Археалагічныя раскопкі, перакладзеныя інвентары і іншыя даследаванні сведчаць: архітэктурных элементаў, якія збіраюцца дабудаваць да палаца Баторыя, не існавала, або яны былі іншымі. Вынікі новых даследаванняў для другой чаргі рэканструкцыі супрацоўнікі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея выклалі ў гістарычнай даведцы аб’ёмам у 700 старонак. Яе прадставілі 29 красавіка на навуковай канферэнцыі «Каралеўскі Гродна. Матэрыяльная і духоўная культура». Карэспандэнтка Hrodna.life высветліла, чаму новыя звесткі абвяргаюць папярэдне запланаваны праект.
Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon
Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.
Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы. Напрыклад — за мяжой. І ні ў якім разе не з карты беларускага банка.Працы па рэканструкцыі Старога замка пачаліся ў 2017 годзе. За аснову ўзялі замак часоў караля Стэфана Баторыя (канец XVI стагоддзя) і агульны праект архітэктара Уладзіміра Бачкова. Першая чарга зараз амаль завершана. У другую чаргу ўваходзіць уласна палац Баторыя (былы будынак музея) і флігель адміністратара (прыбудова з боку Гараднічанкі).
Для падрыхтоўкі праекта другой чаргі спецыялісты з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея тры месяцы працавалі над верыфікацыяй ранейшай гістарычнай даведкі з улікам новых дадзеных. Атрымалася 700 старонак тэксту і выяваў: два тамы даследаванняў, том перакладаў інвентароў замка, том артыкулаў пра замак за апошнія 20 гадоў, том аналагаў спрэчных архітэктурных элементаў і два тамы ілюстрацый. Вынікі працы перадалі ў Гроднаграмадзянпраект.
Многае паказалі раскопкі
Археалагічныя раскопкі ўздоўж фасада палаца распачалі ў сакавіку 2021. Першыя вядомыя даследаванні там праводзілі ў 1930-я, расказала загадчыца аддзела археалогіі музея Наталля Кізюкевіч. Захавалася два фотаздымкі і некалькі планаў. Вынікамі тых раскопак у міжваенны час карыстаўся Яраслаў Вайцяхоўскі, аўтар першага праекта аднаўлення замка Баторыя. На яго ў тым ліку абапіраўся і Бачкоў.
Сучасныя даследванні паказалі, што Вайцяхоўскі не ўключыў у праект некаторыя ўласныя знаходкі, а некаторыя інтэрпрэтаваў памылкова. Культурнага слоя ў месцы тых раскопаў ужо няма. Адкапаныя шэраг слупоў XVII ст. і арку, бачныя на здымках 30-х, тады разабралі і вывезлі.
У час раскопак 2021 года знайшлі і слаі часоў Вітаўта, і пабудовы XVI, і XIX стагоддзя. Дакладны ўзрост знойдзеных аб’ектаў можа паказаць тэрмалюмінісцэнтны аналіз цэглы. У лабараторыі ў Познані (Польшча) можна высветліць узрост знаходак з дакладнасцю да 30 гадоў. Адзін такі аналіз каштуе 315 еўра.
Чытайце таксама: У Старым замку адкапалі туалет XIX стагоддзя. Ці можна яго захаваць і навошта?
Адведзены на раскопкі час ужо выйшаў, але патрабаванне замоўцы — спачатку вывучыць, пасля рабіць праект, удакладніла археолаг. Таму раскопкі пакуль працягнуць.
Пасля завяршэння раскопак археолагі плануюць зрабіць 3D-мадэль таго, што будзе адкрыта. Гэта будзе адзіны шанец захаваць інфармацыю, другі раз без стратаў раскапаць тое ж месца не атрымаецца. Таксама неабходна будзе завезці ўзоры знойдзенай цэглы на аналіз для датавання. «Мы можам бясконца доўга разважаць, як гэта выглядае і да чаго падобна, але ёсць дакладныя спосабы, з якімі немагчыма будзе спрачацца», — тлумачыць Наталля.
Рызаліт замест лесвіцы?
Больш за ўсё спрэчак у спецыялістаў выклікаў цантральны ўваход у палац. Адну са сцен, знойдзеных у час раскопак у 30-я, Вайцяхоўскі палічыў аснаваннем рызаліта.
Рызаліт — прыбудова, якая мусіць выступаць з фасада на ўсю вышыню будынка.
Гэта ён адлюстраваў у праекце рэканструкцыі. «У яго аснове [варыянта рызаліта паводле праекта 30-х — Заўв. Hrodna.life] ляжаць чатыры слупы, якія, мы цяпер дакладна ведаем, былі асновамі балкона, збудаванага ў 1814 годзе», — расказаў загадчык аддзела найноўшай гісторыі гродзенскага музея Андрэй Вашкевіч.
У праекте Бачкова таксама па цэнтры фасада размешчаны рызаліт. Вынікі цяперашніх раскопак паказалі, што яго, прынамсі ў тых габарытах, якія акрэсліў Вайцяхоўскі, не было. Паводле праекта Бачкова жа ён мусіць быць яшчэ большым: павінна атрымацца камяніца плошчай блізу 80 кв. м.
У час раскопак 2021 года знайшлі пачатак лесвіцы на другі паверх, каменныя прыступкі, частку арачнай канструкцыі. Археолагі адкрылі тры масівы, якія можна адносіць да XVI ст. Згодна з пісьмовымі крыніцамі і графічнымі выявамі, яны могуць быць той цантральнай знешняй лесвіцай, якая вяла на другі паверх.
Паводле архітэктара Андрэя Шулаева, у яе аснове — распаўсюджаны рэнесансны прыём, так званы рымскі падмурак або рымская арка. Шулаеў нагадаў, што ў XVI ст. большасць вертыкальных сувязяў паміж паверхамі рабілі звонку будынкаў, гэта тыпова для таго часу.
Інвентары пацвярджаюць высновы архітэктара. Згодна з планам і апісаннем, лесвіца была аднамаршавая з пляцоўкай перад уваходам на другі паверх, расказаў загадчык аддзела гісторыі Яўген Махнач.
«Такая ж гісторыя ў нас была на першай чарзе, калі мы знайшлі фундаменты, знайшлі ўнутраную прастору, і ведалі прынамсі габарыты прыбудовы да сярэдняй вежы. Але замест лесвіцы ў нас з’явілася камяніца», — прывяла прыклад археолаг Наталля Кізюкевіч.
Тэраса ўздоўж фасада
У час раскопак 1930-х былі знойдзеныя рэшткі дзвюх сценаў. Даследчык Вайцяхоўскі тады палічыў іх рэшткамі тэрасы. Гэтую тэрасу адлюстраваў у сваім праекце і Уладзімір Бачкоў. Сучасныя археалагічныя даследаванні і інвентары паказалі, што яе там не было.
Ці быў атык
Паводле праекта Уладзіміра Бачкова, як і ў Вайцяхоўскага, на даху палаца мусіць быць атык.
Атык — дэкаратыўная сценка над карнізам.
Вайцяхоўскі ў свой час не ведаў пра існаванне гравюры Макоўскага 1600 года, на якой выразна бачны высокі дах гродзенскага палаца. Канструкцыі з высокім дахам і з атыкам мелі прынцыпова рознае прызначэнне, расказаў Андрэй Вашкевіч. Яны не маглі спалучацца.
У час рэнесансу капіявалі рымскую архітэктуру. З дапамогай атыку ў Італіі збіралі ападкі, якіх не хапала ў тым рэгіёне, на ўнутраны бок будынка, растлумачыў архітэктар Андрэй Шулаеў. Высокі дах, наадварот, мусіў дапамагаць скіду ападкаў. У інвентарах такі атык не згадваецца.
Як выглядалі эркеры
На праекце Бачкова, як і яго папярэдніка, палац мае аднолькавыя эркеры.
Эркер — зашклёная частка памяшкання, вынесеная за асноўную плоскасць фасада.
Хутчэй за ўсё, эркеры на палацы моцна розніліся паміж сабой, расказаў Андрэй Вашкевіч. «Той, што быў з боку Гараднічанкі, магчыма і меў нейкі калонны рытм, але не такі [як на праекце] - там не было зрэзу вугла пад 45 градусаў. Ён выступаў са сцяны, а не быў утоплены ў яе. Эркер, які быў з боку замка, выглядаў па-іншаму, бо размяшчаўся не на рагу», — растлумачыў гісторык.
Вайцяхоўскі знайшоў некалькі кавалкаў нібыта гэтага эркера. Але вугал на гэтым архітэктурным элеменце не адпавядае пабудове ні аднаго з эркераў на плане. Ніводнага тагачаснага аналагу эркера з шасцю, як на праекце, вокнамі таксама не знайшлі. У інвентарах эркеры апісаныя па-іншаму, чым у праекце Бачкова.
Памылкі ў праектах цягнуцца з міжваеннага часу
У XIX ст. замак належыў вайскоўцам Расійскай імперыі. Яны неахайна ставіліся да пабудоў, хоць у той час ужо разумелі, што гэта гістарычная каштоўнасць. Спыніць руйнаванне атрымалася дзякуючы заснавальніку гродзенскага музея Юзафу Ядкоўскаму, які ў 1924 годзе змог патлумачыць сітуацыю грамадскасці. Тады частку замка аддалі пад яго адказнасць. Ён узяўся за рамонт унутраных памяшканняў. Неўзабаве заняліся і праектам аднаўлення замка. У 1930-я гады пасля раскопак навуковы праект стварыў архітэктар Яраслаў Вайцяхоўскі.
Вайцяхоўскі дапусціў некаторыя памылкі, якія захаваў у сваім праекце і Уладзімір Бачкоў. Апошні распрацаваў свой праект рэканструкцыі яшчэ ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў. Ён абапіраўся на варыянт Вайцяхоўскага і зыходзіў з таго, што замак праектаваў Санці Гучы. Даследчыкі аспрэчылі гэтую версію.
Таксама памылкі ў праекце звязаныя з недакладным прачытаннем гістарычных інвентароў XVII-XVIII ст.
Памылкі ў інтэрпрэтацыі ранейшых даследаванняў і некаторых рашэнняў першай чаргі рэканструкцыі прызнаў і дырэктар гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка ў час канферэнцыі.
На канферэнцыі прысутнічаў і архітэктар Уладзімір Бачкоў. Падчас выступленняў аўтараў гістарычнай даведкі па замку ён актыўна з імі спрачаўся. Ён лічыць, што знойдзеныя археолагамі каменныя масівы ні пра што не кажуць, а гісторыкі прачыталі інвентары з памылкамі.
Ці будуць выпраўляць праект
«Любы праект для рэстаўрацыі - гэта заўсёды кампраміс. Пытанне толькі ў аб’ёме кампрамісу», — лічыць Алег Шымбарэцкі, галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі ад інстытута «Гроднаграмадзянпраект».
Ён адзначыў, што на гравюры Макоўскага бачна нейкая прастора. Гісторыкі лічаць, што там не было атыка, а архітэктары прапанавалі зрабіць яго ў выглядзе дэкаратыўнага фрыза. Гэта, на думку галоўнага архітэктара, і магло бы быць кампрамісам.
На пытанне, ці будзе мяняцца праект, Шымбарэцкі адказаў, што цяпер няма адзінага меркавання. Новая інфармацыя патрабуе лагічнага тлумачэння. «А тлумачэнне, якое задаволіць усіх, мы ніколі не атрымаем», — лічыць ён. Пры гэтым, на яго думку, у адрозненнях паміж перакладамі інвентароў «гаворка ідзе пра нюансы».
Што тычыцца ўнутраных памяшканняў замка ў другую чаргу рэканструкцыі, то ўсё будзе залежаць ад ступені змененасці будынка. Калі памяшканне будзе аднесена да XVIII стагоддзя, Алег Шымбарэцкі плануе арыентавацца на новыя дададзеныя інвентары.
Праект будуць абмяркоўваць з дзяржзамоўцам, Міністэрствам культуры. Улічваючы іх заўвагі, праекціроўшчыкі будуць уносіць змены.
Чытайце таксама:
- Три периода Старого замка в Гродно: вид 100 лет назад, до реконструкции и сейчас
- Что сейчас происходит с реконструкцией Старого замка в Гродно?
У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.
Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!
З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.