«Проста мне так не зручна. Лепш прамаўчу. Здаецца, нешта не тое», — часта такімі словамі жанчыны апісваюць сітуацыі, што трэба было б назваць па-іншаму — гвалт. Псіхалагічны ці фізічны. «Сітуацыі ўціску настолькі распаўсюджаныя ў штодзённым жыцці, што перастаюць распазнавацца жанчынамі, як пасягальніцтва на ўласныя межы, на годнасць асобы», — кажа Вольга Ланеўская, трэнерка па жаночай самаабароне Wen-Do — «жаночаму шляху». На занятках па Wen-Do, што яна правяла ў Гродне 11−12 лютага, удзельніцы вучыліся не залежаць ад знешніх уплываў, мысліць самастойна і супрацьстаяць спробам псіхалагічнага і фізічнага ўціску і гвалту.
На базавых трэнінгах па Wen-Do ўдзельніцы працуюць з целам і голасам. Бо тое, як жанчына сябе трымае, ці што і якім чынам гаворыць, можа быць выкарыстана для самаабароны. Другі важны складнік трэнінгаў - напрацоўка навыкаў асэртыўнасці - здольнасці не залежаць ад знешніх уплываў, самастойна рэгуляваць свае паводзіны і адказваць за іх. Трэцяя частка трэнінга была прысвечана непасрэдна фізічным элементам самаабароны.
Найбольшую важнасць, па словах трэнеркі, маюць менавіта два першыя аспекты заняткаў.
«Фізічны гвалт звычайна не ўзнікае сам па сабе, на пустым месцы. Калі дайшла справа да гэтага, то хутчэй за ўсё, былі папярэднія спробы псіхалагічнага ўціску, на каторыя ахвяра прыкрыла вочы, вырашыла перацярпець і дараваць. Звычайна, так жанчына робіць у надзеі, што гэта была выпадковасць і што змаўчаўшы, яна зможа нешта змяніць у чалавеку. Насамрэч, такім чынам агрэсар „разведвае тэрыторыю“ і маўчанне ахвяры прымае за дазвол на агрэсію».
Таму жанчыне вельмі важна навучыцца быць асэртыўнай — не баяцца выказваць сваё меркаванне, не ўсміхацца, калі не смешна, не старацца сцярпець крыўды моўчкі. Калі нешта ў сітуацыі перастае задавальняць і робіцца падобным да спроб гвалту, трэба рэагаваць.
Неабходнасць быць гатовымі да самаабароны да гэтай пары не страчвае актуальнасць для беларускіх жанчын. У краіне няма закона па прадухіленню хатняга гвалту, а ў грамадскасці віну за гвалт схільны ўскладаць на яго ахвяру. «Жанчыне прыходзіцца апраўдвацца, чаму яна аказалася ў сітуацыі гвалту ды выслухоўваць папрокі ў „няправільных“ паводзінах. Агрэсару пытанняў не задаюць, моўчкі прымаючы яго дзеянні». Праз тое рэальная сітуацыя з хатнім гвалтам у нас замоўчваецца. Жанчынам сорамна і страшна пра тое расказваць.
У такіх умовах ніводная жанчына не можа быць застрахавана ад таго, каб не быць падвержанай як мінімум псіхалагічнаму ўціску. Падобная сітуацыя можа застаць у школе, на працы, пры камунікацыі з малазнаёмымі людзьмі ці з уласнымі сябрамі і мужамі. Часта жанчыны робяцца ахвярамі эмацыйнага шантажу, становяцца «разменнай манетай» у канфлікце іншых людзей. «У шэрагу сітуацый жанчыны адчуваюць сябе кепска, а выйсці з іх саромеюцца, бо «так рабіць не прынята» ці «што пра мяне падумаюць».
Wen-do — гэта трэнінг, а не трэніроўка, звяртае ўвагу Вольга. Тут удзельніцы разам працуюць як група самападтрымкі і дапамагаюць адна адной знаходзіць асэртыўныя рашэнні для кожнай.
Найперш, трэба навучыцца не апускаць вочы, не адводзіць позірк пры сур’ёўнай размове — гэта можа ўспрымацца як няўпэўненасць і правакаваць субяседніка зрабіць сітуацыю яшчэ больш нязручнай.
Мову ўласнага цела таксама трэба браць пад увагу, бо часцей за ўсё ацэнка ўпэўненасці чалавека ідзе ад таго, як ён ці яна трымаецца. Рукі ў кішэнях, ці займаюць больш месца, чым сам чалавек, прамая ці ссутуленая спіна — цела дае нам сігналы. Найлепш проста трымаць роўную постаць і вольна апускаць рукі ўздоўж. Гэта нейтральная і ўпэўненая пазіцыя.
Не менш важна, што рэагаваць на спробы ўціску трэба адразу. Калі агрэсару спускаць з рук спробы гвалту, то ён будзе і надалей пакушацца на свабоду і незалежнасць іншай ці іншага. Чым хутчэйшай будзе рэакцыя, тым менш нагодаў парушаць чужыя межы будзе ў агрэсара.
Праблема ў тым, што традыцыйна дзяўчат з малога вучаць цярпець і выбачаць такія сітуацыі. Для агрэсара ў гэтым выпадку ўсе перажыванні ахвяры застаюцца незаўважнымі. Ён думае, што адсутнасць рэакцыі дае яму дазвол на падобныя паводзіны. А жанчына бярэ на сябе нябачныя іншым пакуты, што могуць прывесці да дэпрэсій ды іншых праблем са здароўем.
Навыкі з Wen-Do можа прымяніць любая жанчына ці дзяўчынка ад сямі гадоў, а таксама жанчыны з рознымі тыпамі інваліднасці. Прыёмы не патрабуюць спецыяльнай фізічнай падрытоўкі і не вучаць сіле. «Яна і так ёсць у кожнай з нас, — упэўнена Вольга. — Заняткі разлічаны на тое, каб адчуць сілу ў сабе. Проста, калі нам увесь час кажуць, што мы слабыя, то мы пачынаем у гэта верыць».
А вось для самаабароны трэба верыць у сваю моц, верыць, што зможаш за сябе пастаяць.
«Таму што калі я ў сябе не паверу, то другі дакладна ў мяне не паверыць. Уласны страх і сумневы ў крытычнай сітуацыі толькі шкодзяць».
Пры ўсёй карыснасці тэхнік Wen-Do яно не можа вырашыць усіх магчымых крытычных сітуацый. Калі жанчына знаходзіцца ў пастаяннай сітуацыі гвалту, і пачне дэманстраваць агрэсару прыёмы самаабароны, то гэта можа прывесці да больш цяжкіх наступстваў. Ён будзе шукаць іншыя спосабы прычыніць боль. «Дапамога ад семінара па Wen-Do ў такім выпадку можа быць у тым, што жанчына нарэшце ўсвядоміць неабходнасць змяніць сітуацыю і сыйсці ад агрэсара, звярнуцца да псіхолага ці псіхатэрапеўта.»
«Удзельніцы трэнінгаў часта пытаюцца, ці даводзілася мне асабіста прымяняць фізічную абарону. І я адказваю — не. Бо гэта скрайняя мера. Майстэрства ў тым, каб не прапусціць больш раннія сігналы, што сведчаць аб небяспечнасці сітуацыі і не дапусціць яе развіцця» , — распавядае Вольга. У такіх сітуацыях трэба навучыцца разумець, што нехта парушае мае межы. Напрыклад, задае некарэктныя пытанні, на каторыя я не хачу адказваць, ці вымушае мяне зрабіць нешта, што рабіць не хочаццца. Я ведаю ў сабе гэта пачуццё нязручнасці, то не прапускаю яго і адразу рэагую".
Такі досвед, паводле Вольгі, дапамагае нават у выпадках спробаў гвалту на вуліцы, хаця его насамрэч у жыцці значна менш, чым гвалту ў сям'і, за закрытымі дзвярыма.
Wen-Do прыдумалі ў Канадзе ў 70-х гадах ХХ стагоддзя. У Беларусі такая самаабарона з’явілася толькі паўгады таму. Вольга — першая і пакуль адзіная трэнерка, што праводзіць заняткі. За гэты час прайшло больш за 20 трэнінгаў, у якіх узялі ўдзел каля 200 жанчын.
Між тым, напрыклад, у Польшчы працуе больш за 40 трэнерак, а ў Германіі заняткі па Wen-Do ёсць сярод абавязковых для дзяўчат курсаў у многіх школах.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…