Город

Сняданкі да абеду і вячэра са зніжкай. Ацаніце 4 канцэпцыі грамадскага харчавання ў новай установе ў цэнтры Гродна

Выпіць кавы, забегчы на бізнес-ланч, купіць пасту і хлеб з сабой, замовіць піцу ці паесці хатніх катлет. Усё гэта зараз можна зрабіць у адным месцы. 2 ліпеня ў Гродне на Савецкай, 18 пачала працаваць новая прастора «Фудмаркет».

«Мы не пачаткоўцы»

Заснавальнікі «Фудмаркета» Павел Гордан і Аляксей Гордан працуюць у сферы гасціннасці ўжо дзесяць гадоў. Ім належаць некалькі ўстаноў у Гродне: рэстаран «Золотой теленок», сетка «Кулінарыя», рэстаран «Санвино», бістро «Обед-Буфет» і «Кандытарскі цэх».

«Мы не пачаткоўцы, але любім усё новае, сочым за новымі тэндэнцыямі. Раней мы вельмі часта выязджалі ў дзелавыя паездкі за мяжу. Канцэпцыю дадзенай установы мы падгледзелі ў Маскве», — кажа дырэктарка «Фудмаркета» Наталля Дзяшко.

Наталля Дзяшко — дырэктарка ўстановы «Фудмаркет». Фота: Таццяна Сідлярэвіч

Чатыры канцэпцыі ў адным памяшканні

Прастору новай установы падзялілі на чатыры зоны: кавярня, піцэрыя, кулінарная крама і маркет.

Кавярня працуе з 9 раніцы. Тут можна паспрабаваць не толькі каву і дэсерты, але і розныя сняданкі. Напрыклад, рысавую кашу з клубніцамі і шакаладам можна замовіць за 5,5 рублёў, сырнікі з чарніцай і шпінатнай смятанай — за 6,5, а англійскі сняданак — за 12 рублёў. У цэнтры горада не так проста знайсці месца, дзе раніцай можна паснедаць і выпіць кубак кавы, адзначае Наталля. «Мы хочам задаволіць шырокі попыт нашых гасцей», — кажа яна. Таму з 9.00 да 17.00 у кавярні можна замовіць бранч. Бо хтосьці прачынаецца, а 8.00, а для кагосьці і 14.00 — гэта рана.

Пасля 17.00 сняданкі змяняе вячэрні меню: гэта закускі і гарачыя стравы. У будучыні ў зоне кавярні плануюць праводзіць забаўляльныя вечара для гасцей.

Зона піцы пакуль не працуе. Яе плануюць запусціць прыкладна праз 10 дзён. Тут будуць рабіць піцу ручной лепкі на італьянскай пакуце. Цэны на піцы абяцаюць ад 15 да 22 рублёў. Ёсць класічныя пазіцыі, як маргарыта і пепперони, і незвычайныя, напрыклад, з баклажанамі або грушай.

На супрацьлеглым баку ад піцэрыі знаходзіцца маркет. «Падыходзячы да канцэпцыі гэтай зоны, мы разумелі, што не заўсёды можна зайсці ў кафэ і купіць што-небудзь з сабой, бо вельмі высокія цэны. Таму мы зрабілі маркет з прадуктамі, дзе кошты амаль як у краме», — кажа Наталля. У гэтай зоне можна купіць італьянскую пасту, аліўкавы алей, вяленыя таматы, аліўкі, розныя соусы, напоі і выпечку ад установы. У будучыні тут плануюць прадаваць падарункавыя боксы.

Аўтарскае меню

«Кулінарная крама — гэта стравы з вітрыны, гэта самы цікавы наш фармат», — кажа Наталля Дзяшко. Тут можна купіць ежу і з’есці яе на месцы, а можна забраць з сабой. У гэтай зоне ўпор рабілі на тое, каб кліенты не марнавалі час на гатаванне дома пасля працы. У бліжэйшы час таксама плануюць запусціць дастаўку.

«Фудмаркет» працуе пакуль у тэставым рэжыме, таму цягам 10 дзен пасля адкрыцця тут дзейнічае зніжка 20% на ўсё, акрамя прадукцыі ў маркеце і напояў.

Меню ў новай фуд-прасторы распрацаваў брэнд-шэф з Мінска Раман Рагаўцоў. «Задача была дастаткова складанай, бо трэба было распрацаваць і заказныя стравы, і сняданкі, і вячэрнія стравы». Гэтага чалавека каманда ўстановы вельмі доўга шукала, пакуль адзін з кандыдатаў не сказаў, што ў яго ёсць такі знаёмы.

«У кожнай місе ёсць нейкая фішка: простая страва „шніцаль з кураня“ у нас будзе з сырам мацарэла, сцягно кураня запечанае з кары і апельсінам. Калі бульба — то з чаборам, а філе акуня — з падліўкай з фенхеля», — распавядае Наталля пра асаблівасці меню.

Ва ўстанове шмат страў для вегетарыянцаў: соевае мяса, рыба, гародніна, ёсць таксама стравы з морапрадуктамі. Кожны дзень стравы ў «Кулінарнай лаўцы» будуць мяняцца.

Панарамныя вокны, шмат святла і вялікая люстра

Дызайн для ўстановы распрацавала студыя інтэр'ернага дызайну InterioPro. «Яны рабілі нам шмат праектаў, мы заўсёды заставаліся задаволеныя», — кажа Наталля. Напрыклад, дызайн у летняй тэрасе «Санвино» і «Кулінарыі» на Пушкіна таксама зрабілі яны.

У кожнай фуд-канцэпцыі свая зона, іх вылучылі адмысловымі таблічкамі з назвамі. Памяшканне падзялілі на дзве залы: у зале кавярні 26 пасадачных месцаў, у другой зале — 45.

Цяжкасць у дызайне для «Фудмаркета» складалася ў тым, што гэта цокальны паверх. Таму ў кавярні зрабілі панарамныя вокны, каб у памяшканні было больш святла. Але ў зале з кулінарнай лаўкай няма вокнаў. «Тут была задача — зрабіць інтэр'ер светлым, каб не было адчування, што зайшоў у падвал. Таму мы выбралі натуральныя цёплыя адценні, абыгралі ўсё гэта святлом, каб было светла і дыхалася добра». У памяшканні шмат люстраў, асабліва прыцягвае ўвагу вялікая круглая люстра ў зоне кавярні. Заснавальнік убачыў падобную ў Турцыі і захацеў такую ж у ўстанове. «Гэта цалкам ручная праца», — кажа Наталля.

Зніжкі ў апошнюю гадзіну працы

«Пастаянным гасцям трэба рабіць маленькія прыемнасці», — гаворыць Наталля пра зніжкі ва ўстанове. Тут будуць праводзіць розныя акцыі і распрацуюць сістэму зніжак.

Калі перастане дзейнічаць зніжка 20% на ўсю прадукцыю, увядуць зніжку ў апошнія гадзіны працы. «У апошнюю гадзіну працы будзе прыемна ўзяць дадому штосьці са зніжкай. На нашу выпечку ўвечары будзе зніжка, каб раніцай у нас было ўсё свежае».

«У нас фармат не вузкі, а пашыраны — гэта і ёсць наша фішка. Нашы госці ў далейшым ацэняць, прывыкнуць да гэтага фармату і будуць любіць яго. Таксама ў нас у планах развіваць іншыя новыя праекты».

Адрас: вул. Савецкая, 18. Цокальны паверх ГЦ «Нёман»

Графік працы:

Кавярня: чц-сб — 09.00 — 23; пт-сб — 09.00 — 01.00

Кулінарная лаўка: ндз-чц — 11.00 — 21.00, пт-сб — 11.00 — 23.00

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых

Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…

7 лістапада 2024

Грэчка з чарніцамі, жывая музыка і «сарамлівы» стрыптыз. Рэстаранам «Беласток» у Гродне і Grodno ў Беластоку споўнілася 50 гадоў

У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…

5 лістапада 2024

«Прабіце, калі ласка». Як у Гродне адным талончыкам ламалі сістэму

Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…

4 лістапада 2024

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…

1 лістапада 2024

«Воку няма за што зачапіцца». Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…

31 кастрычніка 2024

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…

29 кастрычніка 2024