У пачатку 2020 года закрылася найстарэйшая запалкавая фабрыка Беларусі, якая знаходзілася ў Пінску. Мала хто ведае, але і ў Гродне ў міжваенны перыяд была свая буйная фабрыка, якая выпускала запалкі. Праўда, пра гэта прадпрыемства захавалася вельмі мала інфармацыі.
Запалкавая фабрыка ў Гродне была заснавана ў 1919 годзе. Ёй валодалі Марголіс і Ясялевіч. Фабрыка знаходзілася на вуліцы Ерусалімскай, 17 (суч. Антонава). У 1927 годзе на ёй працавала не менш за 150 чалавек. Гэта было адно з самых буйных прадпрыемстваў горада. Прадукцыю фабрыка рэалізоўвала праз уласныя прадстаўніцтвы ў Вільні, Сасноўцы, Баранавічах, Беластоку і некаторых гарадах Расіі.
Так пісалі ў газеце «Dziennik Grodzieński»
«Чужое хвалім, свайго не заўважаем — пра запалкавую фабрыку «Marjos»
«Маючы ў самім Гродне фабрыку запалак, якая дае магчымасць зарабіць сотням працаўнікоў, са здіўленнем трэба адзначыць, што ў мясцовым гандлі знаходзіцца куды больш запалак прывазных, чым вырабленых на месцы. Размова ідзе не пра нейкі квасны патрыятызм, але пра рэчы зусім рэальныя. Калі б фабрыка абслуговывала ўвесь попыт, тады яна б была ў стане павялічыць колькасць працаўнікоў і адначасова яшчэ больш падвысіць якасць сваіх вырабаў. Трымаймася ж здаровага прынцыпа гандлю: «набывай у свайго».У 1925 годзе ў Польшчы была створана Дзяржаўная запалкавая манаполія. Гэтай структуры падпарадкоўваліся ўсе запалкавыя фабрыкі, у тым ліку і былая прыватная з Гродна.
У кнізе «На гродзенскім бруку» гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Віктар Саяпін так пісалі пра гродзенскую фабрыку:
«Мы вельмі мала ведаем пра фабрыку запалак, якая працавала ў Гродне ў міжваенныя гады на вуліцы Ерусалімскай, 17. Першапачаткова фабрыка называлася „Марголіс і Ясялевіч“ (ад імёнаў уласнікаў), а ў 1926 годзе яна згадваецца ўжо як Першая дзяржаўная фабрыка запалак „Марыёс“ („Marjos“). Сваю прадукцыю фабрыка рэалізоўвала праз уласныя прадстаўніцтвы».Са старых польскіх газет вядома, што ў 1927 годзе на гродзенскай фабрыцы прайшло некалькі страйкаў (забастовак). Фабрыка нават закрывалася. Рабочыя патрабавалі ад уласнікаў павышэння заробкаў і шасцідзённага працоўнага тыдня замест пяцідзённага — яны хацелі працаваць больш, мець менш выхадных і ў выніку зарабляць болей.
Гродзенская запалкавая фабрыка праіснавала 20 гадоў і закрылася з пачаткам Другой сусветнай вайны. Падчас нямецкай акупацыі ў былым будынку прадпрыемства функцыянавала самакіраванне другога гродзенскага гета. Будынак гродзенскай фабрыкі пацярпеў падчас баёў у 1944 годзе. Сёння на яго месцы знаходзіцца банк і рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда».Сёння ў гродзенскіх калекцыянераў не захавалася аніводнага карабка гродзенскай запалкавай фабрыкі.