Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч увасобіўся ў аднаго з 29 000 вязняў гродзенскага гета, а Цэнтр гарадскога жыцця ператварыўся ў схованку на гарышчы дому. Тут 23 ліпеня адбылася прэм’ера тэатралізаванага перформанса «Запісная». Пастаноўку зрабіла рэжысёрка Ганна Суліма паводле дзённікавых запісаў невядомага яўрэя. Нататнік з тыпаграфскім надпісам «Запісная» знайшлі на даху аднаго з дамоў у Гродне.
Ганна Суліма зараз працуе ў Мінску. З Гродна яе звязвае гісторыя сям'і. Некалі бабуля Ганны працавала ў адной з сем’яў гродзенскіх яўрэяў. У адпачынку рэжысёрка прыехала ў Гродна, каб знайсці інфармацыю пра гэтых людзей. У выніку — знайшла і інфармацыю, і спраўджанне даўняга жадання аб пастаноўцы.
Тэатральны перформанс паводле дзённіка яна задумала некалькі гадоў таму. Тады «Запісная» загучала музыкай мінскага кампазітара Дзяніса Кудраўцава і голасам самой Ганны. А вось зрабіць пастаноўку атрымалася толькі зараз, у Гродне.
«Менавіта ў гэтым горадзе на руінах гета быў знойдзены дзённік вязня. Яго аўтарам быў мужчына, меркавана, яму было каля 40 гадоў. Ён хаваўся з іншымі вязнямі на гарышчы аднаго з дамоў у цэнтры горада. Пісаў на польскай мове. Апошні запіс быў зроблены 8 красавіка 1943 года».
Мужчына пачаў весці запісы ў лютым 1943, перад ліквідацыяй гродзенскага гета. Паводле нямецкіх данясенняў ад 13 сакавiка 1943 года, горад стаў «юдэнфрай» — «вольным ад яўрэяў». Але яшчэ ў маі паліцыя лавіла на вуліцах і забівала асобных яўрэяў. З 29 000 вязняў двух гродзенскіх гета ў жывых пасля вайны засталося каля 200 чалавек.
Руслан Кулевіч дапамагаў Ганне ў пошуках інфармацыі па гісторыі сям'і яўрэяў, у каторых працавала яе бабуля. Убачыўшы заангажаванасць журналіста ў тэму, Ганна прапанавала яму сыграць вязня гета. Руслан запрасіў выступіць Раісу Шымбарэвіч, гродзенку 1935 года нараджэння. Яна ў 1942 годзе заходзіла ў гета да сваіх знаёмых і падзялілася ўспамінамі аб тых часах.
На прэм’еру перформанса прыйшло амаль паўсотні гледачоў. «Гэта тэма, каторая баліць многім гродзенцам», — казаў адзін з наведвальнікаў перфоманса, рэжысёр Васіль Калач. Узімку ён разам з акцёрамі тэатра «Гексаген» і рэдакцыяй Hrodna.life рыхтаваў тэатралізаваную экскурсію па гродзенскім гета.
«Шчыра скажу, за 20 гадоў у прафесіі не было больш тэмы, каб так выварочвала душу навыварат, у якую б я сам так ужываўся, як артыст і рэжысёр. Не важна, яўрэі ці не яўрэі. Тыя, што жывуць у Гродне, хоць палякі, хоць беларусы — нельга сказаць, што іх гэта не тычыцца. Мы — гродзенцы. Кожны з нас трохі яўрэй. Гэта нам баліць. Мы — людзі, каторым не ўсё роўна. Я вельмі рады, што тут сабраліся тыя, хто ведае, памятае, адчувае».
Завяршыў сустрэчу выступ Алеся Дзянісава з песняй на вершы Алеся Чобата з «Кароткай гісторыі Беларусі».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…