Прамысловыя будынкі Гродна незваротна страчваюцца, хаця могуць лёгка стаць моднымі клубамі, элітнымі кватэрамі або прасторнымі офісамі. Адзін з такіх будынкаў, які знік яшчэ ў 1970-х — тартар «Лес».
Калі нехта з гарадзенцаў забіраецца ў Заходнюю Еўропу ці хаця б суседнюю Польшчу, то нярэдка бачыць там старыя прамысловыя будынкі - вельмі прыгожыя з выгляду, ды яшчэ і прыстасаваныя пад сучасныя патрэбы.
Ранейшыя фабрыкі, склады і карабельныя докі цяпер пераўтвараюцца ў модныя галерэі, гандлёвыя плошчы, офісы ды нават элітныя кватэры. Нямала такога кшталту будынкаў меў некалі і наш горад, але і ў савецкі час і цягам апошняга дзесяцігоддзя большасць старых прамысловых аб’ектаў Гродна мы ўжо страцілі, а тыя, што яшчэ стаяць (піўзавод, станіславоўская кафлярня) — таксама знаходзяцца ў небяспецы.
Аднак адным з самых прыгожых прамысловых аб’ектаў старой Гародні быў наднёманскі тартак (лесапілка) «Лес», узведзены насупраць Новага Замку ў самым канцы ХІХ стагоддзя.