“Добры дартсіст прыходзіць са сваімі дроцікамі, ды не з адным камплектам”, – кажа Юрый Сіткевіч з гродзенскага “Дынама”. Менавіта гэтае спартовае таварыства адгукнулася на просьбу аматараў дартсу і правяло першы ў Гродне адкрыты турнір. Хаця гульня ёсць у праграме ці не ўсіх карпаратыўных спартакіяд горада, пагуляць акрамя працы ў вольны час нідзе не атрымаецца. Праўда, пасля турніру пачалі гаварыць пра стварэнне секцый і нават клубу.

Першы турнір па дартсу сярод аматараў прайшоў 8 красавіка і сабраў 19 чалавек узростам ад 14 да 61 года. Цяпер такія турніры будуць праходзіць раз у квартал. Могуць паўстаць секцыі гульні ў дартс і клуб па інтарэсах – усё залежыць ад ініцыятывы гродзенскіх гульцоў.

Раней спаборнічалі на прадпрыемствах

– Аматары звярнуліся з просьбай правесці турнір па дартсу, мы адгукнуліся, – кажа Юрый Сіткевіч, намеснік старшыні савета па эканамічнай працы Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры БФСТ “Дынама”, якая з’яўляецца арганізатарам турніра. – Да гэтага ў Гродне праводзіліся спаборніцтвы на прадпрыемствах, але не было адкрытага турніра, дзе мог паўдзельнічаць любы жадаючы.

З’явяцца клубы і секцыі. Як у Гродне развіваюць культуру гульні ў дартс
Юрый Сіткевіч, намеснік старшыні савета па эканамічнай працы Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры БФСТ “Дынама”

На спаборніцтвы прыйшло 15 мужчын і 4 жанчыны. З-за невялікай колькасці ўдзельнікаў турнір правялі за адзін дзень, а не за два, як планавалася.

З’явяцца клубы і секцыі. Як у Гродне развіваюць культуру гульні ў дартс
Пераможцамі сярод жанчын сталі Таццяна Мароз (1 месца), Вольга Баброва (2 месца) і Алена Акулевіч (3 месца). Сярод мужчын – Дзмітрый Карташэвіч (1 месца), Сяргей Акулевіч (2 месца) і Леанід Шалапанаў (3 месца). Пераможцы атрымалі кубкі, пачастункі ды мішэні з наборамі дроцікаў.

Арганізатары спадзяюцца, што наступным разам прызавы фонд, які фармуецца са стартавых унёскаў удзельнікаў, будзе большы. Гэтым разам невялікія ўнёскі – 3 рублі за кваліфікацыю і 2 за фінал – пайшлі на аплату камунальных паслуг і працу суддзяў.

Падарункі і сертыфікаты пераможцам прадставілі партнёры турніру: Go-go pizza і сетка крамаў тавараў для спорту “Мегаспорт”.

Могуць паўстаць секцыі і клубы

Арганізатары ўпэўнены, што наступны турнір збярэ больш удзельнікаў з розных гарадоў. Ужо гэтым разам спаборніцтвамі цікавіліся аматары з Магілёва, Мінска, Барысава, Салігорска і Ліды. Але прыехалі толькі ўдзельнікі са Слоніма і Мінска.

– Наступным разам дамо раней інфармацыю, – кажа Юры Сіткевіч. – Атрымаецца прыехаць у таго, хто сёння не змог. Мы чакаем людзей з любых гарадоў. Таму і зрабілі вельмі даступныя ўнёскі, якія не шкада патраціць дзеля хобі.

Дартс ёсць у праграме карпаратыўных спартакіяд практычна ўсіх гродзенскіх прадпрыемстваў: «Гродна Азот», “ГроднаЖылБуд”, “Белтэлекам”, “Гроднеэнерга”, “Белкард”. Прычына ў тым, што дартс не патрабуе вялікіх выдаткаў: патрэбна мішэнь цаной да 100 рублёў і камплект дроцікаў.

З’явяцца клубы і секцыі. Як у Гродне развіваюць культуру гульні ў дартс
– Добры дартсіст прыходзіць са сваімі дроцікамі. Дроцікаў існуе мноства і кожны падбірае пад сябе метал, апярэнне, вагу, зручнасць для рукі. У нас ёсць запасны камплект для тых, што прыйшоў без свайго, – расказвае Юрый Сіткевіч. – Але адразу бачна, што ён займаецца дартсам на аматарскім ўзроўні. Тыя, хто займаюцца сур’ёзна, маюць свае дроцікі і не адзін камплект.

Трэніравацца ў Гродне пакуль што можна таксама на прадпрыемствах або дома. Калі аматары дартсу захочуць стварыць секцыю, “Дынама” гатовы прадастаўляць па выходных памяшканне.

“Стой сабе і кідай спакойненька”

Таццяна Мароз, пераможца сярод жанчын, працуе ў “БелГроднаГаз” начальнікам прававой і кадравай працы. Дартсам пачала займацца некалькі гадоў назад, калі на прадпрыемстве яго ўвялі ў спартакіяды. У мінулым годзе стала пераможцам республіканскай спартакіяды сярод “газавікоў”.

– Трэніруюся на прадпрыемстве толькі за два-тры тыдні да спаборніцтваў. Дома зусім не атрымліваецца. Планую сур’ёзна заняцца трэніроўкамі і ўвогуле гэтым відам спорту. З задавальненнем буду хадзіць у секцыю, калі будзе дазваляць час.

Яна заўважае, што дартс у Гродне наогул не развіты. Калі пачала гуляць на прадпрыемстве, пацікавілася, дзе яшчэ можна паспрабаваць сілы. Аказалася, нідзе не паўдзельнічаеш, хіба толькі на “Гродна Азот”, дзе моцная каманда.

– Дартс падабаецца тым, што гэта самы маларухомы від спорту, – смяецца Таццяна. – Стой сабе спакойненька і кідай. Нават у шашкі і шахматы гуляючы трэба напружвацца – галава баліць. Не кажучы пра камандныя віды спорту ці лыжы, якія патрабуюць вялікіх сродкаў, высілкаў і выдаткаў.

З’явяцца клубы і секцыі. Як у Гродне развіваюць культуру гульні ў дартс
Cамы малодшы ўдзельнік першага адкрытага турніру па дартсу – Максім Барташэвіч. Яму 14 гадоў

Дзмітрый Карташэвіч, пераможца сярод мужчын, займаецца дартсам менш за год, але старанна.

– Вынікам я задаволены, але магло быць і лепш – дома лепшыя вынікі, бо няма гэтай атмасферы, рукі не дрыжаць. Я займаюся дома, бо ў нас няма ніводнай установы, дзе можна гуляць у дартс. Я прапаноўваў у некалькіх месцах павесіць мішэнь, але мне адмаўлялі.

Дзмітрый кажа, што культура гульні ў дартс у Беларусі развіта не так, як у Расіі ці Польшчы. Расіянка стала чэмпіёнкай свету па дартсу, а ў Польшчы нават у малых гарадах праводзяцца свае турніры.

З’явяцца клубы і секцыі. Як у Гродне развіваюць культуру гульні ў дартс
Два фіналісты змагаюцца за перамогу на першым адкрытым турніры па дартсу

Кідаць дроцікі можна навучыцца і дома. Але гуляць аднаму нецікава – патрэбен спартовы інтарэс і невялікія турніры. Пасля мясцовых спаборніцтваў можна ехаць у Мінск, а затым і за мяжу. І тады, лічыць Дзмітрый, беларусы змогуць заняць радок у сусветным рэйтынгу.


Як праходзіў турнір: правілы

Спачатку прайшла кваліфікацыя паводле правіл Вялікага раўнду. Удзельнікі павінны былі кінуць па тры дроцікі ў кожны сектар – ад 1 да 20 – і скончыць трапіўшы трыма дроцікамі ў цэнтр. Вынік сумаваўся і згодна з сумай балаў фармавалася фінальная сетка, дзе першае месца гуляла з апошнім,  другое – з перадапошнім і гэдак далей. Па гэтай сетцы ўдзельнікі гулялі на выбыванне паводле правіл гульні “501”: спачатку ў гульца 501 ачко, ён кідае дроцікі ў пэўныя сектары і выбітая колькасць балаў адымаецца. Скончыць гульню трэба, трапіўшы ў сектар “падваенне”.