Людзі і справы

«Залезлі ў акно і забралі ў псіхушку». 94-гадовую жыхарку Новага Свету хочуць прызнаць недзеяздольнай — яна замінае будоўлі

Увайшлі на прыватную тэрыторыю, уварваліся ў дом і забралі чалавека ў псіхіятрычную лякарню. Гэта не сцэнар фільма — такая гісторыя ў чэрвені 2017 года адбылася з 94-гадовай Нінай Іосіфаўнай Сямёнавай, жыхаркай дома на Ватуціна, 6 у Гродне. Пенсіянерка плакала, крычала і прасіла аб дапамозе, але нічога не магла зрабіць супраць прадстаўнікоў гарадскіх службаў, якія палічылі яе хворай. А можа ўся справа ў кавалку зямлі ў цэнтры горада?

Стары дом Ніны Іосіфаўны ідзе пад знос. Пенсіянерцы ўжо прыйшло паведамленне аб канфіскацыі зямельнага ўчастка для дзяржаўных патрэб і зносе размешчанага на ім аб’екта. У будучыні на гэтым месцы — адрэзку вуліц Горкага, Ватуціна і 17 Верасня — з’явіцца медыцынска-гасцінічны комплекс.

Пакідаць дом не хоча

У доме Ніна Іосіфаўна жыве адна. Кожны дзень на працягу доўгіх гадоў да яе прыязджае чалавек па імі Вацлаў - сын кампаньёнкі яе маці. Мужчына прывозіць пенсіянерцы прадукты і дапамагае па гаспадарцы. Суседзі, дворнік і паштальён таксама наведваюць Ніну Іосіфаўну, каб ёй не было сумна.

Зараз Ніна Іосіфаўна вярнулася з псыхіятрычнай бальніцы, дзе прабыла 10 дзён. Адразу пасля выпіскі яе забраў Вацлаў з сям’ёй — у іх жанчына пражыла месяц. Пакідаць дом яна больш ніколі не хоча. Вацлаў збіраецца аформіць апеку над бабуляй.

Разам з ёй і відавочцамі Hrodna.life раскажа, што адбылося з гродзенкай у адзін з летніх дзён, калі да яе наведаліся нечаканыя госці.

Цягнулі па асфальце

«Я такія жахі перажыла, што не перадаць словамі. Яны забралі мяне нахабна, залезлі ў акно і завезлі ў псіхушку, — распавядае Ніна Іосіфаўна. — Сказалі, што я ўжо дурная. Дай Божа ўсім такую ​​памяць як у мяне зараз. Проста ўзялі і стварылі на мяне справу. Мабыць, спадабаўся ім мой участак і яны вырашылі мяне прыбраць самотную. Як схапіў мяне адзін, так мне дагэтуль баляць рэбры. Цягнулі яны мяне па асфальце — ногі вельмі баляць. Я ім крычала „Досыць!“, а яны мяне завезлі ў псіхушку».

Дворнік Ян Міхайлавіч, які працуе на вуліцы Ватуціна, бачыў, як Ніну Іосіфаўну забіралі ў псіхіятрычную бальніцу:

«Гэтую жанчыну я ведаю ўжо каля 7 гадоў. Вельмі добрая і прыстойная гродзенка. Я ёй дапамагаю, а таксама Вацлаву, які яе даглядае. Часта заходжу адведаць.

Было вельмі сумна бачыць, як з ёй паступалі службы. Прыехалі на трох машынах, а я акурат у той момант побач з домам касіў траву. Мне сказалі сыходзіць. Я бачыў, як да яе міліцыя ў акно лезла. Я крычаў: «Не чапайце бабульку!», а яны тым часам выцягваць яе сталі і сказалі мне: «Тут яна адна жыве і ў яе нікога няма». Нібыта спрацаваў там пажарны апавяшчальнік. Больш нічога я зрабіць не мог, бо мне сказалі не перашкаджаць".

Дом пачатку ХХ стагоддзя ў Ніны Іосіфаўны знаходзіцца ў добрым стане. За гаспадыняй і будынкам доўгія гады прыглядае адна гродзенская сям’я

Загаварыла па-польску — прызналі неадэкватнай

Сведкам таго, што адбывалася, была і паштальён Людміла Антонаўна:

«Я ішла з газетамі па вуліцы Ватуціна. Да мяне падышоў невысокі лысы мужчына і спытаў: «Вы ведаеце Сямёнаву?"А я ж Ніну Іосіфаўну ведаю даўно — яна выпісвае газеты. Гэты чалавек папрасіў мяне, каб я падышла да яе дому і папрасіла Ніну Іосіфаўну пагадзіцца легчы на ​​абследаванне. Я падумала, што бабуля прыхварэла, зайшла да яе ў двор. А там столькі народу, проста жах. Можа і больш за 15 чалавек. Участковы, міліцыянты, лекары, пажарныя, прадстаўнікі домаўпраўлення, магчыма, гарвыканкама, сацработнікі і іншыя. Вядома, адзінокай пенсіянерцы было страшна.

Я падышла да Ніны Іосіфаўны і спытала, што здарылася, а яна мне ў адказ: «Яны прыйшлі і хочуць мяне забраць». Мужчына перабівае Сямёнаву і кажа «На абследаванне!» Я ж сказала Ніне Іосіфаўне: можа сапраўды з’ездзіла б у бальніцу — у яе праблемы з адным вокам. Яна адказала, што з ёй усё добра і перайшла са мной на польскую. І тады мужчына, які стаяў побач, сказаў: «Бачыце, бачыце, яна неадэкватная».

Яны палічылі, калі чалавек пачаў размаўляць па-польскай мове, значыць ён неадэкватны. Мужчына ў выніку даў указанне лекарам выклікаць брыгаду. Я ім стала казаць, каб спыніліся, Ніна Іосіфаўна абсалютна адэкватная жанчына, якая шмат чытае і шмат ведае, слухае радыё і ва ўсім разбіраецца. Я казала, што яна ў поўным здароўі і розуме, але мяне ніхто не слухаў.

Я бачыла вочы Ніны Іосіфаўны. Яе погляд жаху і бездапаможнасці ніколі не забуду".

Дакументы на дом на Ватуціна падпісаныя губернскім інжынерам

А раптам яна пражыве «занадта доўга»?

Пакуль ехала брыгада, паштальён Людміла Антонаўна пабегла клікаць на дапамогу суседзяў. Адна суседка прыбегла. Гэта была Валянціна Іванаўна.

«Я прыйшла да Ніны Іосіфаўны і ўбачыла вялікую камісію. Мне сказалі, што адбылася ўцечка газу. Але калі я стала размаўляць з газаўшчыкамі, то яны мне сказалі, што бабуля ўжо пяць гадоў не карыстаецца газам і незразумела чаму іх тузанулі, — распавядае Валянціна Іванаўна. — Пасля мне жанчына з адміністрацыі Ленінскага раёна сказала, што паступіла заява на Ніну Іосіфаўну ад жыхароў вуліцы — маўляў, яна небяспечная для навакольных. Я спытала, як чалавек можа быць небяспечным, калі суседзі ведаюць Ніну Іосіфаўну па 50 гадоў і яна ніколі нікому зла не жадала. Тады жанчына з адміністрацыі прапанавала мне зірнуць на санітарыю дома.

Так, я згодна, было брудна. Але я ім спрабавала растлумачыць, што чалавек стары і не заўсёды можа прыбраць за сабой".

Суседка звярнула ўвагу, што шмат гадоў Ніну Іосіфаўну абслугоўвае Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна. Яго прадстаўнікі і павінны былі аказваць дапамогу па хаце.

Ніна Іосіфаўна ў свае 94 гады добра чуе і чытае, ды памятае многіх людзей
Камісія доўга спрабавала даказаць суседцы, што Ніну Іосіфаўну трэба везці ў псіхіятрычную бальніцу. Не давёўшы гэтага, жанчыну сталі проста выправаджваць.

«Я пачала крычаць, каб яны мелі сумленне і пакінулі бабулю ў спакоі, далі ёй дажыць спакойна ў роднай хаце. Можа, ёй засталося некалькі месяцаў? А адзін мне кажа: „А што, калі яшчэ некалькі гадоў?“. Тады я зразумела, што яны хочуць бабулін дом забраць, а яе куды-небудзь завезці».

Валянціна Іванаўна кажа, што са слоў прадстаўнікоў гарадскіх службаў стала зразумела, што скарга на Ніну Іосіфаўну нібыта паступіла ў панядзелак, а ўжо ў сераду яны прыехалі цэлай дэлегацыяй. Але слугі народа не заўсёды так спяшаюцца. З 2011 года Валянціна Іванаўна дамагаецца, каб прадстаўнікі Ленінскага раёну прыйшлі і праверылі яе дом. Але яны не спяшаюцца.

«Ніхто з адміністрацыі не адарваў сваю пятую кропку і не прыйшоў і не праверыў, у якіх умовах жыву я. А тут не паспелі напісаць на бабулю незразумела хто — яны адразу адрэагавалі. У выніку прыехала хуткая, мяне абступілі і выправадзілі з двара, а Ніну Іосіфаўну пагрузілі ў машыну і павезлі».

Будзе змагацца за дом

Пасля гэтай гісторыі Ніна Іосіфаўна канчаткова перастала хадзіць, пастаянна скардзіцца на болі ў жываце. Кожны дзень пенсіянерка ўзгадвае, як яе вывозілі з уласнага дома і спрабавалі прызнаць хворай. Нягледзячы на ​​ўсе цяжкасці, Ніна Іосіфаўна збіраецца адстойваць родную хату.


Медыцынска-гасцінічны комплекс насупраць спартыўнага комплексу «Нёман» збіраецца будаваць расійскае ЗАТ «Лада Хотелс». Пачатак будаўніцтва запланавана ўжо на канец 2017 года.

[irp posts="33 895″ name=" Имеет органическое расстройство личности". Городские службы рассказали, почему завезли пенсионерку с Ватутина в психиатрическую больницу"]

Падзяліцца

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024