Пра ціхую вуліцу Мендзялеева, што каля чыгуначнага вакзала, ведаюць нямногія гродзенцы. Але пасля забойства жанчыны раніцай у пятніцу 17 сакавіка яна трапіла ва ўсе навіны. 37-гадовы мужчына каля дома № 39/1 забіў суседку і ўцёк. Неўзабаве яго злавілі супрацоўнікі міліцыі. Карэспандэнт Hrodna.life адправіўся да месца злачынства, каб пагутарыць з мясцовымі жыхарамі і даведацца, што магло падштурхнуць мужчыну да забойства.
[the_ad id="16 085"]
Адзінае, што цяпер нагадвае пра забойства каля дома, гэта скрываўленыя пальчаткі каля месца злачынства, якія, магчыма, пакінуў нехта са спецыялістаў.
Аб здзяйсненні злачынства ў органы ўнутраных спраў зранку 17 сакавіка паведамілі відавочцы, якія бачылі, што мясцовы жыхар спачатку бiў, а пасля нажом нанёс некалькі ўдараў сваёй суседцы.
Cледча-аператыўная група, якая прыбыла на месца здарэння, выявіла ў двары жылога дома цела мясцовай 45-гадовай жыхаркі са шматлікімі цялеснымі пашкоджаннямі.
Галіна Аляксандраўна, жыхарка дома 39/1, загінулую ведала, але нават не магла сабе ўявіць, што раніцай гэта яе цела яна бачыла каля дома.
«Мы шакаваныя гэтым здарэннем. Я раніцай, дзесьці ў 7.30, ішла на працу і бачыла міліцыю і хуткую побач з целам, але нават не магла падумаць што там ляжала наша суседка, думала, нейкі мужчына. Я прыйшла на працу і ўжо там мне сказалі, маўляў, маньяк у нас на Мендзялеева забіў жанчыну. Потым я ўжо даведалася, што загінулай была жанчына з нашага дома.
Нiчога дрэннага пра яе сказаць не магу, яна заўсёды віталася. Была даволі прыстойнай, вельмі добрай. Мужчын з ёй не заўважалі. Ведаю, што яе звалі Жанна і ў яе дачка засталася, якая ў школе была выдатніцай, а потым паступіла кудысьці, а куды я не ведаю».
Жыхары дома кажуць, што падазраваны быў суседам Жанны — яны жылі на адным паверсе. Але па якой прычыне сусед накінуўся на жанчыну пакуль сказаць ніхто не можа. Пагаворваюць, што мужчына быў псіхічна хворы.
Пенсіянерка Марыя Iльiнiшна заўсёды баялася гэтага суседа і старалася з ім не канфліктаваць.
«Я шакаваная гэтым выпадкам. Гэта ж трэба — забіць чалавека! Я ведаю гэтага мужчыну, ён ляжаў у вар’ятні, а пасля жыў з гэтай жанчынай у адным доме і на адным паверсе. На мяне пару разоў ён крычаў, маўляў, чаго старая корміш катоў, дай паспаць. Кажуць, што ён дома ўсю мэблю разбіў. Людзі на яго калектыўную скаргу пісалі, бо ён з усімі канфліктаваў. Я аднаго не разумею, чаму бацькі і службы яго аднаго пакінулі жыць у доме — ён жа хворы».
Маладая дзяўчына Алена загінуўшую ведала добра, бо жыла з ёй у адным пад’ездзе. А вось падазраванага дзяўчына ніколі не бачыла, толькі чула пра яго.
«Жанчына была добрая, заўсёды з сабакам выходзіла шпацыраваць. Вельмі ветлівая і весёлая, часта размаўлялі ў пад’ездзе. Сусед, якога падазраюць у забойстве, жыў з загінуўшай на другiм паверсе, але за два гады, якія жыву ў гэтым доме, ані разу яго не бачыла. Суседзі казалі, што ён псіхічна хворы, што канфліктаваў з усімі. Мой муж яго бачыў, дык казаў, што гэты мужчына вельмі агрэсіўны і правакаваў на канфлікт. Заўсёды калі муж з ім сустракаўся, то гэты мужчына глядзеў з агрэсіяй, а адзін раз пхнуў плячом. Мой муж папярэджваў мяне, што на другім паверсе жыве небяспечны чалавек, што трэба быць асцярожным. Але ніхто не мог падумаць, што будзе такое забойства».
Прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама паведамляе, што падазраванага затрымалі на Азёрскай шаша. Затрыманне здзейсніў участковы інспектар Гродзенскага РАУС Андрэй Музычка разам з курсантам Акадэміі МУС Іванам Гаўрыльчыкам. «Супраціву падазраваны не аказаў. Пасля затрымання ён паведаміў, што забойства на яго сумленні. Таксама ўказаў, у якой кішэні ў яго ляжыць нож», — распавёў Андрэй Музычка.Яшчэ адзiн сведка — мужчына, які жыве на Мендзялеева. Ён не прадставіўся, але распавёў, што чуў крыкі жанчыны аб дапамозе, але калі прыйшоў да месца, то ўжо было позна.
«Я выйшаў паліць і пачуў, як жанчына крычала — «Дапамажыце, забіваюць!». Я падышоў і ўбачыў мужчыну, які сядзеў на жанчыне, я казаў яму — «Што ты робіш?», а ён мне ў адказ — «Стукачоў забіваю!», а потым устаў і ўцёк. Жанчына ўжо ў той момант была без прытомнасці.
Калі ён уцякаў, акурат з пад’езда выходзіў хлопец, які i пабег яго даганяць, але не дагнаў. Пасля прыехала міліцыя і пачаліся пошукі. Магу сказаць, што мужык быў здаровы. Я вярнуўся дадому. Ужо калі выходзіў на працу была і хуткая, у медыкаў спытаў як жанчына, дык яны сказалі, што яе выратаваць было нерэальна — было перерэзана горла да пазваночніка. Калі б мы паспелі скінуць гэтага мужчыну, не ведаю цi выжыла б жанчына ці не. Жахліва усё гэта".
Падазраваным апынуўся 37-гадовы мясцовы жыхар. З яго удзелам у цяперашні час праводзяцца следчыя дзеянні. Вядома, што раней ён двойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўчыненне крадзяжоў. Таксама вядома, што затрыманы пакутуе на псіхічнае захворванне. Па артыкуле «забойства» ўзбуджаная крымінальная справа.
[irp posts="15 985″ name="У Гродне міліцыя аператыўна затрымала забойцу"]
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…