Спадчына

Мінкульт не змог спыніць спрэчную рэканструкцыю. Як уратаваць Стары замак у Гродне

На вачах у гродзенцаў будаўнікі разабралі частку каралеўскага замку, якой было 300−400 гадоў. Як так выйшла і што рабіць? Высвятляла «Свабода».

Хто прапусціў?

«Гродзенцы, чаму вы дазваляеце руйнаваць спадчыну?» — падобныя закіды пісалі інтэрнэт-карыстальнікі, убачыўшы на замку перфаратары і параўнаўшы фота «да» (з дахам і сценамі) і «пасля» («абезгалоўленую» каробку).

Да
Пасля

Дык хто «правароніў» замак, у якім ладзілі соймы Рэчы Паспалітай, які захаваўся лепш за іншыя каралеўскія рэзідэнцыі таго часу і які так любіў Стэфан Баторы?

Аднаўлення Старога замку, які пайшоў расколінамі па сценах, чакалі даўно. Калі ў сярэдзіне «нулявых» гарадскую архітэктуру пачалі моцна перарабляць (рэканструкцыя Савецкай плошчы, знішчэнне драўлянай забудовы Новага свету, знос або перабудова старых дамоў да непазнавальнасці), абаронцы спадчыны дэманстравалі прыгожы эскіз новенькага замку (распрацаваны ў канцы 1980-х) у процівагу такім зменам.

Схема рэканструкцыі Старога замку
Урэшце абласныя ўлады выдзелілі грошы на рэканструкцыю. «Стары замак памаладзее на чатыры стагоддзі», «Рэзідэнцыю адновяць, як пры Стэфане Баторым», «Пачалася рэканструкцыя, якую замак чакаў 30 гадоў» — так пазітыўна мэдыя пісалі яшчэ ў 2015 годзе.

Можа быць, вінаваты Уладзімір Бачкоў, навуковы кіраўнік рэканструкцыі, ён жа аўтар праекту, вядомы скандальнай рэканструкцыяй яшчэ нясвіжскага замку?

Архітэктар распрацаваў сваё бачанне адноўленага гродзенскага замку яшчэ за савецкім часам, у канцы 1980-х. Тады «Белрэстаўрацыя» спецыяльна рабіла вялікае навуковае даследаванне замку, якое і стала падставай для праекту. У 2000-х Бачкоў проста дапрацаваў свае папярэднія эскізы трыццацігадовай даўнасці, якія абапіраліся на высновы навукоўцаў. Нібыта ўсё слушна.

Можа быць, недагледзелі ўлады, уласна Мінкульт, які зацвярджаў праект? Але ж яго распрацаваў дасведчаны архітэктар на падставе даследаванняў навукоўцаў.

Раптам у гэтай гісторыі з’явілася новая постаць — Мікола Волкаў, гісторык Акадэміі навук, які пісаў навуковую працу пра гродзенскі замак і нечакана для сябе заўважыў шэраг памылак у праекце Бачкова. За трыццаць гадоў гістарычная навука зрабіла крок наперад, адкрыліся новыя крыніцы аб замку, раней вядомыя інвентары гісторык таксама прачытаў па-іншаму, у тым дзякуючы інтэрнэту, магчымасці параўноўваць дакументы, выявы, апісанні. Прыкладам, ён ведаў пра розніцу ў адліку паверхаў у палякаў, якія таксама апісвалі гродзенскі замак.

Волкаў зразумеў, што Бачкоў дадаў лішнія паверхі ў некалькі вежаў, «прыдумаў» вялікую камяніцу там, дзе знаходзіліся проста сходы.

Прыкладна з 2015 году навуковец выступаў са сваімі заўвагамі — на канферэнцыях, круглых сталах, у медыя. Але аказалася, што ўжо надта позна. Вялікія грошы на праект выдаткаваныя, фінансавая дакументацыя, згодна з якой ідуць работы, зацверджаная.

Пасля рэзанансу праект усё ж накіравалі на перагляд у Мінкульт, але рэкамендацыі наконт зменаў былі нязначнымі.

Самай буйной перамогай Волкава і паплечнікаў стала тое, што на замку не будуць разбіраць другі паверх прыбудовы пры ўязной браме (гэта, мяркуецца, XVII-XVIII стагоддзе).

Другі паверх прыбудовы злева ад брамы вырашылі захаваць
Адметна, што Мінкульт спрабаваў умяшацца ў працэс рэканструкцыі постфактум, але безвынікова.

«Некалькі спробаў спыніць работы праз Мінкульт не мелі поспеху. Працу адсочвае старшыня аблвыканкаму», — паведаміла кансультантка ўпраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Святлана Краюшкіна падчас чэрвеньскага круглага стала ў Мінску, прысвечанага Старому замку.

Прадстаўніца Мінкульту адзначыла, што ўсё пачалося ў 2008 годзе, калі праект інвеставання разглядаўся на паседжанні рады пры Мінкульце.

«Цяжка сказаць, што тады абмяркоўвалася. Я не бачыла. Не ведаю матывацыі, чаму тады гэты праект быў ухвалены. Але ён рэкамэндаваўся для далейшага праектавання… На мой асабісты вялікі жаль, канчатковы праект таксама быў ухвалены», — сказала Краюшкіна.

Удзельнікі згаданага круглага стала адзначылі, што пры падпісаных паперах нерэальна нешта змяніць. Галоўным чынам гэта датычыць першай чаргі, якая цяпер ідзе (уязная брама, мост, галерэя, сцяна і сярэдняя вежа над Нёманам, камяніца пры вежы над Нёманам, мерная ізба). Калі «лішняя» камяніца закладзена ў праект, то яна мусіць з’явіцца.

Цяпер ідзе першая чарга рэканструкцыі (злева направа: сярэдняя вежа над Нёманам, камяніца пры сярэдняй вежы, сцяна над Нёманам, прыбудова да ўязной брамы, уязная брама, галерэя)
Цяпер ідзе першая чарга рэканструкцыі (злева направа: сярэдняя вежа над Нёманам, камяніца пры сярэдняй вежы, сцяна над Нёманам, прыбудова да ўязной брамы, уязная брама, галерэя).

Да таго ж у ёй запраектаваны цеплавузел. Паводле беларускага заканадаўства, чарга рэканструкцыі не можа быць завершаная, калі не пабудаваны цеплавузел. Гэта значыць, нават калі гродзенцы пратэстамі дамогуцца ейнай адмены, гэта будзе значыць спыненне работ і аўтаматычную адмену другой і трэцяй чаргі рэканструкцыі, што неўзабаве пацягне знішчэньне замку ад старасці.

Выбар паміж: або замку не будзе, або ён будзе не падобны да першапачатковага.

План: выехаць на месца і памяняць ход рэканструкцыі

У той жа час ёсць шанец паўплываць на другую (каралеўскі палац) і трэцюю (рэшта замкавай сцяны, дзе цяпер адно руіны, і Ніжняя царква) чаргу рэканструкцыі.

Каралеўскі палац захаваўся даволі добра
«Калі выдзеленыя бюджэтныя сродкі, якія трэба засвоіць, то пры ўсім нашым крытычным стаўленні да гэтых працэсаў, спыніць (рэканструкцыю) на першай чарзе мы не можам. Трэба засяродзіцца на другой і трэцяй чарзе і паспрабаваць паўплываць на сітуацыю на стадыі распрацоўкі, каб улічваліся ўсе новыя абставіны, якія сталі вядомыя», — адзначыў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.

Як паведаміў Свабодзе Юры Кітурка, дырэктар гісторыка-археалагічнага музею, які месціцца ў Старым замку, распрацоўка праекту другой і трэцяй чаргі яшчэ не пачыналіся.

Уваход у гісторыка-археалагічны музей, які месціцца ў Старым замку
У чэрвені абаронцы спадчыны (гісторыкі, архітэктары, чыноўнікі, прадстаўнікі грамадcкасці) правялі круглы стол, прысвечаны лёсу замка, які мадэраваў Антон Астаповіч. Дамовіліся да дзвюх рэчаў.

Па-першае, прыехаць у Гродна «для прыняцця рашэння аб праекце на месцы». Верагодна, часткай рашэння стане правядзенне дадатковых навуковых даследаванняў аб’екта, бо за апошнія дзесяцігоддзі павялічылася колькасць дадзеных пра замак.

Гродзенскія гісторыкі прапануюць замовіць гэтыя даследаванні ў Міколы Волкава, які раней вывучаў толькі тую частку замку, якая ўвайшла ў першую чаргу рэканструкцыі.

Праўда, галоўны архітэктар праектаў інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Алег Шымбарэцкі, які займаецца замкам, сцвярджае, што дадзеныя збіраліся, вывучаліся цягам трыццаці гадоў, а не толькі ў 1980-х.

«У выніку былі распрацаваныя чатыры варыянты рэканструкцыі. Іх выносілі на раду пры Мінкульце. Чацвёрты варыянт быў прыняты ў працу», — сказаў Свабодзе Алег Шымбарэцкі.

Па-другое, вырашылі паспрабаваць скарэктаваць «абгрунтаванне інвестыцый праектаў другой і трэцяй чаргі з улікам найбольш поўнага захавання аўтэнтычных элементаў розных перыядаў». То бок, каб замак болей не разбіралі.

Дарэчы, Юры Кітурка сказаў Свабодзе, што «ўсё, што трэба было разабраць, ужо разабралі». Ён запэўніў, што ўсе фрагменты, пабудаваныя раней за ХV стагоддзе, у часы Вітаўта, разбірацца дакладна не будуць.

Гэта датычыць і сцяны над Нёманам. З яе раней знялі напластаванні савецкага і польскага часу. Гродзенскія актывісты турбаваліся, што яе працягнуць разбіраць ажно да часоў Вітаўта, каб праз яе на схіл Замкавай гары магла прайсці будаўнічая тэхніка.

Выгляд замку паводле праекту Бачкова

«Усё, што вы бачыце на сённяшні дзень, усё захоўваецца», — пацвердзіў Свабодзе і Алег Шымбарэцкі.

Гродзенскія гісторыкі мяркуюць, што варта скончыць работы на другой чарзе рэканструкцыі (аднавіць каралеўскі палац, які ёсць часткай замку), а трэцюю чаргу адмяніць. Да яе адносяцца руіны сценаў, на якіх сёння любяць адпачываць гродзенцы.

Частка замку з боку Гараднічанкі захавалася менш за ўсё
Гродзенскія гісторыкі прапануюць закансерваваць гэтую частку, а не ствараць на ейным месцы навабуд

Замест узвядзення сценаў-навабудаў на месцы руінаў можна адкрыць археалагічны шкляны павільён са зрэзам археалагічных пластоў у двары замку, пачынаючы ад ХІІ стагоддзя.

Якія пытанні засталіся?

Прэтэнзіі гісторыкаў і грамадскасці да цяперашніх работ датычаць не толькі праекту (з лішняй камяніцай і паверхамі), але і яго выканання.

1. «Знішчальная» методыка

Дзеля аднаўленьня страчаных элементаў ці тых, што ніколі не існавалі, нішчацца аўтэнтычныя канструкцыі. Каб аднавіць замак на XVI стагоддзе, разабралі сцены пазнейшых часоў, не менш каштоўныя (XVII, XVIII, XIX).

«Падыход на замку да захавання таго, што да сёння ацалела, вельмі дзіўны. Сёння ёсць тэхналогія ўмацавання аварыйных сцен без іхнага дэмантажу ці аднаўленне страчанага без ужывання, прыкладам, цэменту, які, даказана, шкодны на такіх мурах», — кажа мінскі архітэктар-рэстаўратар Раман Забела. Ён навучаўся ў Кракаве, працуе з гістарычнымі аб’ектамі па ўсёй Беларусі.

Ён удакладніў, што механізаваны спосаб разборкі, з перфаратарам, не вітаецца пры дэмантажы, хоць дакладнай забароны няма.

2. Даследаванасць

Незразумела, ці былі праведзеныя дастатковыя даследаванні аб’екта да пачатку работ і наколькі кампетэнтна. Паводле апісанняў, фасады ўпрыгожваў малюнак у тэхніцы зграфіта, а ў капліцы над брамай пад падшыўкай столі былі знойдзеныя роспісы XVI-XVII стагоддзяў. На той момант ужо была збітая тынкоўка ў памяшканнях і на фасадах. Невядома, ці не збілі разам з ёю і іншыя фрагменты жывапісу ці зграфіта без папярэдняга вывучэння.

Фрагмент фрэскі, знойдзены ў капліцы над брамай
«Ці ёсць даследаванні гэтай тынкоўкі, што падобных роспісаў не было ў іншых месцах? Калі будуць дакументы, што роспісаў не было выяўлена, то пытанняў не будзе», — кажа Раман Забела.

3. Акуратнасць работ

Вядома, што будаўнікі на замку маюць здзельную аплату, а гэта азначае хуткую працу. Агулам у Беларусі адсутнічаюць нарматывы для рэстаўрацыі. Рэстаўратары карыстаюцца будаўнічымі нормамі, якія дзейнічаюць, напрыклад, пры пабудове дамоў.

У гэтай сітуацыі работы патрабуюць сталай прысутнасці рэстаўратараў на аб’екце, каб тлумачыць выканаўцам рэстаўрацыйныя асаблівасці і аператыўна вырашаць спрэчныя моманты. Іначай вялікая верагоднасць атрымаць катэдж.

4. Адсутнасць незалежнай інспекцыі аховы помнікаў

Яна магла бы хутка рэагаваць на парушэнні, мяркуе Раман Забела. Такая пасада, для параўнання, ёсць у Польшчы.

5. Няма дыялогу, закрытасць інфармацыі

Раман Забела адзначае, што кожны аб’ект індывідуальны. Складана аб’ектыўна рабіць высновы без ведання вынікаў комплексных (міждысцыплінарных) даследаванняў.

«Не было аргументаванага адказу з боку Бачкова на пералік памылак праз таго ж Волкава. Ён не друкуецца. Магчыма, у праекце Бачкова таксама ўсё абгрунтавана, праводзіліся ўсе неабходныя даследаванні. Але ён не даў гэтай інфармацыі», — кажа архітэктар.

Да таго ж, калі нехта фатаграфуе гродзенскі замак, на яго сварацца рабочыя і забараняюць здымаць.

Суразмоўца прыводзіць у прыклад аднаўленне Берлінскага палаца, якое ідзе ў гэты ж час. Немцы зрабілі з рэканструкцыі атракцыю, на якой зарабляюць грошы. Побач з палацам працуе часовы музей аднаўлення. Кожны можа прыйсці туды, убачыць праз акно будоўлю і набыць сувенір. Можа пазначыць, які менавіта фрагмент ён хоча, каб аднавілі за ягоны ўнёсак. Рэгулярна выходзіць часопіс, які распавядае, што было зроблена за апошні час. Пры такім падыходзе ў людзей не застаецца пытанняў да работ.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Распісныя шары і снегавікі ручной працы: дзе ў Гродне купіць навагодні дэкор

Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…

23 лістапада 2024

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024