Як клапаціцца пра здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы? Што рабіць, каб дапамагчы арганізму паўнавартасна функцыянаваць, а чаго лепш пазбягаць? Пра гэта на сустрэчы з гарадзенцамі ў этнакраме «Цудоўня» расказаў Алесь Спіцын, мінскі біёлаг, які займаецца вывучэннем лекавых раслін.
Па словах Алеся Спіцына, здароўе сасудаў - гэта адзін з найважнейшых складнікаў здароўя чалавека, таму што харчаванне любой тканкі залежыць ад таго, наколькі добра туды падыходзіць кроў, наколькі добра гэтая кроў насычана кіслародам і іншымі харчовымі рэчывамі. Ад здароўя сасудаў у многім залежыць стан чалавека ўвогуле.
Пра што ж неабходна памятаць, каб захаваць свае сасуды здаровымі?
«Перш, чым ужываць якія-небудзь зёлкі, і тым больш перш, чым ужываць якія-небудзь прэпараты, неабходна навучыцца выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы нашага арганізма. Пакуль мы не выкарыстаем унутраныя рэсурсы нашай сістэмы, знешнія рэсурсы ў выглядзе зёлак, лекаў будуць малаэфектыўнымі», — упэўнівае Алесь Спіцын.Станам свайго арганізма можна кіраваць пры дапамозе правільна арганізаванага руху. Паводле рэкамендацый як айчынных навукоўцаў, так і усходніх практык, прачнуўшыся, не варта адразу ўставаць з ложка. Неабходна сесці, расцерці павекі, лоб, скроні, мочкі вушэй, пальцы. Зойме такая працэдура не больш за паўхвіліны. Аднак трэба памятаць: людзям са схільнасцю да тромбаўтварэння расціраць пальцы нельга.
Устаўшы з ложка, варта працягнуць рухацца — страсянуць ногі, рукі. Гэта неабходна для таго, каб расцягнуліся мышцы. Ранішняя зарадка павінна быць мяккай, без рухаў, якія істотна нагружаюць мышцы.
Алесь Спіцын раіць выконваць з раніцы комплекс практыкаванняў гімнастыкі па Стрэльнікавай (у інтэрнэце лёгка можна знайсці відэаўрокі). Такая трэніроўка насыціць арганізм кіслародам, дапаможа яму «запусціцца, пачаць працаваць». Дзякуючы ёй у дастатковай ступені прапрацуюцца ўсе скелетныя мышцы і суставы.
Гімнастыку можна спрашчаць для тых людзей, якія не могуць выканаць яе ў поўным аб’ёме. Паказчыкам эфектыўнасці трэніроўкі стануць далоні - на іх выступяць чырванаватыя плямкі. Супрацьпаказана гімнастыка па Стрэльнікавай людзям са схільнасцю да дыхавіцы (задышкі).
Алесь Спіцын узгадаў гісторыю-байку аб тым, як пасля прыезду Буша ў Савецкі Саюз недзе на мяжы 80-х — 90-х гадоў беларускі навуковец, прафесар М.І. Арынчын напісаў яму ліст з папярэджаннем: калі той і надалей працягне бегаць па раніцах, яго чакае інфаркт. На гэты зварот ніхто не звярнуў увагі: нейкі прафесар з нейкай Беларусі нешта напісаў, прытым не па афіцыйных каналах. Пра ліст узгадалі толькі тады, як у Буша сапраўды здарыўся інфаркт. Арынчына запрасілі ў кансіліум, які распрацоўваў рэабілітацыю.
«Гэта звязана з тым, што з раніцы бегаць і ўвогуле з раніцы моцна нагружацца можа толькі вельмі здаровы чалавек, якому не шкада траціць сваё здароўе на гэтую справу, — тлумачыць Алесь Спіцын. — Калі мы ляжым, спім, у нас працуе толькі адно сэрца. Кровазварот не вельмі актыўны, і сэрца спакойна пракачвае кроў праз усю капілярную сетку, праз усе сасуды. Кроў затым нармальна вяртаецца ў сэрца.
Калі мы ўстаем, на нашу кроў адразу ж пачынае дзейнічаць сіла гравітацыі зямлі, і кроў актыўна падае ўніз. А назад ёй прыходзіцца вяртацца дзякуючы мышцам вен і дзякуючы сардэчнаму ціску. А мышцы яшчэ не расцягнуліся, не пачалі актыўна працаваць".
У выніку сэрца катастрафічна напружваецца і з часам пачынае здаваць, не вытрымліваючы такіх нагрузак.
Пачынаючы дзень з ранішняй зарадкі, памятайце: пасля сну не дапушчальныя сур’ёзныя нагрузкі на мышцы. З ранку падыдзе або кіслародна-нейтральная трэніроўка (з лёгкімі, не абцяжарваючымі арганізм рухамі), або трэніроўка, якая насыціць кроў кіслародам (напрыклад, ужо згаданая гімнастыка па Стрэльнікавай). Усе цяжкія спартовыя трэніроўкі павінны ажыццяўляцца пасля абеду і не менш чым за гадзіну да сну.
Для паўнавартаснага функцыянавання сасудаў арганізм мае патрэбу ў рэчывах, якія называюцца антыаксіданты.
Алесь Спіцын лічыць, што насыціць сасуды неабходнымі антыаксідантамі найлепш дапамогуць зёлкі і іншыя натуральныя прадукты, і прапануе рэцэпт, які жартам называе «аджыкай».
4 вялікія яблыкі і 1 цыбуля памерам з яблык націраюцца на тарцы. Сюды ж дадаецца адзін зубок часнака, таксама нацёрты ці расціснуты. Усё перамешваецца. Калі яблыкі з супермаркета, папярэдне здымаецца скурка, бо хутчэй за ўсё яна пакрыта парафінам.
Сумесь, што атрымалася, неабходна з’есці цягам дня. Можна саму па сабе, можна ў якасці дадатку — напрыклад, да кашы ці макарон. Зімою карысным будзе дадаць яшчэ і расцертыя парасткі пшаніцы, ячменю ці аўса.
Сярод прадуктаў, багатых на антыаксіданты, Алесь Спіцын называе і вядомую сваімі ўнікальнымі асаблівасцямі зялёную гарбату.
А вось людзям з сасудзістай адчувальнасцю да надвор’я раіць такі збор з зёлак: хвошч палявы (3), трыпутнік вялікі (2), суквецці канюшыны ружовай або белай (1), пустырнік (2), ваўчкі (2). Лічбамі пазначаны прапорцыі, у якіх варта ўзяць лекавыя травы.
Пры спастычных галаўных болях, звязаных са спазмам сасудаў, дапаможа адвар канюшыны, духмянага рамонка ці яруткі (манжетки). Піць яго трэба курсам працягласцю ў 3 месяцы.
Алесь Спіцын нагадвае, што выкарыстанне зёлак і іншых натуральных прадуктаў для прафілактыкі захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы будзе эфектыўным толькі пры дастатковым узроўні руху. Дастатковым — гэта значыць адпаведным здароўю кожнага канкрэтнага чалавека, максімальным, які можа сабе чалавек дазволіць, застаючыся здаровым.
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…