Нядаўна прачытала, што адну з першых у Еўропе партрэтных галерэй стварыў у ХV стагоддзі італьянец Федэрыка дэ Монтэфельтра ў горадзе Урбіна, сабраўшы ў сваім палацца выявы знакамітых мужоў старажытнасці, якіх успрымаў своеасаблівай гістарычнай сям’ёй. Сярод іх герцаг змясціў партрэт свой і свайго сына як духоўных нашчадкаў гэтых выдатных людзей.
Я падумала — а выявы каго я змагла б памясціць у такую ўмоўную галерэю, хто мог бы быць маёй сям’ёй у шырокім светапоглядным сэнсе? У першую чаргу, вядома, я магу назваць сваю рэальную сям’ю, сваіх родных і блізкіх людзей, якія з’яўляюцца самымі дарагімі на гэтым свеце.
Конкурс эсэ «Мая сям’я» абвясціў у студзені 2021 года гродзенскі Універсітэт Залатога Веку. Пераможцаў узнагародзілі 6 траўня на «Жывой бібліятэцы». Першае месца заняла Марына Загідуліна. Публікуем яе эсэ «Мая сям’я» на Hrodna.life.
Мая мама Марыя была прыгожая, мела выдатную фігуру, цяжкую доўгую касу, якую хутка абрэзала, і вельмі далікатны чысты твар са злегку ружаватымі шчочкамі, якія такімі заставаліся да канца жыцця. Яна не карысталася касметыкай, а толькі ў сталым узросце ўжывала крэмы ды час ад часу «на выхад» падфарбоўвала вейкі і вусны. Было ў ёй ад прыроды нешта арыстакратычнае, вытанчанае, што не набываецца, а захоўваецца ў крыві.
Яе мама Марыя Кулеш была праваслаўная беларуска, а бацька Міхаіл Шумскі паляк, які пад ўздзеяннем жонкі, мабыць, таксама стаў беларусам, хаця я гэтага не высвятляла. Мама нарадзілася яшчэ «пры Польшчы» у Навагрудку, і расла ў атачэнні старажытных рэалій: загадкавых вежаў замка, касцёлаў, цэркваў, у адной з якой бабуля тайна ад таты мяне ахрысціла.
Дзед Міхаіл меў «залатыя» рукі, усе мог змайстраваць, зарабляў на сям’ю будаўніцтвам дамоў у наваколлі, а бабуля займалася хатай, траімі дзецьмі. Мая мама была хваравітая, і яе не вельмі абцяжарвалі працай, таму яна мала што ўмела па гаспадарцы ці выштукоўванню розных традыцыйных страваў. Усё клалася на плечы старэйшай сястры і брата.
Сям’я здаўна мела многа зямлі, ды «пры саветах» абшар абрэзалі, пакінулі сад і агарод і пазней далі дзялку далёка ад дома, дзе садзілі бульбу. Я ў дзяцінстве, прыязджаючы на лета, разам са стрыечнымі сёстрамі дапамагала палоць бульбу, а высокі асот калоў рукі. Гэта было маім адзіным жыццёвым досведам у сельскай гаспадарцы.
Мама, як і ўсе мамы, мяне лячыла маленькую ад усіх дзіцячых хваробаў, што я прыносіла з дзіцячага сада. Яна не давала мне лекаў, а паласкала горла, парыла ў вадзе з гарчыцай у вялікай выварцы ногі, якія выглядалі пасля вельмі чырвонымі і зморшчанымі, і я баялася, што такімі застануцца. Дзейсным сродкам мама лічыла малако з маслам і з медам, піла і сама, каб паказаць прыклад, а пасля скардзілася, што ад гэтага малака стала набіраць вагу.
Яна старалася мяне заўсёды з дзяцінства прыгожа апранаць, хаця не заўседы былі грошы, але мы жылі ў доме побач з людзьмі з добрым дастаткам, і было сорамна выглядаць горш. Пазней, калі я была ўжо падлеткам, яна вучыла мяне з густам падбіраць адзенне, мець гарманічны знешні воблік. У магазінах у той час выбару адзення асабліва не было, але віселі якасныя замежныя тканіны. Калі я была ў старэйшых класах, а пасля студэнткай, у мамы з’явілася выдатная краўчыха, якая магла пашыць усе — ад паліто і да майго вясельнага ўбору, таму і я, і мама выглядалі заўсёды модна.
Нават калі мама адыйшла ў іншы свет, на пахаванні жанчыны ўспаміналі, якая яна была красуня, і як яны ва ўніверсітэце, дзе мама працавала, бегалі паглядзець, у якой новай сукенцы прыйшла Марыя Міхайлаўна.
Мама вельмі дапамагала з выхаваннем дзяцей. Пасля першага сына Аляксея я толькі год была ў дэкрэтным адпачынку, а яна таксама працавала, але прыбягала, каб папесціць дзіцятка, і сын называў яе «бабусенька». Пасля нараджэння другога сына Багдана я паўтары месяцы ляжала ў шпіталі, мама яго забрала дадому і з дапамогай маіх бацькі і мужа выходжвала маленькага.
А я ў той час яшчэ і набывала ў Мінску другую адукацыю, і, вядома, мамін удзел у даглядзе за дзецьмі быў неацэнны. Яна вучыла іх быць добрымі і спагадлівымі. І сімвалічна, што толькі адной з дзяўчын майго сына Багдана мама дазволіла прыйсці да сябе на свой апошні Новы год, і зараз Аня — мая нявестка і нарадзіла нам цудоўную чарнавокую Марыську.
Першыя ўспаміны пра тату звязаны з кватэрай на Ажэшка ў Гродне, дзе мы жылі. Я маленькая хварэла і вельмі любіла, калі тата насіў мяне на руках. Я, помню, думала: няўжо будзе час, калі тата не будзе гэта рабіць? І мне ад гэтага станавілася вельмі сумна і хацелася плакаць.
З татам мы хадзілі ў гарадскі парк збіраць каштаны, жалуды, адмысловыя лісты двухсотгадовых рэдкіх дрэваў, пароды многіх з якіх тата ведаў і мяне экзаменаваў у вызначэнні гатункаў. І засталося ў памяці, што на алеях было шмат бэзу, магутных дубоў ды амерыканскіх кленаў з носікамі-прапелерамі.
Тата працаваў выкладчыкам і быў апрануты заўсёды элегантна: касцюмы, гальштукі, шэры макінтош, капялюш. І да сёння, хоць мае 90 гадоў, тата не змяніў стылю, бо дагэтуль з’яўляецца прафесарам універсітэта імя Я.Купалы і не можа дазволіць сабе вольнасці ў адзенні.
Тата быў для мяне заўседы крыніцай глыбокіх ведаў пра свет. Ён ведаў усё, пра што б я ні спытала: палітыка, футбол, гісторыя, сусветная геаграфія, рэлігійная музыка і шмат іншага. У малодшых класах пісаў са мной у сшытку палачкі і літары і дабіўся добрага ў мяне почырка. Ён хадзіў на школьныя сходы і дапамагаў ва ўроках, нават матэматыцы, а сам — гуманітарый.
Што датычыць літаратур усіх народаў свету, то не магу прыпомніць, каб тата не адказаў на якое-небудзь пытанне. А калі гаварыць пра беларускую літаратуру, то мне здаецца, што яго розум — проста энцыклапедыя любых падзей, самых падрабязных дэталяў жыцця, зместу твораў пісьменнікаў.
А колькі вершаў ён ведае на памяць! Своеасаблівай фішкай на розных гарадскіх імпрэзах з’яўляецца яго дэкламацыя разам з мілай гродзенскай літаратаркай твора Багдановіча «Скандынаўская песня» пра драматычнае каханне Інгебор і Аскара.
Тата — удумлівы даследчык беларускай літаратуры і культуры. На яго творчым рахунку 537 публікацый, сярод якіх 18 кніг. На працягу 63 гадоў працы ва ўніверсітэце выхаваў тысячы вучняў, прывіў ім асаблівую пашану да роднага краю. Беларускую свядомасць ён выхаваў і ўва мне, маіх дзецях, а зараз і ўнуках.
Калі мой старэйшы сын Алёша быў зусім маленькі, тата гуляў з ім непадалек ад дома. Сустрэў іх знакаміты гісторык прафесар Міхась Ткачоў і спытаў у дзіцяці: «Ты хто?» А сын, яшчэ кепска вымаўляючы літары, адказаў: «Белалус!», чым прывёў у захапленне абодвух мужчын. Яму ж тата выбраў і жонку Ірыну, дацэнта-філолага ўніверсітэта. А Аляксей — дацэнт-гісторык, на апошнім курсе ўніверсітэта быў прэзідэнцкім стыпендыятам. Беларускі клас скончыў мой малодшы сын, у беларускім класе вучыцца ўнук Адам.
Тата шмат што можа рабіць і рукамі. Ён нарадзіўся да вайны «пры Польшчы», перажыў з бацькамі ў сваім мястэчку на Міншчыне прыход «першых саветаў», немцаў, усталяванне савецкай улады. Яго бацька Міхаіл, які вучыўся ў гімназіі, быў адукаваным чалавекам. Ён добра ведаў рускую літаратуру, мог артыстычна распавядаць жыццёвыя гісторыі, вельмі прыгожа і граматна пісаў, цытаваў вершы, напрыклад, Я.Коласа. Ён меў добры слых, спяваў украінскя песні, любіў рускія «жорсткія рамансы». Здаецца, бачу, як дзед зацягвае: «Вот вспыхнуло утро, румянятся воды…». Ён таксама навучыў мяне песню па-польску «Za Niemen hen precz».
Іх хата з вялікай рускай печчу, звешанай бялюткімі фіранкамі з вышытымі на іх амаль галандскімі бытавымі сцэнамі, заўсёды адрознівалася чысцінёй і парадкам. Такая ж чысціня была ў адносінах паміж членамі сям'і. Яны ніколі не ўжывалі «брудных» слоў, і калі дзед ужо зусім кепска нешта рабіў, бабуля Антаніна дазваляла сабе сказаць: «Чалавек ты дурны…».
Летам мы з бацькамі часта сюды прыязджалі, хадзілі купацца на Нёман, які тут можна было перайсці ўброд, за грыбамі ў хвойнік, на таемнае замчышча, парослае вербамі, а таксама з «чортавым вокам» — возерам без дна, пра якое хадзілі легенды. Па вечарах усе садзіліся гуляць у карты «у тысячу», але мяне не бралі, я толькі назірала і так пасля някепска навучылася гуляць. Хадзілі па Коласаўскіх мясцінах, а ў добрае надвор’е высокія дрэвы Альбуці бачылі за Нёманам ад свайго берага.
Тата з ранняга дзяцінства быў апорай у сям'і, шмат дапамагаў па гаспадарцы: касіў, майстраваў, бо меў старэйшую сястру і намнога маладзейшых брата і сястру. З маленства і да заканчэння школы пасвіў на лугах каля Нёмана кароў, і там з ім здараліся часта самыя драматычныя пасля вайны ці смешныя прыгоды. Кош, сплецены тады татам, захоўваецца ў мяне сёння.
У дзедавай хаце мы, вялікая сям’я, нашчадкі маіх бабулі і дзеда, а таксама прадзеда і прабабкі, што спачываюць на мясцовых могілках, збіраемся кожным летам, і склад кожны раз іншы. Пакінулі нас абедзьве мае цёці, са старэйшых засталіся бацька і яго брат Барыс. А колькі кожны раз ужо новых малых дзяцей — не запомніць!
Калі быў маленькім мой старэйшы сын, я цяжка хварэла і пасля прыехала з ім у жніўні да бабулі з дзедам. Тут было спакойна, усе нас любілі, бабуля адпаіла мяне тады казіным малаком, якое прыносіла яшчэ «пушыстым». Тут мяне раптам «прабіла» на верш, хоць ніколі раней не пісала.
Хачу я ў Свержань – просіць сын малы… Туды, дзе кружаць над ракой буслы, Збіраючыся ў сумны шлях асенні. Там кот Васюк цікуе мыш на сене, Звініць ланцуг калодзежа ў двары. Там чырванее гронкамі рабіна Перад маленькім дзедавым акном… Мы смутак свой і боль туды вязём, Схаваць каб пад вялікі камень млына. Прайшоўшы басанож па лугавіне, Ачысціцца расою і дажджом. Прыціхлі там на Замчышчы паданні. І я, дарослая, у хваляванні Шукаю бацькі маладога след І бачу сцежку, па якой мой дзед Бег да бабулі ўлетку на спатканне.
Маёй духоўнай сям’ёй былі і жыхары Навагрудка. Бацькі мае пажаніліся яшчэ студэнтамі філфака БДУ, пасля тату пакінулі ў аспірантуры, а мама па накіраванні прыехала настаўнічаць у Навагрудак, дзе я і нарадзілася, таму гэты горад мой родны. Праз тры гады мы пераехалі ў Гродна, але кожнае лета я прыязджала сюды да бабулі з дзедам і да любімых стрыечных сясцёр Люды і Лены.
Калі мы, малыя, прыгожа адзетыя хадзілі «у горад», у крамы на плошчу, кінатэатры «Радзіма», «Зорка», то не ўсведамлялі, вядома, усю велічнасць гэтай старажытнай сталіцы ВКЛ. Гэта быў проста «наш горад», «наш парк», «наш замак», «наша сажалка» побач з бальніцай. Каля замку былі Капец і дом Адама Міцкевіча, асобу якога я паступова асэнсоўвала. Калі стала дарослай, яго творчасць паляка-ліцвіна пранікла ў самую душу, бо блізкімі сталі чароўныя паданні пра знаёмую Свіцязь, якая са звычайнай ператварылася ў загадкавую. Не так краналі чыста гістарычныя сюжэты, як шляхецкія рэаліі «Пана Тадэвуша» у пазнавальных мясцовых звычаях, уборах, людскіх стасунках.
А своеасаблівую беларускую, але з польска-гебрэйскім ухілам атмасферу Навагрудчыны адчувала нават я, падлетак. У горадзе былі старыя жыдоўскія крамкі, тут гандляваў вядомы да вайны Бескін, рамантаваў абутак знакаміты Бяняш. Хадзілі да касцёла, у царкву. Усе суседкі называлі адна адну «пані», і гэтае «пані» пранесла я праз жыццё.
З самага маленства я любіла дом пісьменніцы ў Гродне, бо там, у абласной бібліятэцы, працавала мама. Захаваліся пакоі Ажэшкі на першым паверсе — незвычайныя, з прыгожай мэбляй, карцінамі, фігурным камінам, цяжкімі шторамі. Калі пані Эліза хварэла, брук каля яе дома заслалі сенам і саломай, каб не грукацелі колы. На пахаванне выйшлі сотні людзей. Несумненна, жыхары, як і я, шчыра захапляліся яе асобай, творчасцю.
У маладосці я ледзь не плакала над узнеслым каханнем герояў рамана «Над Нёманам», рамантычнымі вобразамі ўдзельнікаў паўстання 1863 г. І хоць пазней я разумела пэўную меладраматычнасць сюжэта, але рэальнае існаванне магілы паўстанцаў, помніка Яну і Цэцыліі і сёння ўспрымаю сімвалічным для краю. Эмацыянальна тут дадаецца і мая любімая апошняя навэла Ажэшкі пра паўстанне «Gloria victis», дзе спяваецца слава пераможаным.
Практычна ў адным узросце, але з розніцаю дзесьці ў 65 гадоў, мы з Максімам каталіся на санках з той самай горкі ў гарадскім парку Гродна. Гэта я вылічыла ўжо дарослая, калі пачала ўсведамляць усю глыбокую філасафічнасць, драматызм, узвышанасць яго паэзіі. Сотні крытыкаў напісалі пра яго артыкулы, у тым ліку і пра яго феномен авалодвання роднай мовай ў Расіі. Але кожны адкрывае яго для сябе сам. Вывучаючы ў школе, чытаючы для «настрою», я заўсёды была ўражана той эмацыянальнай напоўненасцю вобразаў паэта, прасякнутых шчымлівай адзінотай, няўладкаванасцю жыцця, настальгіяй па чысціні і душэўнаму святлу. Яго вершы так дзейнічаюць, што хочацца бегчы, знайсці нейкага гаротнага, як Максім, чалавека, абняць, дапамагчы. Але не бяжыш, не абдымаеш, і ад гэтага цяжка на сэрцы.
Асоба чалавека фарміруецца ў кантэксце рознапланавых сацыяльных адносін і ўздзеянняў, дзе найбольш важкай каштоўнасцю з’яўляецца твая родная сям’я. Але і іншыя, выдатныя і зусім звычайныя людзі тваёй зямлі, якія могуць скласці ўмоўную партрэтную галерэю роду, таксама робяць твой жыццёвы шлях больш маральна цэльным і грунтоўным.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…