Ілюстрацыя створаная з дапамогай штучнага інтэлекту рэдакцыяй Palatno.
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага інжынера Юзафа Кёніга. У падкасце «Галаваломка-1925» выданне Palatno расказвае, хто такі Кёніг, як паліцэйскія змаглі адшукаць і злавіць забойцу.
Пані Асташэўская ехала з Беластока цягніком. У Гродне, куды ёй трэба было трапіць, у яе былі свае справы. Гродзенскія вуліцы ўвечары былі не такімі страшнымі, як пра іх мог часам пісаць «Наднёманскі кур’ер», але ў той вечар у адной з падваротняў было па-сапраўднаму жудасна. Асташэўская ішла каля брамы аднаго з дамоў, калі пабачыла, як двое мужчын схапілі трэцяга — той паспеў толькі загаласіць «Паліцыя!» і ўпаў ніцма на ходнік.
Так, ноччу 10 кастрычніка 1925 года, у Гродне забілі інжынера Юзафа Кёніга. Яго забойства ўскалыхнула грамадскасць і стала адной з самых гучных крымінальных спраў таго часу.
Забойцы выкарысталі лом, абгорнуты ў паперу, каб не пакінуць ніякіх сваіх слядоў, як прыладу злачынства, і сцізорык. У кішэнях інжынера пры першапачатковым аглядзе паліцэйскія знайшлі грошы. Знойдзеныя грошы маглі сведчыць пра тое, што забойства не было матываванае выключна рабаўніцтвам…
У гродзенскай прэсе адразу ж пачалі з’яўляцца нататкі, што паліцыя даведалася, хто здзейсніў злачынства, а аднаго з падазраваных арыштавалі. Гэты ж падазраваны нібыта прызнаў сваю віну і здаў іншых саўдзельнікаў. Вядома, гэта былі чуткі. Аднак праз некалькі дзён пасля забойства паліцэйскія сапраўды затрымалі нейкага Браніслава Чаркоўскага.
Чаркоўскі працаваў тэхнікам і ехаў у Гродна, калі паліцэйскія арыштавалі яго ў цягніку на пад’едзе ў горад. Кёніг і Чаркоўскі былі знаёмыя і арандавалі жыллё паблізу адзін ад аднаго. Было вядома, што мужчыны часта канфліктавалі, і гэта паслужыла прычынай для арышту тэхніка. Да таго ж раней Чаркоўскі знаходзіўся ў турме з-за абвінавачванняў у супрацоўніцтве з бальшавікамі.
Пасля першых допытаў ён не змог пацвердзіць сваё алібі. А яшчэ ў Чаркоўскага знайшлі вялікую суму грошай. Спярша ён казаў, што атрымаў іх за працу, у доларах, але потым размяняў у Беластоку на злотыя. Сума і крыніца атрымання грошай выклікалі шмат пытанняў у паліцэйскіх. Высветлілася, што нумарацыя знойдзеных пры Чаркоўскім купюр адпавядае тым грашам, які раней выдаваў Польскі банк у Беластоку інжынеру Кёнігу.
Дадатковымі доказамі, якія звязалі Чаркоўскага з забойствам, былі тры кнігі, што знайшлі пры затрыманні: адна кніга пра тэхнічную справу, а дзве астатнія — раманы. Чаркоўскі сцвярджаў, што купіў кнігі ў краме ў Сувалках, а на наступны дзень змяніў паказанні і заявіў, што купіў іх на вакзале ў Беластоку.
Аднак паліцыя не знайшла пацвярджэння гэтых слоў затрыманага. Затое знайшла іншую цікавостку. Беластоцкі кнігагандляр успомніў, што прадаваў менавіта гэтыя тры кнігі, а яшчэ ўспомніў, што пакупнік да гэтага набываў тэхнічны альбом на нямецкай мове. Гэты альбом быў знойдзены ў кватэры Кёніга ў Гродне.
Акрамя гэтага на вопратцы Чаркоўскага знайшлі плямы крыві. Крыміналістыка не была яшчэ настолькі прасунутай, каб вызначыць, якому чалавеку належыць кроў (гэта адбылося толькі праз 60 гадоў), а вось дакладна сказаць, што гэта была не кроў жывёлы, эксперты змаглі. Так справа аб забойстве была пабудаваная і перададзеная ў суд.
Чытайце таксама: Гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — страшных серыйных забойцаў, якія любілі Гродна
У гэты ж час Чаркоўскі прызнаецца падчас чарговага допыту, што Кёніга не забіваў, а толькі прымаў удзел у рабаванні. Арыштаваны сказаў, што за рабаванне яму заплацілі 1500 злотых — даволі вялікую суму грошай на той час. Таксама ён назваў імя чалавека, які непасрэдна і забіў інжынера. Паліцэйскія ў хуткім часе высветлілі, што такі чалавек сапраўды існуе, але дачынення да злачынства не мае ніякага.
Суд пачаўся 30 кастрычніка 1925 года ў Гродне. Газета «Наднёманскі кур’ер» пісала невялічкія нататкі з судовага працэсу над Чаркоўскім і перадавала, што той «вядзе сябе спакойна і цынічна, увесь час падкручвае вусы і іранічна пасміхаецца». Судовая зала была запоўненая: людзі садзіліся на лаўкі, абапіраліся аб сцены. Чаркоўскага бараніў дзяржаўны адвакат Задай, а абвінавачванне падтрымліваў падпракурор (малодшая ступень у тагачаснай польскай пракуратуры) са Слоніма Альшэўскі. У разбіральніцтве ўдзельнічалі 15 сведак з боку абвінавачвання і абароны. На судзе абвінавачаны заявіў, што ў паліцыі яго змусілі прызнацца ў забойстве, але ён толькі стаяў побач і назіраў за мінакамі, каб ніхто не перашкодзіў рабаванню Кёніга.
Падчас працэсу высветлілася, што ў Чаркоўскага існавала матывацыя для забойства: Кёніг, паводле яго слоў, быў вінаваты ў ягоным зняволенні ў 1922 годзе. Пасля вызвалення Чаркоўскі задумаў адпомсціць, таму дамовіўся з нейкім Ігнацыем Кулікоўскім і яго знаёмым Антоніем Дэмбіцкім «правучыць інжынера».
Чытайце таксама: Выклік прывідаў, суботняя п’янка і металічны прут у галаве: чым жыў Гродна 100 гадоў таму
Запланавае здзейснілася, але не зусім так, як хацелася Чаркоўскаму. Хаўруснікі сустрэліся ля дома ахвяры, там жа размеркавалі свае ролі: Чаркоўскі будзе стаяць ля дома і спыняць мінакоў, каб тыя ішлі ў іншы бок з нагоды, што там б’юцца п’яныя. Кулікоўскі і Дэмбіцкі павінны былі абрабаваць Кёніга. Чаркоўскі заявіў, што не бачыў моманту забойству, а калі падбег да саўдзельнікаў, то крыкнуў ім: «Што вы нарабілі!».
Кулікоўскага і Дэмбіцкага знайсці паліцыя не змагла. За забойства Кёніга Чаркоўскі адказваў адзін. Для суда дзяжурства Чаркоўскага на рабаванні, якое ён сам спланаваў, не было змякчальнай умовай. Яго прызналі вінаватым і прыгаварылі да смяротнага пакарання.
Чаркоўскі змог пазбегнуць такога лёсу: напісаў просьбу аб памілаванні да польскага прэзідэнта Станіслава Вайцяхоўскага. У выніку яму замянілі смяротную кару на пажыццёвае зняволенне.
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…
Старадаўнія карты і планы ўяўляюць вялікую цікавасць для даследчыкаў. Яны паказваюць рост горада, змены яго…
На парозе 14 лютага - Дзень усіх закаханых, які звыкла выклікае пытанне: што ж падарыць…