Спадчына

З эклектыкі ў функцыяналізм: як на Ажэшкі ў Гродне з’явіўся адметны будынак банку

У будынку па вуліцы Ажэшкі, 4 у розны час было і ўпраўленне аптэк, і крама музычных інструментаў, але нарэшце ён цалкам адыйшоў банку — як гэта і задумвалася ў 1930-я, калі яго перабудоўвалі. Адметны будынак у стылі польскага канструктывізму — адзін з рэдкіх у Гродне прыкладаў гэтага стылю. Таму і каштоўны.

Чаму ў міжваенны час будавалі мала

Гродна ў міжваенныя гады страціў статус губернскага (ваяводскага) цэнтра і быў усяго толькі цэнтрам павета. Уладам, у прынцыпе, хапала дамоў узведзеных яшчэ ў пачатку ХХ ст. і таму новых будоўляў у 1920−30-х гг. было адносна нямнога.

Калі браць цікавыя міжваенныя дамы ў стылі функцыяналізму (канструктывізму), то іх можна пералічыць на пальцах дзвюх рук: будынкі тытунёвай фабрыкі, банк на Карбышава, Дом Афіцэраў, некалькі цікавых жылых асабнякоў. І бадай што адзіны на сёння прыклад будынка, які набыў рысы функцыяналізму пры перабудове, а не быў выбудаваны з нуля. Гэта акурат офіс Беларусбанка ў самым пачатку вуліцы Ажэшкі.

Раней там рабілі ліманад

На плане Гродна 1753 г. на гэтым месцы пазначаны палац Браніцкага, «побач афіцына і іншыя будынкі, фундамент з вогнестойкага [матэрыялу]». План 1795 г. адзначае тут ужо толькі драўляную забудову, тады як на плане 1823 г. гэты пляц наогул пусты.

На планах 1831 г. і 1832−1833 гг. тут з’яўляюцца дзве драўляныя пабудовы. На карце 1850−1851 гг. на гэтым месцы ўказаны два каменныя дамы, а ў пачатку XX ст. тут працавала прадпрыемства Шалома Ялпера па вырабу ліманада і содавай вады.

Цікавы здымак на якім дом аздоблены расійскімі манархічнымі сцягамі а палац справа яшчэ не мае трохкутнага фасада над калонамі. Праўда, друкавалі паштоўку ўжо немцы. Пач. ХХ ст.

«Швейцарыя» і «Нью-Ёрк»

Наш дом ужо існаваў у пачатку ХХ ст. і быў уласнасцю купца Мендэля Маісеевіча Эльяшэвіча (Эльяшава) з жонкай Ціпай Якаўлеўнай. У галоўным корпусе каменнага будынка знаходзіліся кантора гаспадара, крама М. Ліпшыца, гадзіннікавая майстэрня Гальдштэйна, банкірская кантора купца Эльяшава, кварціра прысяжнага паверанага Крамарава, фотаатэлье І. Крэйцара, аптэчная крама Л. Баткоўскага (1903 г.), аптэчная крама Разэнталя (1910 г.). Верагодна, пазней Эльяшаў набыў суседні ўчастак і адчыніў гатэль «Швейцарыя» (ён жа — гатэль «Нью-Ёрк»).

Вуліца Ажэшкі каля 1910 г.
У гісторыі гэтага будынка ёсць і вельмі цікавы беларускі эпізод. Летам-вясной 1928 г. тут знаходзілася сядзіба Гродзенскага акруговага камітэта (управы) Таварыства беларускай школы.
Каля дома праходзіць пахавальная працэсія Элізы Ажэшкі. 1910 г.

Планы з размахам

Будынак павятовай касы ў гады вайны
Увесну 1937 г. будынак быў выкуплены Гродзенскай камунальнай касай. Інжынер Грахоўскі распрацаваў праект перабудовы дома. У падвале будынка павінен быў паўстаць скарбец (для грошай і каштоўнасцей), планавалася дабудова новага паверха і новыя перакрыцці. Апрача касы ў новым будынку можна было размесціць яшчэ сем гандлёвых офісаў.

Будаўніцтва планавалася з размахам, на ўсё было выдзелена 70 тысяч злотых. Але да 1938 г. працы так і не пачаліся, бо наймальнікі памяшканняў не хацелі з’язджаць. Радны Юркевіч нават прасіў гарадскую раду адклікаць сваё рашэнне аб перадачы будынка камунальнай касе. Аднак наймальнікаў усё ж выселілі і будынак да вайны паспелі перабудаваць.

Краты на вокнах і памяшканні для каштоўнасцей

У выніку напярэдадні Другой Сусветнай вайны горад атрымаў паўнавартасны банкаўскі будынак з кратамі на вокнах ды спецыяльнымі памяшканнямі для захоўвання каштоўнасцей і грошай.

Вуліца Ажэшкі ў час баёў за горад. 1944 г.
Таму ўжо ў 1944 г. у будынку размяшчалася Гродзенская цэнтральная ашчадная каса. Праўда аж да канца 1950-х гг. тут працавалі некаторыя крамы і кароткі час гродзенскае ўпраўленне аптэк. У верасні 1964 г. тут адчынілася крама № 1 гарпрамгандлю «Мелодия» па продажы музычных інструментаў і тэлерадыёапаратуры. З чэрвеня 1965 г. — крама «Алеся». З часам, аднак, будынак цалкам дастаўся банку і выконвае тыя функцыі, для якіх быў узведзены.
Сучасны выгляд будынка

Падзяліцца

Апошнія запісы

Навучыцца экалагічна выказваць эмоцыі, прыгатаваць моці і станцаваць K-pop: якія гурткі для дарослых ёсць у Гродне

Калі звыклыя хобі ўжо надакучылі і больш не прыносяць задавальнення, самы час выйсці за межы…

19 верасня 2024

«Раней было развіццё, сёння — захаванне таго, што існуе». Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў «зборам» сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)

Мастацтва тэатраў лялек у Беларусі ўзнялося надзвычай высока і 30 гадоў трымала планку якасці. Беларускіх…

18 верасня 2024

«Гродзенскія анёлы» спусціліся з нябёсаў на могілкі. Там прайшла прэзентацыя кнігі Святланы Несцярэнкі

«На могілках! А дзе ж яшчэ праводзіць прэзентацыю? Аўтарка кнігі пра гродзенскі праваслаўны некропаль Святлана…

18 верасня 2024

Прыгожая хімія і лагічны падыход. Як беларуска ў Беластоку занялася рэпетытарствам

У Беларусі Света выкладала хімію ў каледжы і працавала ў антыдопінгавай лабараторыі. Зараз яна жыве ў…

17 верасня 2024

52 ахвяры: гісторыя Станіслава і Яніны Збоньскіх — серыйных забойцаў, якія любілі Гродна

Гродна 100 гадоў таму праславілася як “база” серыйных забойцаў Збоньскіх. Адсюль з вуліцы Фабрычнай, 9 цягам…

15 верасня 2024

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года - выпусціць…

12 верасня 2024