Беларускія кінааматары так і не змаглі паглядзець на вялікім экране новага “Бэтмена”. У пракат не выйшлі таксама чаканыя “Морбіўс” з сусвету Sony/Marvel і “Фантастычныя пачвары. Таямніцы Дамблдора” з “поттарыяны”. Hrodna.life праверыў, што замест іх прапануюць глядзець у кінатэатрах Гродна.
За сакавік адмянілі 10 новых фільмаў
З 1 сакавіка ўжо адменена 10 кінапрэм’ер у Расіі і Беларусі. Прычына – вайна, якую Расія вядзе супраць Украіны. З-за яе буйныя заходнія кінакампаніі – Universal, Sony Pictures, Warner Bros., Walt Disney і Paramount – адмовіліся ад пракату сваіх фільмаў у Расіі.

“Беларускі кінапракат завязаны на расійскі. Гэта такая даўняя яшчэ савецкая традыцыя. Украіна – у яе самастойны рынак кінапракату, у іх ёсць самастойныя кампаніі, якія займаюцца арганізацыяй кінапаказаў, ёсць дыстрыб’ютары аўтарскіх правоў. У нас самастойных дыстрыб’ютараў няма. І мы ўсе дамаўляемся з кампаніямі, якія размешчаны ў Маскве”, – тлумачыць у размове з Hrodna.life беларускі кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі.
Даходы кінатэатраў залежаць ад галівудскага кіно
У Расіі да канца лета гэтага года зачыняцца да 40% кінатэатраў, калі ў краіну не вернуцца галівудскія фільмы. Пра гэта заявіў дырэктар па краінах СНД кампаніі па вымярэнні і аналітыцы медыя “Comscore” Раман Ісаеў у інтэрв’ю выданню “Бюлетэнь кінапракатчыка”.
Гэтую думку падтрымлівае Тарналіцкі:
“Паводле статыстыкі, якую дае “Бюлетэнь кінапракатчыка”, для расійскіх кінатэатраў асноўны прыбытак, дзесьці 75%, дае менавіта амерыканскі кантэнт: галівудскае кіно, буйнабюджэтныя фільмы. Паколькі яны сыходзяць, зарабляць гэтыя кінатэатры проста не змогуць. У мяне адчуванне, што яны будуць неяк перабудоўвацца ў след, напэўна, за кантэнт-палітыкай Расіі”.
Ісаеў у інтэрв’ю разглядае два сцэнарыі забароны на выпуск фільмаў у Расіі: да траўня і да канца лета. Пра варыянт, калі галівудскае кіно наогул не вернецца, ён нават не хоча думаць. У любым выпадку, адмена вялікіх прэм’ер і адток гледачоў прымусяць павышаць цэны на білеты, лічыць Ісаеў.
Асацыяцыя ўласнікаў кінатэатраў, якая аб’ядноўвае больш за 700 кінатэатраў Расіі настроена больш песімістычна. У сваёй заяве яна кажа пра небяспеку ліквідацыі ўсёй галіны кінапаказа і прадугледжвае страты да 80% выручкі.
Замест “Морбіўса” пакажуць “Брат”. Што можна паглядзець яшчэ
Змены ў афішах кінатэатраў пачаліся ў Расіі яшчэ ў сакавіку. Альтэрнатывай галівудскім рэлізам павінны стаць расійскія прэм’еры і кінахіты мінулых гадоў, савецкая і замежная класіка, а таксама блокбастары Балівуда, паўднёвакарэйскія фільмы, стужкі з Лацінскай Амерыкі і іншых краін, расказалі кіраўнікі кінасетак у інтэрв’ю РБК.
У Беларусі 30 сакавіка не выйшаў у пракат “Морбіўс”. 6 красавіка мусіў выйсці ў пракат фільм “Фантастычныя пачвары. Таямніцы Дамблдора”, але гэтага не адбылося. Не будзе і запланаванага на красавік “Сонік у кіно 2”. Затое гродзенскія кінатэатры, як дзяржаўныя, так і адзіны прыватны кінатэатр MOOON, услед за Расіяй прапануюць ад 7 красавіка паглядзець фільм 1997 года “Брат” Аляксея Балабанава. Праз тыдзень пакажуць другую частку – “Брат 2”.

Зараз у дзяржаўных кінатэатрах Гродна, акрамя “Брата” можна паглядзець іспанска-французскі хорар “Бабуля”, мексіканскі фільм жахаў “Апошняе прышэсце д’ябла”, камедыю “Усё, усюды і адразу”, драму “Гары Хафт: Апошні бой”, французскі дэтэктыў “Мегрэ і таямнічая дзяўчына”, некалькі дзіцячых мультфільмаў і расійскую камедыю “Мая жудасная сястра”. Некаторыя фільм паказваюць яшчэ з мінулага года.
Паўторна ў афішы гродзенскіх кінатэатраў далі камедыю 2020 года “Коп на драйве”, фільм жахаў таго ж года “Кандзіша. Дэман Смерці”, баявік 2021 года “Целаахоўнік жонкі кілера” і дзіцячы мультфільм “Згубленцы і таямніца чароўнай піраміды”.
У адзіным прыватным кінатэатры горада “Silver Screen” да нядаўняга часу паказвалі “Смерць на Ніле” і “Чалавек-павук. Няма шляху дамоў”, а зараз яшчэ круцяць “Анчартед: на картах не значыцца” з Томам Холандам. З новых фільмаў з’явіўся, напрыклад, “Раман служанкі”.
Чаго не пабачым у бліжэйшыя месяцы
На травень і чэрвень 2022 запланаваны прэм’еры кінакоміксаў “Доктар Стрэндж у мульцісусвеце вар’яцтва” (Marvel) і “Ліга супергадаванцаў” (DC), дыснееўскі “Баз Лайтар”, новы “Свет Юрскага перыяду” і чарговыя “Міньёны”. Калі сітуацыя не зменіцца, то іх у Расіі і Беларусі паказваць не будуць.
Каб закрыць пустку, у Расіі плануюць у паўторны пракат у траўні “Брэсцкую крэпасць” (2010) і дзве часткі бандыцкага фільма “Бумер” (2003 і 2006). З расійскіх навінак будзе фантастычная камедыя “Батан і супербаба”.
Прэм’еры не з’явяцца нават у інтэрнэце
Некаторыя кампаніі распаўсюдзілі абмежаванні на прэм’еры не толькі на паказы ў кіно. WarnerMedia наогул спыніла ліцэнзаванне новага кантэнту ў Расіі. Гэта тычыца кантэнту ад брэндаў HBO, The CW, WarnerBros., DC ды іншых. Гэта значыць, што новае кіно нельга будзе паглядзець не толькі ў кінатэатры, але і на стрымінгах.
Падпісчыкі сэрвіса “Кинопоиск”, які належыць Яндэксу, ужо з гэтым сутыкнуліся. Напрыклад, у серыялах тэлеканала CW перасталі выходзіць новыя серыі. На старонках серыялаў з’явіліся пазнакі: “Новые серии выйдут позже”. Тое ж чакаецца і з лічбавымі рэлізамі кінапрэм’ер.


