Пасля разбурэння стогадовага дома на Валковіча, 23, некалькі гродзенцаў звярнуліся ў пракуратуру са скаргай. Яны просяць даць прававую ацэнку дзеянням гарадскіх уладаў. У сацыяльных сетках гараджане таксама актыўна абмяркоўваюць і асуджаюць рашэнне аб зносе дома.

Дом на Валковіча, 23 пачалі зносіць раніцай 19 снежня. Некаторыя гродзенцы спрабавалі пераканаць будаўнікоў спыніць працы, распавядаючы пра ўнікальнасць пабудовы і спасылаючыся на пастанову Мінкульту аб новай ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра Гродна. Драўляны дом як раз уваходзіў у гэтую зону. Згодна з пастановай, для будынкаў у ахоўнай зоне не абавязковы індывідуальны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, бо пад ахову трапляе ўся забудова вызначанай зоны.


«Утвердили охранную зону и сразу же решили сносить». Новый Свет может лишиться очередного символа


«Сістэматычнае давядзенне дамоў да аварыйнага стану»

«Дом зносяць другія суткі і гэта паказвае, што ён быў моцным. Зараз мы хочам, каб пракуратура дала ацэнку дзеянням гарадскіх уладаў у дачыненні да дамоў драўлянай архітэктуры, і ў прыватнасці, дома 23 на Валковіча. Таму што сістэматычнае давядзенне дамоў да аварыйнага стану выклікае пытанні - ці выконваюць гарадскія ўлады свае абавязкі і функцыі? І як карэлююцца дзеянні па зносу з тым, што дом уваходзіў у ахоўную зону. Пытанняў шмат, паглядзім што адкажа пракуратура», — распавяла гарадзенка Алена Мішэнева.


Выратаваць яшчэ можна. Дом на Валковіча некалькі дзён быў адкрыты для ўсіх жадаючых


«Грошы на кансервацыю можна было б знайсці»

Скаргу ў пракуратуру на гарадскія службы напісала і Тамара Марціросова, якая раніцай 19 снежня адной з першых прыйшла да старой пабудовы.

«Няхай пракуратура праверыць правамернасць дзеянняў гарвыканкама і іншых гарадскіх службаў. Проста немагчыма праходзіць міма. Што яны сабе дазваляюць, чаму ахоўная зона не працуе? Я ўпэўнена, што ўлады пабудуюць на месцы старой хаты яшчэ адзін дом для шматдзетных сем’яў і так яны апраўдаюць свае дзеянні. Вырашаюць сацыяльную праблему і праблему аварыйнасці старых аб’ектаў. Маральна яны будуць на вышыні, прыкрываючыся дзецьмі і бяспекай грамадзян. Але не коштам гістарычнага аб’екта. Элементарна грошы на кансервацыю можна было б знайсці з гарадскога бюджэту. Улады самі давялі гэты дом да аварыйнага стану і цяпер зносяць. Мы, нашы дзеці і ўнукі, проста пазбаўляемся гістарычнай памяці. Мы глыбока абураныя гэтым бязладдзем».

Законнасць зносу дома на Валковіча праверыць пракуратура
Тамара Марціросова


«Спыніце знішчэнне Гародні». Пока вы спали, на Волковича стали сносить старинный дом


Сітуацыю са зносам дома раніцай 19 снежня каментаваў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. Ён казаў, што пабудову знеслі з-за аварыйнасці і на яе месцы не будзе новага дом, а сямейнага тыпу. У будучыні ўчастак зямлі, дзе стаяў дом № 23 плануюць выставіць на аўкцыён. Па яго ўмовах новы ўласнік абавязаны будзе аднавіць архітэктурны аблічча старога будынка.

Рыхтавалі да капрамонту …

Навіна аб зносе доме на Валковіча гродзенцы ўспрынялі вельмі негатыўна. Гэта можна прасачыць па каментарах ў сацыяльных сетках. Многіх хвалявала пытанне, чаму гарадскія ўлады сталі апраўдваць свае дзеянні толькі пасля таго, як прыступілі да зносу. Прычым за дзень да зносу карэспандэнту Hrodna.life ніхто не даў інфармацыю аб маючым адбыцца разбурэнні. Начальнік УЖРЭП Ленінскага раёна Міхаіл Місюля на пытанне аб падрыхтоўчых работах каля дома сказаў, што пабудову рыхтуюць да капітальнага рамонту. А на наступны дзень ён асабіста ўдзельнічаў у зносе.

Законнасць зносу дома на Валковіча праверыць пракуратура
Падчас зносу. Міхаіл Місюля (злева) побач з дырэктарам смеццесартавальнага заводу Вячэславам Андрэеўскім
Адметна, што апроч гродзенцаў навіна аб зносе дома ўсхвалявала і вядомага ў Беларусі нямецкага турыста Яшу Бойтлера, які нядаўна прыязджаў у Гродна на жоўтым веламабілі.

— Man it is a shame? we should keep history for the following generations. Not destroying them… (па беларуску: Чувак гэта ганьба, мы павінны захоўваць гісторыю для наступных пакаленняў. Не знішчаць яе…)

Па інфармацыі Hrodna.life некаторыя дэкаратыўныя элементы са старога дома за дзень да зносу знялі гарадскія службы і завезлі на базу УЖРЭП.

Законнасць зносу дома на Валковіча праверыць пракуратура
Арыгінальны каваны казырок

Даведка

Дом на вуліцы Валковіча, 23 быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя ў стылі рускага драўлянага мадэрна. Падобных пабудоваў у горадзе больш няма. Да Другой сусветнай вайны ў двары дома стаяў фантан са скульптурамі. Дом і цяпер здзіўляў рэшткамі былой раскошы. На галоўным фасадзе захаваліся рэшткі дэкаратыўных разьбяных ўпрыгажанняў. Кампазіцыйным акцэнтам фасада з’яўляўся асіметрычны эркер (кутні балкон). Над галоўным уваходам у дом месціўся каваны казырок працы гродзенскіх майстроў.

У 2005 годзе раён Новы Свет страціў статус ахоўнай зоны і з тых часоў многія драўляныя пабудовы зніклі, іншыя на мяжы зносу. Дом на Валковіча пачалі адсяляць ў 2010 годзе. З тых часоў ён не рамантаваўся і ня абаграваўся.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]