Выканаўчы дырэктар «Ідэі» Антон Раднянкоў піша пра тое, што мы маем і што мы маглі б мець, калі б сур’ёзна ўзяліся за развіццё турызму.
Для сферы турызму гэты год павінен стаць пераломным. Пачатак 2017 адзначыўся сапраўднымі рэвалюцыйнымі зменамі: нечакана для ўсіх Беларусь адмяніла візы для грамадзянаў большасці развітых краін свету. Канешне, пакуль гэта тычацца толькі некалькіх турыстычных дэстынацыяў (як Аўгустоўскі канал і Гродна) і авіяпрылётаў. І хоць гэтак у краіну прыбывае толькі кожны восьмы замежнік, але зрухі ўсё роўна пазітыўныя.
Такія смелыя крокі вельмі патрэбныя турыстычнай галіне, якая апошнімі гадамі знаходзілася ў стагнацыі. З года ў год колькасць замежнікаў, якія прыбываюць у краіну, змяншаецца (падзенне на 30% у параўнанні з 2013 годам). З арганізаванымі турыстамі (тыя, якія скарысталіся паслугамі турфірмаў) сітуацыя падобная: падзенне на 25% у параўнанні з 2010 для гасцей з краін не-СНД.
Тут трэба крыху закрануць праблему беларускай статыстыкі, якая пакуль не можа дакладна сказаць, колькі прыехала ў краіну турыстаў (адпаведна і вызначыць дакладны ўнёсак галіны ў ВУП). Дзяржаўны памежны камітэт падлічвае толькі перасячэнні мяжы (але не ўлічвае беларуска-расійскай часткі), у той час як Белстат не ўмее лічыць неарганізаваных турыстаў (якія не карыстаюцца паслугамі турфірмаў).
І тым не менш, паводле ацэнак Сусветнага савета па турызме і падарожжах, унёсак турызму ў 2016 склаў 1,9% у ВУП краіны, 3,3% экспарту і $ 935 млн. прыбыткаў. Адмена візаў, паводле досведу Польшчы і Украіны, можа адразу павялічыць колькасць наведнікаў на 20%, што дадасць у прыбыткі ад экспарту паслуг як мінімум яшчэ $ 180 млн.
Такія змены могуць дадатна паўплываць на развіццё рэгіёнаў, для якіх сфера турызму можа ператварыцца ў галоўны пункт росту. Гэта будзе вельмі дарэчы для тых жа аграсядзібаў, якія хоць і растуць у колькасці, але збольшага арыентаваныя на ўнутраных турыстаў або гасцей з Расіі.
Пры гэтым часцяком для дынамічнага развіцця турызму не хапае добра распрацаваных мясцовых стратэгіяў, кааперацыі паміж усімі лакальнымі гульцамі. Тыя ж рэгіёны, якія заняліся стварэннем турыстычных кластараў, паказваюць прарыўны рост у параўнанні нават з суседнімі раёнамі.
[irp posts="22 600″ name="Чаго не хапае бязвізавым турыстам: 7 заўваг ад гродзенскіх экскурсаводаў"]
Відавочна, калі кластарны падыход дае плён, трэба актыўней працаваць у гэтым накірунку. Сёння збольшага за ўкараненне інавацыйных падыходаў адказныя праекты, якія рэалізуюцца пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Асабліва актыўнае ўзаемадзеянне арганізавана праз праграмы памежнай супрацы «Латвія-Літва-Беларусь» і «Польшча-Беларусь-Украіна», хоць імі і не абмяжоўваецца. Толькі з гэтых дзвюх праграм на развіццё турызму ў памежным рэгіёне Еўрапейскі Саюз выдзяляе дзясяткі мільёнаў еўра (каля 30 млн. еўра для сумесных праектаў на 2014−2020 гады).
Мы паразмаўлялі з прадстаўнікамі найбольш паспяховых ініцыятыў, каб зразумець, як развіццё турызму змяняе рэгіёны.
Што адбываецца ў праекце: Мсціслаў разам з яшчэ 8 гарадамі краін Усходняга партнёрства спрабуе прыцягнуць мясцовыя супольнасці і жыхароў, каб разам выпрацаваць стратэгію ўстойлівага развіцця горада, стымуляваць развіццё бізнесу. Асноўная ўвага будзе нададзена развіццю турызму і аднаўленню гістарычных каштоўнасцяў, кіраванню гэтымі аб’ектамі.
Да канца праекта будзе створаная тэхнічная дакументацыя па аднаўленні пяці галоўных аб’ектаў у горадзе. Пад гэтыя інвестыцыйныя праекты потым плануюць прыцягнуць сродкі Сусветнага банка, буйных еўрапейскіх фондаў.
Расказвае Святлана Зубрыновіч (Мсціслаўскі райвыканкам): Наш праект міжсектарны, мы спрабуем уцягнуць у яго рэалізацыю і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў, і актыўных жыхароў, мясцовыя супольнасці. Пры распрацоўцы візіі развіцця горада мы ангажавалі эканамістаў, урбаністаў з архітэктарамі, экспертаў па гісторыка-культурных каштоўнасцях, прадстаўнікоў крэатыўных індустрый, нават студэнтаў і школьнікаў.
Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:
Што адбылося ў праекце: Памежны рэгіён вакол Заходняй Дзвіны атрымаў турыстычны брэнд «Бела Дзвіна». Былі распрацаваныя шматлікія турыстычныя маршруты, абсталяваныя пункты адпачынку для турыстаў, навігацыйныя стэнды, праведзеная міжнародная маркетынгавая кампанія, а таксама музычныя фестывалі і фэст сярэднявечнай культуры.
Праект даў заўважны штуршок для развіцця турызму на Віцебшчыне, дапамог мясцовым гульцам рэалізаваць яшчэ некалькі турыстычных праектаў, падтрыманых у тым ліку і Еўрапейскім Саюзам. А новыя партнёрскія стасункі з калегамі з Літвы і Латвіі дазваляюць сумесна прасоўваць агульны турыстычны прадукт і планаваць новыя ініцыятывы.
Расказвае Іван Шчадранок, дырэктар Фонду «Інтэракцыя»: Дзякуючы праекту ў рэгіёне наладзілася сапраўднае ўстойлівае ўзаемадзеянне паміж партнёрамі, няспынны абмен вопытам і практыкамі паміж адмыслоўцамі, выпрацоўка агульных падыходаў да вырашэння праблемаў, прасоўвання турыстычнага брэнда. І гэта нягледзячы на мяжу, якая ўсё яшчэ стварае пэўныя перашкоды.
Галоўнае, што супрацоўніцтва не знікла пасля заканчэння праекта. З таго моманту ўжо рэалізаваныя некалькі сумесных праектаў, некаторыя павінны пачацца найбліжэйшым часам.
Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:
Што адбылося ў праекце: Смаргонскія ўлады аб’ядналі намаганні з Тракаем, каб аднавіць свае гістарычныя сядзібы. У вёсцы Залессе адрэстаўравалі і абсталявалі канцэртную залу сядзібы Міхаіла Клеафаса Агінскага, якая стала месцам правядзення канцэртаў, канферэнцый і семінараў. Была праведзеная шырокая інфармацыйная кампанія ў СМІ. Такія намаганні далі адчувальны плён: у 2016 музей наведала каля 25 000 турыстаў - гэта ў 6,5 раза больш, чым было ў 2014 (тады музей наведалі толькі 3 740 турыстаў).
Расказвае Таццяна Ражава (Смаргонскі райвыканкам): Дзякуючы праекту мы атрымалі выдатную магчымасць даведацца, як літоўскія партнёры падыходзяць да аднаўлення гістарычных аб’ектаў, асабліва паркаў, праца па адраджэнні якога ў нас яшчэ наперадзе. Атрымалася адрэстаўраваць канцэртную залу маёнтка, які заўсёды быў вядомы сваімі музычнымі вечарынамі. А праз інфармацыйную кампанію мы здолелі не проста распавесці пра праект, але і наноў адкрылі беларусам сядзібу Міхаіла Клеафаса Агінскага. Менавіта гэта дазволіла зрабіць такі прарыў у прыцягненні новых турыстаў.
Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:
Што адбылося ў праекце: На Гродзеншчыне і Сувальшчыне актыўна заняліся этнічным турызмам. Літаратурна-краязнаўчы музей у Гудзевічах атрымаў пасля рэканструкцыі новую інфраструктуру і сучасныя музейныя сродкі. Музей Яўхіма Карскага ў Першай гродзенскай гімназіі атрымаў новы інфармацыйна-выставачны цэнтр, у якім цяпер ладзяцца часовыя выставы ды імпрэзы. Таксама для рэгіёна была створаная энцыклапедыя этнакультурных і прыродных турыстычных аб’ектаў.
Расказвае Віталь Карнялюк (факультэт турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы): Тут знаходзіцца цудоўная калекцыя падвойнага ткацтва, фантастычная калекцыя рукапісаў беларускіх літаратараў, багатая карцінная галерэя. Гудзевічы — месца, якое ў сваёй важнасці для беларускай культуры знаходзіцца побач з Каложскай царквой, Мірскім і Крэўскім замкамі ды міцкевічаўскімі мясцінамі. І пакуль нацыянальны турызм не будзе цікавы самім грамадзянам, ён не будзе важны і для замежнікаў.
Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:
Артыкул падрыхтаваны ў супрацы з EU Neighbours East.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…