Кава — ці не найчасцей ужываны сярод гараджан напой. Яе п’юць і як сродак для падвышэння працаздольнасці, і каб упрыгожыць вольны час.
Выпіць кавы ў кавярні не заўсёды выпадае, асабліва ў часы пандэміі, таму часта мы гатуем гэты напой самі. Як лепш запарыць каву дома, расказалі ў «Нашай каве».
Добрай можа быць толькі свежазмолатая кава. Гэта правіла не падлягае абмеркаванню з тае нагоды, што ужо праз 15 хвілін (!) пасля памола кава губляе каля 70% смакавых уласцівасцяў. Таму незалежна ад сорту, ступені абжаркі, спосабу ўпакоўкі ці кошту — варта набываць каву ў зярнятах.
Якасць памола непасрэдна ўплывае на смак напою. Найлепшая кава атрымліваецца, калі змолатыя гранулы маюць вялікую ступень аднароднасці. На жаль, большасць кавамолак прафесійныя барыста назвалі «каваломкамі», бо зярняты у іх не пераціраюцца паміж жорнамі, а трушчацца нажамі, што круцяцца вакол сваёй асі. У такім выпадку дабіцца аднастайнасці памолу і добрага смаку кавы не выпадае.
Якасць вады вельмі істотна ўплывае на смак кавы. Высокая ступень яе жосткасці ці мінералізацыі можа сапсаваць напой, таму дома для прыгатавання кавы лепш карыстацца фільтраванай вадой. Таксама важна кожны раз выкарыстоўваць свежую ваду, а не грэць тую, што ўжо перакіпела.
Каву нельга запарваць крутым кіпнем. Аптымальная тэмпература вады для кавы каля 92 °C. Знешне такой ступені нагрэву адпавядаюць вялікія бурбалкі, што пачынаюць утварацца ў імбрыку. У гэты час ваду трэба перастаць грэць і заліваць ёй каву.
Запарваць каву лепш не ў кубку, а ў фрэнч-прэсе. Аптымальная працягласць запарвання — 2−3 хвіліны. Пасля трэба зліць напой ў кубак. Калі змолатая кава застаецца ў кантакце з вадой больш часу, то ў напоі павялічваецца колькасць кафеіну і яго горыч перабівае ўсе астатнія адценні смаку. Такім чынам, доўгі час запарвання можа сапсаваць нават самую дарагую і правільна змолатую каву і нават пашкодзіць здароўю.
Пры запарванні кавы яе не трэба размешваць. Тых пару хвілін, што кава настойваецца, важна даць ёй спакой і не ўмешвацца ў працэс. Тады ёсць шанец «выцягнуць» з кавы максімум смаку.
Смак кавы самадастатковы і не патрабуе дадаткаў. Па наяўнасці смакавых адценняў кава багацейшая нават за добрае віно. У яго характарыстыцы пры дэгустацыі налічваюць да 750 смакаў, а кава мае іх каля 1500. Цукар жа і сам вельмі выразна смакуе, таму здольны перабіць смак кавы. Адчуць усю смакавую гаму кавы пры дабаўленні цукру проста не атрымаецца.
Аматарам піць каву з малаком варта мець на ўвазе, што яго не трэба моцна награваць, каб не дапусціць утварэння пенкі, што пагоршыць і смак, і знешні выгляд напоя.
Кава ў джэзве — пераважна хатні варыянт. Такі спосаб прыгатавання кавы патрабуе пільнай увагі і займае больш часу. Таму ў кавярнях часцей карыстаюцца кава-машынамі, а каву ў джэзве (ці турцы) амаль нідзе не гатуюць. Гатуючы каву ў джэзве дома, варта памятаць, што зерне павінна мець вельмі тонкі памол, засыпапаць каву трэба ў нагрэтую да першых бурбалак ваду, а напой нельга кіпяціць. Як толькі шапка падымецца да ўзроўню краёў джэзвы, трэба адразу здымаць яе з агню.
У выбары сорта кавы правілы адсутнічаюць. Найбольш распаўсюджаныя — арабіка і рабуста. Арабіка даражэйшая і мае больш мяккі смак, рабуста — больш горкая, бо ўтрымлівае больш кафеіну і каштуе танней. Часцей за ўсё ўжываюць так званую італьянскую кававую сумесь — 80% арабікі і 20% рабусты. Але ў пытанні выбару сорта кавы варта арыентавацца толькі на ўласны густ.
Асвойвай новыя спосабы прыгатавання кавы! Калі ёсць жаданне па-новаму раскрываць смак любімых зерняў, то варта выкарыстоўваць розныя спосабы запарвання кавы. Так званыя альтэрнатыўныя метады прыгатавання дазваляюць больш ярка раскрыць пэўныя характарыстыкі напою — яго арамат, шчыльнасць, кіслінку ці слодыч. Да таго ж каву, запараную альтэрнатыўнымі метадамі, не дарма называюць слоў-кавай (павольнай). Гэта азначае, што і піць яе можна павольна, амаль да поўнага астывання напою, што як найлепш пасуе для хатняй няспешнай абстаноўкі.
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…