«Для мяне ён — самы велічны, самы прыхожы і - самы таямнічы. Мы пакуль не знайшлі ў архівах яго поўныя схемы. Ёсць толькі некалькі здымкаў і ўспаміны будаўніка — вайсковага інжынера падпалкоўніка Модраха». Дзмітрый Люцік зацікавіўся фартамі яшчэ падлеткам, у 90-я. Вывучаць гісторыю Гродзенскай крэпасці ён працягвае і зараз. Некалькі дзён таму выйшаў з друку другі пуцяводнік па фартах Гродзенскай крэпасці, напісаны Дзмітрыем у сааўтарстве з Аляксандрам Семянчуком. Пра цікавосткі новай кнігі і старых фартоў аўтар распавёў Hrodna.life.
«Ніхто не ведаў, што ўяўляе з сябе Гродзенская крэпасць»
«У прынцыпе, мясцовыя жыхары ўсе нешта пра крэпасць ведалі. Бачылі, што ёсць каля Гродна дзіўныя бетонныя збудаванні. Але інфармацыя пра іх хадзіла напаўміфічная. Кшталту — „гэта будаваў Карбышаў“ ці „гэта нешта нямецкае з вайны“. Ніхто канкрэтна не ведаў, што ўяўляе з сябе Гродзенская крэпасць», — расказвае Дзмітрый Люцік пра той час, калі фарты ўпершыню абудзілі яго цікавасць.Першым адказам на яе стаў тузін артыкулаў тагачаснага дырэктара гродзенскага архіву Плешавені, надрукаваны ў «Гродзенскай праўдзе». Ён быў адным з першых гісторыкаў горада, хто зацікавіўся аб’ектам. «Упершыню тады маё пакаленне прачытала пра фарты», — кажа Дзмітрый.
Далей рабілася ўсё цікавей.
«Першае, што рабілі з хлопцамі - хадзілі і вывучалі ўсё на месцы. З Дзянісам Нарэлем, Янкам Лялевічам і Андрэем Вашкевічам абышлі ўсе фарты. Хацелася высветліць, дзе і што там ёсць, хаця нават назваў збудаванняў дакладна не ведалі, як і прызначэнне некаторых з іх элементаў. Такім чынам у палявых даследаваннях назапасілі матэрыял».
Першы пуцяводнік пра «апошнюю крэпасць»
Далей былі знаёмствы з калегамі-гісторыкамі, праца ў архівах, пошук інфармацыі праз інтэрнэт. На гродзенскім форуме Дзмітрый пазнаёміўся з сааўтарам пуцяводніка Аляксандрам Семянчуком.
«Ён паралельна цікавіўся гэтай справай. Як чалавек з інжынернай адукацыяй, больш надаваў увагі тэхнічнаму боку. Як што працуе, як было пабудавана. Мяне ж больш цікавілі людзі. Дзесці я яго правіў, дзесці ён мяне. Урэшце, пазнаёміліся і пачалі працаваць разам».
Першым вынікам супрацы стала кніжка «Апошняя крэпасць Расійскай імперыі» — першы пуцяводнік па гродзенскіх фартах.
Наступнай кнігай, прысвечанай крэпасці, стала ўжо сур’ёзная гістарычная манаграфія «Невядомая крэпасць Расійскай імперыі». Спачатку яе надрукавалі ў Літве, а потым перавыдалі ў Гродне. Манаграфію пісалі адразу тры аўтары — Сяргей Піваварчык, Аляксандр Семянчук і Дзмітрый Люцік.
«Гэта была першая і пакуль што адзіная манаграфія, прысвечаная Гродзенскай крэпасці. Вельмі грунтоўная навуковая праца. Яе рэцэнзавалі знакамітыя гісторыкі фартыфікацыі сусветнага узроўню. Такім чынам, мы хоць неяк здолелі запоўніць інфармацыйны вакуум, што быў вакол фартоў.
Але ўсё роўна — гэта крэпасць і зараз застаецца па-за ўвагай многіх турыстаў і гродзенцаў. Яе ведае і наведвае вельмі абмежаванае кола людзей».
Новая кніга — пра самыя захаваныя фарты
Ідэя зрабіць новы пуцяводнік з цягам часу не рабілася менш актуальнай. Сёлета яна атрымала падтрымку ад бізнесоўца Юрыя Мілеўскага і выдаўца Юрыя Кубарава. «Вырашылі зрабіць яшчэ адзін пуцяводнік. Гэтым разам толькі па пяці фартах — самых цікавых і захаваных. Думаю, тое, што атрымалася, спадабаецца і гасцям горада, і гродзенцам».
Гродзенскія цікавосткі фартэцыі
«Чалавек, які не займаецца гісторыяй фартыфікацыі, скажа — яны усе аднолькавыя. Але для мяне у кожнага ёсць свой твар.
Паўтараюцца толькі агульныя рысы. Кожны форт складаецца з бетоннага бруствера і лініі агню, дзе стаялі салдаты, калі вялі агонь па праціўніку. На гродзенскіх фартах яна выканана ў выглядзе так званых ячэек — траверсаў, якія дазваляюць салдатам займаць індывідуальныя пазіцыі. Такога больш няма нідзе ў свеце. Звычайна на фартах проста прыступка, на якой месціцца гарнізон.
Увогуле — рознае ўсё. Форма, абрысы памеры, унутраная пабудова, ступень захаванасці. Для мяне самы прыгожы — трэці. Дзецішча інжынера Модраха. Менавіта з гэтым чалавекам асацыюецца найвялікшы з гродзенскіх фартоў.
Падпалкоўнік Модрах быў вельмі таленавітым чалавекам, ён зрабіў шмат вынаходніцтваў. Сярод яго ноў-хаў - прыстасаванне для рэзкі калючага дроту і насадка для вінтоўкі кшталту перыскопу, каб страляць з акопа і самому не патрапіць пад кулі".
«Пару гадоў таму ўдалося знайсці фотаздымкі чалавека, што будаваў чацвёрты форт. Раней ведалі толькі імя — Георгій Шмагайлаў. У архіве быў толькі яго паслужны спіс, і то няпоўны. Але пашчасціла пазнаёміцца з чалавекам, што жыве ў Паўднёвай Амерыцы і цікавіцца рускімі эмігрантамі. Гэта жанчына даслала здымкі Шмагайлава і дапамагла больш дакладна высветліць яго лёс. Так бывае, што дапамога прыходзіць адкуль і не чакаеш».
Бетонны бруствер кожнага з фартоў мае таўшчыню каля 4 метраў. Прабіць яго было немагчыма ніводным калібрам да таго часу, пакуль не з’явіліся «Вялікія Берты».
Але гэта — ужо асобная гісторыя. Яе разам з іншымі цікавосткамі пра Гродзенскую крэпасць шукайце ў новай кнізе «Скрозь пажары святовых войнаў. Пуцяводнік ад 1-га па 5-ты фарты Гродзенскай крэпасці».