Мала хто ведае, што дзевяціпавярховая махіна аблвыканакама – гэта два будынкі, прыбудаваныя адзін на другога ў 1980 годзе, а яшчэ ў канцы 70-х побач стаяў старадаўні 200-гадовы дом.
Правая частка выканкама паўстала ў канцы 60-х на тэрыторыі былога сада пры палацы віцэ-губернатара (цяпер вядомы рэстаранам “Каралеўскае паляванне”).
Аблвыканкам шчыльна падыходзіў да вуліцы Гараднічанскай, якая тады не заканчвалася скрыжаваннем з Тэльмана ды Карбышава, а бегла да самай Гараднічанкі, перасякаючы вуліцу Ажэшкі. На месцы сучаснай левай часткі аблвыканкама знаходзілася двухпавярховая карчма „Nędza” (“Галеча”), пабудаваная ў 1770-я гады. Яна складалася з кампактнага двухпавярховага мураванага будынка гасцініцы і выцягнутай, прамавугольнай у плане драўлянай стайні з цагляным каркасам, якая прылягала да дваровага фасада. Будынкі былі накрыты высокімі двухсхільнымі дахамі.
На пачатку XIX ст. былую карчму перабудавалі пад будынак кантрольнай палаты. Тут працавалі: праўленне таварыства ўзаемнага крэдыту (1894 г.), фотамайстэрня Краўзэля (з1908 г.), казённая вінная лаўка Заморскай. У 1920-30-х гг. у будынку знаходзіліся: крама таварыства “Jutrzenka”, рэстаран “Jar” Я. Зінко, Гродзенскае аддзяленне Варшаўскага гандлёва-прамысловага банка, гандлёвы кааператыў “Lech”, “Клуб дзяржаўных служачых”, рэстаран “Пад зоркаю”.
Пасляваенным гродзенцам карчма запомнілася як афіцэрская сталовая ды крама гарпрамгандлю “Детские игрушки”. Карчма аказалася нечаканай ахвярай “пашырэння” гродзенскага аблвыканкама. У прынцыпе, такой самай ахвярай стаў і сам аблвыканкам, бо ягоны першы будынак, узведзены каля сярэдзіны 1960-х гг., выглядаў досыць цікава.











Такая фіксацыя разбурэння будынкаў у 1960-70-х гг. – даволі рэдкая з’ява. Фатографам маглі зацікавіцца – нашто фатаграфаваць непатрэбнае староцце, на змену якому ідуць новыя шматпавярховікі. На другім плане таксама пазней знішчаны трохпавярховы будынак на Сацыялістычнай.



