Што агульнага паміж беларусам з-пад Скідзеля і паўднёваамерыканскім індзейцам з-над возера Ціцікака? Правільна. Яны абодва вельмі любяць бульбу. Амерыканскай бульбе не менш за 14 000 гадоў, ды і вырошчваюць яе індзейцы напрацягу некалькіх тысяч сезонаў. Беларускае бульбаводства значна карацейшае. Сталым госцем на сталах нашых сялян наш «другі хлеб» стаў не больш чым паўтара стагоддзя таму.
За права называцца радзімай бульбы спрачаюцца Перу і Чылі. Бульба там такая, што не кожны беларус рашыўся бы яе есці - у форме морквы, або зусім чорная, або сіняя не толькі з сінім шалупіннем але і сіняя ўнутры.
Хто прывез бульбу ў Еўропу — невядома, лічыцца толькі, што гішпанцы на працягу многіх гадоў выкарыстоўвалі клубні бульбы як якасны запас правізіі для сваіх галеонаў (у бульбе шмат вітаміна С і яна ратавала несвядомых таго маракоў ад самай страшнай марской хваробы — цынгі). У якасці вайсковага трафея пад канец XVI ст. яе прывезлі ў Брытанію маракі Фрэнсіса Дрэйка. Так бульба трапіла на сталы еўрапейцаў.
Першай еўрапейскай краінай, якая амаль цалкам перайшла на бульбу, стала Ірландыя. Бедная перанаселеная калонія Англіі ледзь магла пракарміць сваіх жыхароў. У сярэдзіне ХІХ ст. пераход ірландцаў на бульбу як монакультуру прывёў да жахлівых наступстваў. Бульба пачала хварэць, а англічане працягвалі вывозіць з вострава прадукты харчавання. Таму ў Ірландыі з 1845 па 1851 г. з васьмі мільёнаў чалавек памерла каля мільёна. Яшчэ мільён вымушаны быў з’ехаць у Амерыку.
На кантыненце бульба пачала распаўсюджвацца ў XVIII ст. Беларусам любяць расказваць байкі пра расійскага цара Пятра І, які пачаў распаўсюджваць бульбу ў тым ліку і на нашых землях, але да Гродзеншчыны ён як самадзержац дачынення, на шчасце, не меў.
Бульба прыйшла ў Беларусь з захаду, найперш з Прусіі. Там прускі кароль Фрыдрых Вялікі, жадаючы пракарміць сваіх падданых і найперш вялізарную армію, вырашыў папулярызаваць бульбу. Ён нават абсадзіў бульбай каралеўскі палац Сан-Сусі каля Патсдама і сяляне начамі кралі адтуль каштоўныя клубні.
На Гродзеншчыне бульба згадваецца ўпершыню ў часы Антонія Тызенгаўза. Але была яна тады не асабліва папулярнай агароднай культурай. Напрыклад, у каралеўскім двары ў Верцялішках было аж 15 градаў бацвіння (буракоў, якіх беларусы елі найперш батву), столькі ж градаў капусты, па некалькі градаў морквы, цыбулі ды пастарнаку і толькі дзве грады бульбы. Так, у салацік дадаць.
Яшчэ ў час вайны 1812 года беларусы бульбы амаль не елі. Ды і на Гродзеншчыне яе амаль немагчыма было вырошчваць у вялікіх маштабах, бо для пасадкі ды для разворвання бульбы патрэбен конь з плугам. А ў нас усё гаралі валом ды сахой. Таму або бульба паступова выціснула з Гродзеншчыны вала, або распусюджанне каня прывяло да большага распаўсюду бульбы.
У першай палове ХІХ ст. гродзенскія сяляне вырошчвалі жыта, гарох ды чачавіцу, нават рэпу і бульву (так называлі тапінамбур — земляную грушу), а вось бульба не прыжывалася. Затое ўжо тады яе надта палюбілі мясцовыя памешчыкі, бо бульба давала найбольшы выхад спірту падчас так званага вінакурэння. Памешчыкі мелі свае вінакурні, там бульбу распарвалі, яна брадзіла і з яе выганялі спірт.
Сяляне пачалі актыўна вырошчаць бульбу толькі з сярэдзіны ХІХ ст. Тое было звязана з рэзкім ростам насельніцтва. Традыцыйныя культуры проста не маглі забяспечыць усіх харчаваннем. Так і стала бульба і выратавальніцай беларусаў падчас усіх катастрофаў ХХ стагоддзя і адначасова стала нейкім нашым знакам бяды. Бо нават назву бульбаш прычапілі нам, намякаючы на тое, што апрача бульбагадавання беларусы мала на што здатныя.
Між тым у свеце бульба становіцца ўсё больш папулярнай. Бульбы вырошчваюць значна больш, чым усіх іншых клубневых культур у свеце. Лічыцца, што нават выбуховаму росту насельніцтва ў свеце мы павінны быць абавязаныя бульбе. Бо менавіта бульба перамагла ў свеце голад у класічным разуменні гэтага слова. Людзі недаядаюць, харчуюцца не вельмі якасна, але не паміраюць ад голаду найперш дзякуючы бульбе.
Ну і беларусы як бульбаводы не адстаюць ад іншых народаў. Беларусь з 9 мільёнамі насельніцтва вырошчвае амаль 8 мільёнаў тон бульбы, толькі крыху адстаючы ад такіх краін як Бангладэш ці Польшча. Праўда, колькасць бульбы, якую спажываюць беларусы, патроху падае. Тое, мабыць, не так і дрэнна, бо ежа павінна быць як мага больш разнастайнай і спажыўнай. Але ад варанай-смажанай-печанай і ўсялякай іншай бульбы, зразумела, ніхто адмаўляцца не будзе.
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…