Ад 1968 года вядзе гісторыю сям’я Януша і Яніны Парулісаў. За гэты час у іх з’явілася двое дзяцей, шасцёра ўнукаў і музей гарадскога побыту. Сёлета пара адсвяткавала залатое вяселле. Для Hrodna.life яны распавялі пра гісторыю кахання, сямейнае жыццё і таямніцы трывалага шлюбу.

Знаёмства: «Гэта было так…»

Януш: Я — гарадзенец карэнны. Во тут дом быў, тут Данько Коля жыў, далей Баркоўскі Генрых — мае сябры. Мы заўжды з імі «шліфавалі» нашы гродзенскія тратуары — хадзілі шпацыраваць па Савецкай. Мы былі сцілягамі. Аднымі з першых у горадзе танцавалі бугі-вугі, рока. Міліцыя і камсамольцы нас лавілі, варанкамі акружалі.

Во дзе памятнік Сакалоўскаму стаіць, там была такая альтанка драўляная з плоскім дахам. Мы на яе забіраліся і танцавалі. А яны акружалі і каго зловяць, то па баках добра давалі. Валасы нам стрыглі, штаны рвалі. Бо мы ў вузкіх хадзілі.

І неяк раз ішоў я там, дзе зараз універмаг, па вуліцы Тэльмана. А Яна ішла са сваёй прыяцельніцай насустрач. Яна прыехала па размеркаванні, адвучыўшыся ў Брэсце на швачку.

Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе
Януш Паруліс расказвае гісторыю фотаздымкаў з сямейнага альбома. Фота: Ірына Новік
Такая была чорненькая, дробненькая. Як на тую пару, мела вельмі модную прычоску. Паглядзеў я і адразу яна мне ў вока запала. Другі раз пабачыў ужо на танцах. Танцпляцоўка была ў парку Жылібера. І там быў высокі драўляны плот, каб без білетаў немагчыма было патрапіць. Але ўсё роўна перабіраліся.

Во там якраз я стаю і падыходзіць да мяне мой калега, Вітэк Канада, мянушка такая ў яго была. І ён кажа: «Пазнаёмся, во са мной дзве сяброўкі». Гляджу — а гэта тая самая дзяўчына!

Той вечар з ёй патанцаваў, потым яшчэ хіба раз, а пасля я паступіў у мараходную школу. Не ведаў ні прозвішча яе, не адраса — нічога. Напісаў ліст да сваіх сяброў, адправіў Генрыху ды іншым, каб знайшлі мне тую дзяўчыну. Сказаў, што як не знойдуць, то сябраваць з імі не буду і пісаць не буду. То яны тут стараліся, шукалі і такі знайшлі. Угаварылі яе напісаць да мяне ліст.

Яніна: Так і было. Я нават Януша не заўважыла, гэта ўсё ён.

Паненка з вёскі Ягадка

Яніна паходзіць з вёскі Ягадка пад Брэстам. Вёску немцы спалілі, зараз яе няма. Бацька дзяўчыны быў у партызанах, меў сем раненняў і памёр адразу пасля вайны. У сям'і засталося васьмёра дзяцей. То дваіх, і Яну таксама, аддалі ў дзетдом, бо не было чым карміць. Дом і ўся гаспадарка былі разбураны вайной. Януш кажа, што Яніна ўспамінала, як бегала праведаць маму, а да хаты ад дзетдома было 6 кіламетраў. Пасля школы паехала ў Брэст, вучыцца на швачку. А на размеркаванні патрапіла ў Гродна.

Януш: Напэўна — гэта лёс. Інакш бы і не пабачыў яе ніколі.

Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе
Януш і Яніна Парулісы. Фота: Андрэй Эйвінд

Ад знаёмства да шлюбу — 10 год

На час знаёмства Янушу было 16 гадоў і ён толькі скончыў школу. Пасля — паступіў у мараходную школу.

Януш: Прыехаў я на Новы год на першыя канікулы ў Гродна. І ў гэтай форме пайшоў да Яніны. Яна тады кватаравала ў доме на Краснапартызанскай, за Нёманам. А туды ж не прайсці, бо наб’юць. У кожнага раёна былі свае межы, каторыя нельга было парушаць. Днём яшчэ ладна, а калі вечар — усё. Сустракалі на сваім баку маста і давалі ў косці!

Мне пашанцавала. Генрых атрымаў у той час кватэру на тым баку Нёмана. То ён сказаў сваім, каб мяне не чапалі, што я свой. І я заўжды хадзіў за мост без праблем.

А потым ізноў з’ехаў. На моры быў пару гадоў, потым у арміі. Урэшце сустрэліся мы зноў і вырашылі пажаніцца. Мне было ўжо 25 з паловай.

Чаму дачакалася?

Януш: Ды я быў вельмі вясёлы, жыццярадасны. І танцаваць умеў, і на каньках круціў - хоць у балетную школу ідзі! Любіў танцаваць. А так, хто яго знае, чым прываражыў. Мо, яна сама лепш скажа?

Яніна толькі ўсміхаецца ў адказ — усё і так відавочна.

Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе
Януш Паруліс у войску займаўся ёгай. Як было не дачакацца такога хлопца?

Вяселле без чаргі, шлюбная ноч на лаўцы

Януш: Вырашылі мы распісацца ў Мінску. А там аказваецца месяц чаргі трэба чакаць. То нам знаёмыя параілі распісацца ў сельсавеце. Я ўжо і вёску тую не памятаю, дзе нас распісалі. Кіламетраў 20 ад Мінска. Там без праблем — бутэльку паставіў і распісалі. А першую шлюбную ноч давялося правесці на лаўцы ў сялянскай хаце, бо ў Мінск вярнуцца ўжо не было чым.

Потым паехалі ў Гродна, у касцёле бралі шлюб. Час быў савецкі, самі разумееце, што гэта было забаронена. Маглі нават з працы звольніць за такое.

Тады на ўвесь горад быў адзін ксёндз, у Бернардынскім касцёле. Знаёмы наш меў машыну, такі стары масквіч. То мы фіранкі на вокнах завесілі і паехалі да касцёла. Зайшлі з чорнага ўваходу. Там нешта кшталту ўстановы навуковай было, лабараторыя, ці нешта такое. Не памятаю дакладна. Але тудой можна было прайсці да алтара. То вось мы пры закрытых дзвярах вянчаліся, толькі пару сведкаў было, радня. Усё ціхутка. Так без музыкі, без нічога нас і павянчалі. Потым ужо адзначылі вяселле.

Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе
Вясельны здымак Парулісаў. Фота з сямейнага архіву
Яніна: Сукенка ў мяне была кароткая, просценькая. Вышываначка беленькая на грудзях. Сама яе шыла. Не такая яна была, як у дзявоцтве марылася. Хацелася доўгую сукенку, пышную. Але было як было. З вясельных рэчаў захаваліся толькі пантофлікі - белыя шпількі. Зараз яны ў Януша ў музеі.
Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе
Фота з сямейнага архіва Парулісаў
Януш: Пярсцёнкі таксама захаваліся. Мой ужо і не налазіць на палец. А Яніна свой носіць да гэтай пары.

Дзеці

Януш: Я сам нарадзіўся на Чапаева. Там была клініка сям'і Варашыльскага, вядомага ў Гродне калекцыянера паштовак. Тады была вайна, Гродна бамбілі. Маму маю цяжарную падкінула выбуховай хваляй на два метры. Яна з ложка ўпала і пачаліся заўчасныя роды.

[irp posts="24 329″ name="Фелікс Варашыльскі: Мая кніга пра Гродна будзе падобная да музея Парулiса — яна будзе пра ўсё""]

А дзед быў вазнічым. То пасадзіў яе на павозку і хутка ў бальніцу прывёз. Маці насіла двойню. Брат мой ішоў першым, яму больш дасталася. То ён пражыў толькі тры месяцы і памёр. Я таксама быў хілым і хваравітым, думалі, што жыць не буду. Але мая бабака, Райка, Францішака жонка, яна была напалову літоўка і ўмела варыць піва. З таго піва рабіла для мяне гогаль-могаль. Дадавала цукар, яйка і мяне гэтым паіла. Так і выхадзіла.

Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе
Сям’я Януша Паруліса. Малы Януш на руках у дзядулі
Як мы сваё першае дзіця чакалі, мне ўсё роўна было, хто народзіцца. Дачку нават больш хацеў. Роды ў Яны былі цяжкія, рабілі кесарава. Як дадому яны з дачкой вярнуліся, то дапамагаў жонцы. Хата старая тады ў нас была. А побач з хатай — калонка. То браў я тазік жэсцяны з двума ручкамі, пялюшкі туды і пад калонку, сціраць-паласкаць. Кабеты на вуліцы аж дзівіліся.

Яніна: Бывае, дачку ў калыску пакладу, палюлюкаю, і на працу. А Януш прыходзіць, потым мне кажа — яна так і спала. Я ў адну змену працавала, ён у другую. А як перазменка ў нас — куды дзець малую? То бабка ў нас тут жыла, пад хату ставім дзіцё з калыскай. У акно пастукаем — і ўцякаць.

На другое дзіця наважыліся толькі праз 8 гадоў. Нарадзіўся сын. Дзеці ў нас харошыя выйшлі. Можа, паглядзелі, як мама старалася, як тата на ўсіх работах працаваў. А зараз маем 6 унукаў. Ужо не цяжка — весела.

Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе
Януш і Яніна з дзецьмі, сынам Дамінікам і дачкой Патрыцыяй. Фота: Андрэй Эйвінд

Сямейныя традыцыі

Януш: Я так скажу: у нас — як у ва ўсіх. Традыцыі што ў католікаў, што ў праваслаўных, аднолькавыя — Каляды, Пасха. Булкі спецыяльныя дома пяклі, карпа гатавалі на Каляды, куццю, усё такое. Раней праблема была з гэтым. А зараз — людзі сталі нармальна жыць, поўныя храмы людзей, моладзі многа. А людзі веруючыя кепскага не зробяць.

Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе
Залатое вяселле Парулісаў. Фота: Андрэй Эйвінд
Яніна: Срэбнае вяселле мы адзначалі ў Польшчы, пад Кракавам. У старым касцёле ў Вішнёва бралі перашлюбаванне. Я не вельмі хацела гэтых цырымоній, ні тады, ні зараз. Я жанчына сціплая, не публічная. Мне галоўнае, каб у сям'і спакойна было, дзеці здаровыя і муж у парадку.

Януш: На залатое вяселле ксёндз наказаў, каб адзначылі. Я ж у Фарным некалькі год касцельным адпрацаваў. Перад службай касцёл адкрываў, святло ўключаў, ксяндзам апранацца дапамагаў, як трэба — чытаў з Бібліі, усё такое. А дзеці сказалі, што стол нам накрыюць. Людзі прыйшлі, добра мы тут пасядзелі.

Салодкія рэцэпты на доўгі век

Традыцыйныя смакоткі гатуюцца ў сям'і паводле даўніх рэцэптаў, што перайшлі да Яніны ад маці Януша. Гэта пірог-таркаванец з пясочнага цеста і торт напалеон.

Яніна: Таркаванец у нас гатуецца на тлушчы, не на масле. На палову цеста кладзецца варэнне і потым астатняе цеста зверху на тарцы трэцца. Гэта ж простая страва, любая гаспадыня так зрабіць можа.

Януш: Гэты пірог з кожным днём усё смачнейшы робіцца, хоць тры тыдні праляжыць!

Яніна: Ды мы гатуем, як усе, нічога асаблівага.

Як пражыць паўвеку ў згодзе

Януш: Я так скажу — няма такога, каб людзі зусім не сварыліся. Ці мала там што? Можа, на працы нешта, можа прыхварэў, усякае бывае. Пасварыліся, ну і пасварыліся. Але мы заўжды спалі разам. Два ложкі побач стаялі. Пасварыліся, адвярнуліся. А ўночы павернешся зноў, то і забудзеш на тую сварку. Мы во як пасварыліся з вечару, то раніцай устаём і заўсёды пачынаем гаварыць. Няма ў нас такога, каб тыднямі не размаўлялі.

Яніна: Часам і трэба памаўчаць, а не атрымліваецца. Думаю, што ўжо тут злавацца, нікуды ж адно ад другога не дзенешся. Трэба ўмець служыць адно аднаму. Ён мне, а я — яму. Трэба ўмець заступіцца, ведаць, дзе разжалабіць, дзе схітраваць.

Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе
Януш і Яніна Парулісы на падворку свайго прыватнага музея гарадскога быту. Фота: Ірына Новік
А так, канечне, мы шчаслівыя. Усё ў нас ёсць. У Януша — музей, у мяне — Януш. То навошта хацець яшчэ невядома чаго?

Януш: З Божай дапамогаю пражылі мы гэтыя 50 гадоў, то і далей справімся. Іншых сакрэтаў не ведаю.

Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе