1961 год быў дзіўным у гісторыі ўсяго СССР і Гродна ў прыватнасці. Палёт у космас Юрыя Гагарына быў трыўмфам савецкай навукі ды стаў сімвалічнай вяршыняй паслясталінскай адлігі, калі, здаецца, назаўсёды перамагло спадзяванне на тое, што змрочныя часы рэпрэсій ніколі не вернуцца.
Час і праўда быў дзіўны. У крамах людзі разлічваліся новымі грашыма, абмяркоўвалі палёт Гагарына, давалі абяцанкі новаму ХХІІ з’езду партыі. Але ўжо быў вынесены прыгавор старажытнай гродзенскай Фары Вітаўта, а з пастаментаў на гродзенцаў па-ранейшаму кідаў вокам Іосіф Вісарыёнавіч.
Сталін у Гродне быў паўсюль
Яго помнікі былі не толькі на плошчах (Прывакзальнай, да вайны на Савецкай), але і ў парках (сучасны парк Жылібера), скверах (на Савецкай вуліцы ды на скрыжаванні Леніна і Будзёнага) і на прадпрыемствах (перад тэкстыльным камбінатам). Трымалі Сталіна ў музеі, бібліятэцы, некаторых школах. І нават на вялікім франтоне Новага замка, які быў тады абкамам камуністычнай партыі, у атачэнні бетонных сцягоў таксама красаваліся профілі Сталіна ды Леніна.
Калі правадыр памёр — то яго помнікі сталі месцамі ўсенароднага жалю. Тут гаварылі прамовы і аплаквалі правадыра. Тут ўсё завалілі вянкамі з жалобнымі лентамі, на якіх шматлікія калектывы выказвалі сваю «скорбь» з нагоды смерці «самага чалавечнага з усіх людзей».
Вуліцы Сталіна ніколі не было
Трэба сказаць, што гродзенская сталініяна так і не папоўнілася ніякімі цікавымі аб’ектамі. Здаецца, што ўзвядзенне грандыёзнага бронзавага помніка адклалі на час, калі будуць пабудаваны прыгожыя шматпавярховікі ды праспекты. Тады, мабыць, планавалі і наваць імем Сталіна які новы праспект, бо вуліцы Сталіна ў Гродне так ніколі і не было.
Чытайце таксама: Пазбавіцца дэманаў рэвалюцыі: з якіх вуліц трэба пачаць перайменаванне ў Гродне
Але ў выніку пабудавалі толькі шмат пафарбаваных гіпсавых манументаў на арматурным шкілеце. Тут дапамагла правінцыйная запушчанасць Гродна і вечны недахоп грошай для такіх гарадоў. Усе сродкі рэспубліка кідала на шыкоўныя новабуды Мінска.
Леніну было непрыемна ляжаць побач
І вось ХХІІ з’езд партыі прыняў рашэнне ўзмацніць меры па барацьбе з культам асобы Сталіна. Дэлегатка з’езда з амаль 60-гадовым стажам Лазуркіна заявіла, што напярэдадні раілася з Уладзімірам Ільічом Леніным, які «стаяў перад ёй як жывы» і сказаў, што яму непрыемна ляжаць у маўзалеі разам са Сталіным, які столькі ў сваім жыцці набедакурыў.
Толькі скончыўся з’езд, а Сталіна ўжо дасталі з маўзалея, зрэзалі з кіцеля залатыя гузікі (не прападаць дабру) і закапалі яго пад крамлёўскай сцяной. Пачалося здыманне помнікаў «найвялікшаму сябру дзяцей» па ўсёй вялізарнай краіне.
Пра дэмантаж помнікаў ходзяць легенды
У тыя лістападаўскія дні 1961 года (акурат 55 гадоў таму) зніклі тысячы Сталінаў. Пра пагібель гродзенскіх правадыроў засталіся толькі апокрыфы. Быццам Сталіна з Савецкай вуліцы ўкінулі ў яму, выкапаную проста на месцы былога помніка. Праз некалькі год там паўстаў помнік маршалу Сакалоўскаму.
Аднаго Сталіна адвезлі на форт № 13 гродзенскай крэпасці, дзе ён праляжаў у рове добрых дваццаць гадоў, аж пакуль не быў закапаны, бо разняволены народ пачаў занадта актыўна яго фатаграфаваць.
Чытайце таксама: Каб з гвалтаўніка і забойцы не зрабілі героя. Чаму ў Гродне чым хутчэй трэба паставіць помнік Стэфану Баторыю
Хадзілі таксама легенды, што аднаго правадыра ўкінулі ў Нёман і яго можна было нават пабачыць з лодкі, пакуль гіпсавы твар не з’ела вада.
Мабыць самыю вялікую праблему ўлады мелі з правадыром з парка, бо прыйшлося разам са Сталіным знішчыць і Леніна, які сядзеў на лаве побач.
Загадка франтону Новага замка
Адначасова атрымалі заданне прыбраць Сталіна і ўсе гарадскія ўстановы. Жалобныя ленты выкінулі, а помнікі паздымалі з прахадных і паставілі глыбока ў падсобках. Працэдура была для гродзенцаў ужо звычайная, паколькі знішчаць плакаты ды кнігі здраднікаў народа прыходзілася ўвесь час — ці тое «ворагаў» з Ленінграда, ці тое Лаўрэнція Берыю, які аддана тых ворагаў нішчыў.
Прыбралі Сталіна і з франтона Новага Замка. І вось ужо больш за паўстагоддзя там красуецца герб СССР. Але ўдумлівы чалавек заўважыць неадпаведнасць. Сцягоў у абрамленні герба 16, а стужак на самым гербе 15! Між тым, і тыя і тыя павінны былі сімвалізаваць саюзныя рэспублікі СССР. А неадпаведнасць існуе таму, што ў 1952 г., калі франтон скончылі, было 16 рэспублік, а ў 1961 г., калі прырабілі герб замест Сталіна, засталося толькі 15 (Карэла-Фінская ССР ужо стала аўтаноміяй у складзе Расіі). Такі вось напамін пра дэсталінізацыю ў Гродне.
Бронзавы Ленін для бязвізавых турыстаў
Вось так скончыўся кароткі сталінскі эпізод у гісторыі Гродна. Прыйшоў час Леніных, праўда, таксама гіпсавых ды бетонных. Бронзавага Леніна работы Заіра Азгура паставілі толькі напярэдадні развала СССР. Уладзімір Ільіч спакойна стаіць на плошчы ды парадуе яшчэ не адну тысячу бязвізавых турыстаў з капіталістычных краін, якія зробяць фатаграфванне з дзядуляй абавязковай часткай наведвання старажытнага горада на Нёмане.