Людзі і справы

«Яны сапсуюць свята» ці «У гэтым адзенні людзі»? Мадэлі з інваліднасцю ўпершыню ў Беларусі паўдзельнічалі ў модным шоў

«Уяўляеш, мы ідзем да грымёркі, а дзяўчаты ў калідоры адварочваюцца і рукамі вочы прыкрываюць. Перашэптваюцца: «Яны сапсуюць нам свята», — ціха расказвае дырэктарка дзіцячага хоспіса Воля Вялічка. Воля вельмі спакойная. Дакладныя рухі, уважлівы позірк, лёгкая усмешка. Яна заўсёды такая, калі моцна хвалюецца. А першы ў Беларусі паказ адаптыўнага адзення — нагода да хвалявання яшчэ тая. Шлях мадэляў з інваліднасцю на подыўм не быў безбар’ерным. І вось зараз — яны рыхтуцца да выхаду. Дзясяць мадэляў ад 16 да 70 гадоў з «асаблівымі» целамі разам з валанцёрамі дзіцячага хоспіса ўдзельнічаюць у модным паказе Grodno Fashion Show.

Грымёрка: нуль дыскрымінацыі

«Усё мае быць на роўных з астатнімі». Гэту фразу апошнімі днямі чулі ад Вольгі Вялічкі тысячу разоў. І арганізатары на перамовах, і ўдзельнікі на рэпетыцыях. У грымёрцы гэта нават не абмяркоўваецца. Тут дыскрымінацыі нуль. Шасцёра візажыстак і цырульніц па-валанцёрску вызваліся дапамагчы асаблівым мадэлям падрыхтавацца да выхаду на подыум.

Дзве гадзіны працы над вобразамі ва «ўмовах, набліжаных да баявых» — ўсё сур’ёзна, ніякай дыскрымінацыі.

-Іўльянія, якія ў цябе валасы прыгожыя, аказваецца! І такія доўгія! Я нават не ведала… Хадзем да люстэрка, пабачыш якая ты прыгажуня.

-Не-не, не трэба зараз да люстэрка! Яна ж расплачацца ад шчасця і ўвесь макіяж пацячэ! — перакідваюцца жартамі дзяўчаты.

У іх маленькай грымёрцы адначасова дзесяць чалавек. Каб павярнуцца ці адкрыць дзверы трэба прасіць суседак падсунуцца. Як візажысткам удаецца працаваць — уявіць сабе цяжка.

— Ды мы прывычныя, — усміхаецца Аня Дзярнейка. — Часта так даводзіцца. Галоўнае, каб мадэлі не капрызнічалі. Але з гэтым сёння ўсё ок.

У грымёрцы хлопцаў таксама кіпіць работа — перад подыумам усе роўныя і маюць быць у дасканалым выглядзе.

-У мяне валасы — як дрот. Хоць укладвай, хоць не — праз хвіліну будуць тырчаць ва ўсе бакі дзьмухаўцом, — выбачаецца перад цырульніцай валанцёр хоспіса Ваня Бараноўскі.

-Паглядзім. На мае ўкладкі пакуль ніхто не скардзіўся, — бярэцца за фен Кацярына Ханько.

Гатовы? На выхад!

-Пасля музычнага нумара — вы! — даносіцца ў прыадкрытыя дзверы грымёркі.

-А-а-а-а-а-а-а-а-а-а-а!

-Спакойна. Выходзім. Ні пуха!

-Прадстаўляем вам калекцыю адаптыўнага адзення, — абвяшчаюць дынамікі ў зале.

«Калі я выехала на подыум, то зразумела — людзі такога не чакалі. Я бачыла, што ў жанчын слёзы з’явіліся на вачах і - яны пачалі апладзіраваць! — расказвае Аксана Якуцэвіч. — Ужо калі я потым стаяла на сцэне і назірала, як выходзілі астатнія, то гэта падтрымка ўвесь час расла. Было відаць, што гледачы суперажываюць і захапляюцца. На свой фінальны выхад я ўжо лёгка выязджала. Людзі прывыклі да нашага выгляду і я перастала хвалявацца. Расслабілася і наават патанцавала на вазку. Мяне трымала вялізарная хваля падтрымкі. Я нічога не баялася».

«Ці было мне страшна? Дакладна — не, — расказвае Міхаіл Рачкоў - Але тыя эмоцыі апісаць немагчыма. Я бачыў, як людзі слёзы выціралі, я адчуваў, што ўдалося нешта даказаць, што яны ў нас паверылі!»

«Ведаеце, мы ж не толькі адзенне хацелі прадэманстраваць. Хацелася паказаць, што ў гэтым адзенні - асобы. Што мы нармальныя людзі, паўнавартасныя грамадзяне», — дадае Максім Аўрамчыкаў.

«Я думаю, трэба ўсе магчымасці скарыстоўваць, каб актыўна ўдзельнічаць у жыцці, — працягвае Міхаіл Рачкоў. — Я спяваю яшчэ, на канцэртах часта выступаю. Нядаўна пасля выступу паэт Фёдар Бараноўскі мне дзякаваў і сказаў: „Міша, ты можаш яшчэ больш!“ То вось я паспрабаваў больш — выйшаў на подыум! Я магу!»

Ваня Бараноўскі выходзіў на паказ разам з вазочнікам Міхаілам Капарэнкам. У Вані мама з інваліднасцю. Яна таксама перамяшчаецца на вазку.

«Я прывычны да такой тэхнікі», — кажа хлопец. Ды і пра тое, што вазочнікам патрэбна асаблівае адзенне, Ваня ведае з досведу:

«Бывае, з мамай 100 500 крамаў абыдзем, пакуль нешта выберам. А потым яшчэ перашываць і падганяць прыходзіцца. Добра, што ў яе рукі залатыя і ўжо навучылася рабіць гэта сама. Але ж так не ўсе могуць».

У вёску б такія «цяжкасці»

Вазочнік з вёскі Поразава Яўген Паплаўскі на вузкім подыуме над залай дэманстраваў віртуознае валоданне вазком. Разварот вакол уласнай восі і «пракатачка» пад ухілам на адных задніх колах — толькі частка з яго рэпертуару.

Падчас узгаднення паказу арганізатары прапаноўвалі паказаць калекцыю толькі на сцэне, без выхаду на подыум. Маўляў, каб не разгубіўся хто, не упаў выпадкова з вышыні. Але калі той «вузкі і высокі» подыум пабачыў Жэня — толькі ўсміхнуўся.

«Нас вучаць упраўляцца з вазком, ёсць арганізацыя такая, РАІК (Рэспубліканская асацыацыя інвалідаў-калясачнікаў, заўв. рэд.). Яны курсы адмысловыя праводзяць. Я нават па сходах магу самастойна на вазку спусціцца. Ды і жыццё на вёсцы добра вучыць пераадольваць рознага кшталту бар’еры. Там як за парог — то нават асфальтавай дарогі няма. А што арганізатары апасаліся, то гэта праз тое, што не ведалі і не заўважалі раней вазочнікаў. Мне гэта зразумела — я і сам да аварыі людзей з інваліднасцю не бачыў, нават не задумваўся, што яны жывуць побач».

Каб былі створаны ўмовы і безбар’ернае асяроддзе, інваліды маглі б стаць больш незалежнымі і самастойнымі, мяркуе Яўген. Яны сталі б больш заўважнымі ў грамадстве. Тады рэакцыя на іх з’яўленне ў гарадской прасторы перастала б быць шокам для навакольных людзей. Але і зараз трэба даводзіць свае правы і шукаць магчымасці жыць актыўна.

«Каб лягчэй было з вёскі выязджаць, вырашыў адвучыцца на правы. Брат мяне падтрымаў, усе тры месяцы вазіў у горад на заняткі ў аўташколу. Тэорыю я ўжо здаў, а вось з практыкай — праблема. У Гродне я не знайшоў ніводнай аўташколы, каторая мае аўтамабіль з ручным кіраваннем. Няма на чым здаваць „пляцоўку“ і „горад“. Прыдзецца дзеля гэтага ў Мінск ехаць».

Пасля шоў

Калекцыя адаптыўнага адзення закрывала імпрэзу: гледачы пакідаюць залу, натоўп віруе ў холе.

«Як вам прыйшла ідэя зрабіць такое адзенне?» — падыходзяць цікаўныя да Вольгі Вялічкі.

«Ідэю падалі бацькі дзяцей, хто знаходзяцца пад апекай дзіцячага хоспіса. Два гады таму мы ўпершыню паспрабавалі ствараць адаптыўнае адзенне. Так з’явілася калекцыя „Святаяннік“ для бацькоў і дзяцей з інваліднасцю. Сёлетняя лінейка адзення — працяг і развіццё той задумкі».

«Вельмі добрая калекцыя», — падыходзяць да групы з хоспіса дзве жанчыны. Яны кажуць, што таксама ствараюць адзенне — працуюць як індывідуальныя прадпрымальнікі. Маўляў, таму могуць не толькі эмацыйна, але і з прафесійнага пункту гледжання ацаніць адзенне.

«Мадэлі проста выключныя. Адчуваецца тэхналагічная прапрацоўка, модныя уплывы. А якая прыгажосць! Вышыванкі гэтыя, аздобы — ва ўсім адчуваецца клопат і індывідуальны падыход. Мне вельмі спадабалася. Думаю, што і спажыўцы такога адзеня будуць задаволены, - дзеліцца ўражаннямі Людміла Паплаўская (справа на здымку).

А мадэлькі пасля дэфіле вяртаюцца ў грымёрку. Час здымаць подыўмныя строі і вяртацца да звычайнага, не-адаптаванага, адзення і жыцця. І шукаць новыя шляхі для пераадолення бар’ераў, што існуюць у рэальнасці і ва ўяўленнях людзей.


Дызайн адаптыўнага адзення для людзей з асаблівасцямі будовы цела распрацавалі Вольга Вялічка і Валянціна Апановіч. Над пашывам калекцыі працавалі пяць швачак і канструктар-тэхнолаг. Сёлета калекцыя атрымала Гран-пры на конкурсе стартапаў для сацыяльных прадпрымальнікаў. На паказы Grodna Fashion Show мадэлям з інваліднасцю ўдалося патрапіць з другой спробы, пры падтрымцы абласнога упраўлення ідэалогіі, офіса па правах людзей з інваліднасцю і кіраўніцтва коледжа мастацтваў, дзе адбывалася імпрэза.

Прадзюсар шоў Ігар Леговіч не каментуе сітуацыю для прэсы. Пры выказванні падзякі удзельнікам мерапрыемства Дзіцячы хоспіс ў пераліку партнераў імпрэзы не называлі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024