Раніцай 17 чэрвеня да Віталіі Навумік прыйшлі дадому прадстаўнікі дзіцячага саду: праверыць умовы пражывання. У Віталіі спыталі, чаму яна давала інтэрв'ю, і намякнулі, што могуць забраць дзіця з-за затрымання мужа. Уладзіміра Навуміка затрымалі 29 траўня на Савецкай плошчы ў Гродне разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Уладзіміру Навумік прад’яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ён застаецца, як і іншыя затрыманыя ў той дзень, у мінскім СІЗА № 1. Віталія кажа, што мужа затрымалі выпадкова, калі ён праходзіў побач і зацікавіўся тым, што адбываецца на плошчы.
Чытайце таксама: «Дочь спрашивает, где папа». Гродненка рассказала, как вместе с Тихановским случайно задержали ее мужа
«Да мяне сёння прыйшлі з дзіцячага садка № 96 загадчыца, выхавальнік і псіхолаг. Праверылі дзіцячы пакой, шафы і халадзільнік. Потым мы выйшлі ў калідор, бо ў мяне дома ў ваннай рамонт, і яны спыталі ў мяне: чаму мой муж пайшоў на пікет, магчыма, ён грошай хацеў там зарабіць, чаму я давала інтэрв'ю Hrodna.life і ці давала я яго наогул. Таксама спыталі пра бацькоў мужа».
Віталія кажа, што пасля гэтага ёй зачыталі дакумент, у якім было напісана, што падчас ператрусу пасля затрымання мужа ў кватэры быў беспарадак, валяліся бычкі і бутэлькі з-пад спіртнога.
Па словах Віталіі, у дакуменце была інфармацыю аб тым, што яна, нібыта, паліць пры дзіцяці. Яна гэта адмаўляе.
«Я сказала, што ў нас у сям'і не паляць і не п’юць. А яны мне ў адказ: вы разумееце, што ў вас забяруць дзіцяці? Маўляў, будзем разбірацца, збіраць дакументы і характарыстыку з месцаў працы».
Віталія кажа, што яны — самая звычайная сям’я, жывуць нармальна, у сацыяльна небяспечным становішчы не знаходзяцца. Дзіця ходзіць у сад, плацяць за яго спраўна.
Віталія кажа, што муж заўсёды займаўся дачкой, пастаянна вадзіў яе на трэніроўкі па гімнастыцы. Муж і жонка выконвалі ўсе абавязкі, якія павінны выконваць бацькі.
«Я вельмі баюся, што ў мяне забяруць дзіцяці. Я не ведаю, чаму яны так робяць. Лічу, яны аказваюць на мяне ціск. Думаю, гэта ўсё звязана з затрыманнем мужа».
Загадчыца дзіцячага сада № 96 Святлана Янчанюк распавяла Hrodna.life, што яны не аказвалі ціску на Віталію Навумік. Проста прыйшлі да яе пагаварыць і праверыць умовы пражывання.
«Мы атрымалі паперу і на падставе яе прыйшлі азнаёміцца. Мы цяпер праводзім сацыяльнае расследаванне, якое доўжыцца 15 дзён. Ніякага ціску на маму не ажыццяўляецца. Усё праходзіць у рамках закона і нічога не парушаецца.
Мы прыехалі паглядзець умовы пражывання і ўтрымання дзіцяці ў рамках дэкрэта прэзідэнта № 18 ад 24 лістапада 2006 г. («Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем’ях» — рэд.). Усё робіцца паводле дакументаў. Дзіця ў іх актыўнае, дзяўчынка вясёлая ў садзе, заўсёды ахайная. Ніякіх фактараў, што спрыяюць адабранню дзіцяці, у іх у сям'і няма", — распавяла загадчыца.
Праваабаронца Раман Юргель з Беларускага Хельсінкскага Камітэта сказаў Hrodna.life, што на ціск і пагрозы трэба абавязкова рэагаваць.
«Я прапаную Віталіі запісацца на асабісты прыём да старшыні гродзенскага гарвыканкама Мечыслава Гоя, загадзя напісаўшы заяву і скаргу на паводзіны супрацоўніц дзіцячага садка. Выкласці сваю пазіцыю і рацыю. Можна вырашыць канфліктную сітуацыю мірным шляхам, без зваротаў у праваахоўныя органы і пры ўдзеле СМІ».
У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.
Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.
Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.
Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.
У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…