланы, зараз на падобны супраціў цяжэй знайсці рэсурс, асабліва тым жанчынам, што застаюцца ў Беларусі.

«Праз тое, што краіна перажывае палітычны і сацыяльны крызіс, што зусім блізка ідзе вайна, многія людзі зараз знаходзяцца ў эмацыйна ўразлівым стане. У многіх няма ўнутраных сілаў, каб супрацьстаяць гвалту. Зараз у працы шмат падобных кейсаў. Такім людзям патрэбна сістэматычная дапамога, каб выйсці з сітуацыі».

У сітуацыі агульнага сацыяльна-палітычнага крызісу ў грамадстве, тым, хто пацярпелі ад гвалту, цяжэй знайсці ўнутраныя рэсурсы супрацьстаяць. Калі так, трэба звяртацца за дапамогай да спецыялістаў
У сітуацыі агульнага сацыяльна-палітычнага крызісу ў грамадстве, тым, хто пацярпелі ад гвалту, цяжэй знайсці ўнутраныя рэсурсы супрацьстаяць. Калі так, трэба звяртацца па дапамогу да спецыялістаў

Як быць, калі псіхалагічны гвалт вакол цябе?

У даследванні Вікторыі Лаўрынюк адзначаецца, што цягам 2022 годза з гвалтам сутыкнуліся 54% беларусак. Амаль 25% з апытаных сказалі, што перажывалі адчасова адзін від гвалту, амаль 10% - што два, 6% - тры. Найбольш распаўсюджаным відам гвалту ў адносінах да жанчын з усіх узроставых груп выявіўся псіхалагічны.

«Самае галоўнае — зразумець, што ніякія паводзіны пацярпелай не зменяць стаўлення аб’язера, — кажа Валерыя Лаўрэнюк. — Тобок гэта не пытанне карэкцыі паводзінаў жанчыны. Таксама важна разумець, што калі ёсць псіхалагічны гвалт, то існуе верагоднасць, што аднойчы ён перарасце ў фізічны. Таму патрэбна мэтанакіраваная праца агрэсара над сваімі паводзінамі - інакш сітуацыя не зменіцца. Калі агрэсар не гатовы ці не хоча, а такое сельмі часта здараецца, то адзіны спосаб спыніць гвалт — гэта сыйсці ад аб’юзера».

Што да сітуацыі, калі ты бачыш гвалт у сваім асяроддзі ў адносінах да знаёмых жанчын, то, меркаваннем Вікторыі Лаўрэнюк, змяніць сітуацыю без згоды пацярпелай немагчыма. «Лепшае, што можна зрабіць — прапанаваць жанчыне дапамогу, калі яна захоча зрабіць нешта з сітуацыяй гвалту ва ўласнай сям'і»

*Імёны гераінь зменены дзеля бяспекі


Цягам сакавіка мы падрыхтуем яшчэ некалькі матэрыялаў пра тое, як распазнаць і супрацьстаяць розным відам гвалту. Абмяркуем тэму з дасведчанымі эксперткамі і даследчыцамі, раскажам гісторыі жанчын, што пацярпелі ад гвалту, прааналізуем статыстыку.

Наступны матэрыял раскажа пра масштабы сэксуалізаванага гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчат у Беларусі. Далей будуць матэрыялы пра эканамічны гвалт, гвалт у віртуальнай прасторы. Калі вам ёсць што расказаць у гэтай тэме — пішыце на [email protected].