Гісторык Мечыслаў Супрон і праекціроўшчык Сяргей Шчукін 20 лютага на платформе ulej.by пачалі збор сродкаў на праект адбудовы вуліц Кляштарная-Замкавая ў Гродне. Асноўная мэта праекта — стварэнне эскізнай мадэлі для навукова абгрунтаванай адбудовы страчанага квартала.
«Мы з Сяргеем Шчукіным пачынаем збор сродкаў для графічнай рэканструкцыі квартала знішчанай забудовы ў самым цэнтры гістарычнай часткі Гродна. У будучым ён будзе апублікаваны і прапанаваны гарадскім уладам у якасці найбольш правільнага, з нашага пункту гледжання, варыянта адбудовы гэтага квартала», — распавядае Мечыслаў Супрон. — Было б добра сабраць неабходную суму для праекта. Паверце, яна сімвалічная. Нашыя намаганні, асабліва Сяргея, заслугоўваюць значна большай узнагароды. Калі ўсё у нас усіх атрымаецца, магчыма, замуцім падобны праекцік для страчанай забудовы Школьнага двара і квартала ля піўзавода. Падобная ініцыятыва, магчыма, адзіны шанец нешта выправіць у горадабудаўнічай сітуацыі горада".
Праблема рэнавацыі гістарычнага цэнтра Гродна
Гістарычны цэнтр Гродна страціў значную частку надзвычай важнай і каштоўнай забудовы ў выніку знішчэнняў Другой сусветнай вайны і пасляваеннай перапланіроўкі горада. У значнай колькасці выпадкаў гэтыя страты незваротныя. Зараз на месцы знішчаных у савецкія часы будынкаў з’явіліся новыя пабудовы, якія сваім выглядам не тое што не ўпісваюцца ў навакольнае архітэктурнае асяроддзе, якое складвалася тут на працягу стагоддзяў, але і моцна псуюць яго. У адрозненні ад шэрагу еўрапейскіх гарадоў, у якіх фактычна з папялішча былі адноўлены гістарычныя цэнтры, у Гродне на месцы пустыроў, дзе некалі стаялі барочныя камяніцы, узводзіліся шэрыя хрушчоўкі.
У ХХІ стагоддзі, як паказала практыка, пытанне забудовы пустыроў новымі аб’ёмамі ў гістарычным цэнтры не страціла сваёй актуальнасці. Замест паслядоўнай рэнавацыі і адбудовы страчанай каштоўнай архітэктуры забудоўшчыкі працягваюць узводзіць новыя «прыгожыя» будынкі, якія часта псуюць гістарычныя краявіды горада.
Нядаўна гарадскія ўлады загаварылі аб зносе Дома быту на вул. Замкавай і будаўніцтве на гэтым месцы новых «прыгожых» будынкаў. Варта сказаць, што згаданы Дом быту быў пабудаваны ў пачатку 1960-х гадоў на месцы зруйнаванай старажытнай забудовы вуліцы Кляштарнай. Гэты квартал, які прылягае да самай старажытнай вуліцы горада, мае вялікую турыстычную перспектыву. Таму мы лічым, што найлепшым варыянтам будзе менавіта АДНАЎЛЕННЕ страчанай забудовы.
Што прапануюць?
Наша каманда ў колькасці двух чалавек — Мечыслаў Супрон і Сяргей Шчукін — займаецца стварэннем эскізнага праекта для навукова абгрунтаванай адбудовы квартала зніклай вуліцы Кляштарнай і ўсходняга боку вуліцы Замкавай. На дадзеным этапе зроблена прыкладна 20% ад усёй працы. Усе мадэлі страчаных камяніц ствараюцца на аснове захаваных фотаздымкаў, планаў і інвентарных вопісаў. Пасля завяршэння праект будзе апублікаваны і прапанаваны гарадскім уладам у якасці найбольш правільнага, з нашага пункту бачання, варыянта рэгенерацыі гэтай часткі гістарычнага цэнтра.
Як паказвае практыка, падобны падыход апраўдвае высілкі. Прыкладам таму — нядаўняе зацвярджэнне праекта па ўзвядзенню трох камяніц на месцы зруйнаваных на вул. Замкавай па матывам графічнай рэканструкцыі забудовы, прапанаванай гродзенскімі гісторыкамі.
Для чаго патрэбны сродкі?
Наша каманда вымушана займацца стварэннем праекта ў вольны ад асноўнай працы час, што істотна замаруджвае ўвесь працэс стварэння мадэлі. Акрамя таго, для напісання гістарычнай даведкі нам не хапае некаторых планаў і дакументаў, якія мы плануем замовіць у архіве за пэўную суму. У такім выпадку, грамадская дапамога зможа істотна скараціць не толькі тэрміны стварэння, але і павысіць навуковую базу праекта. Няма сумневу, што пасля таго, як наша праца будзе прапанавана гарадскім уладам, знойдуцца інвестары, якія будуць мець жаданне і сродкі для рэалізацыі праекта. Камяніца за камяніцай, дом за домам. Толькі разам мы зможам зрэалізаваць гэты праект дзеля таго, каб зрабіць наш горад яшчэ больш прыгожым і прыцягальным для турыстаў!
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…