Дзясяткі нацыянальнасцей, сотні рамеснікаў і тысячы гасцей запоўнілі вуліцы Гродна. Тут 7−8 чэрвеня прайшоў Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. У 2024-м годзе ён праходзіў ужо 14-ы раз. А першы такі фестываль прайшоў амаль 30 гадоў таму.
Усе традыцыйныя элементы фестывалю захаваліся і сёлета: шэсце дыяспар, нацыянальныя падворкі, выстава-продаж рамесных тавараў. Не забыліся і пасадзіць новыя дрэвы ў Скверы Сяброўства. Але былі і падзеі нібыта штучна прыцягнутыя да фестывалю: напрыклад, адкрыццё аўтобуснага прыпынку ў гонар студэнцкіх будатрадаў.
Адкрыўся фестываль традыцыйным шэсцем прадстаўнікоў нацыянальнасцей, якія жывуць у Беларусі. Да адкрыцця свята якраз пачаўся дождж, але адмяняць шэсце не сталі, а толькі адклалі на 20 хвілін.
У гэтым годзе ў фестывалі паўдзельнічалі 35 дыяспар плюс гаспадары фестывалю — беларусы. Гэта рэкорд за ўсе 28 год правядзення свята.
Упершыню ў фестывалі ўдзельнічалі аргентынцы, бураты, манголы, егіпцяне, камерунцы, нігерыйцы і пакістанцы. Прадстаўнікі Аргенціны на шэсці неслі з сабой футбольны мяч — сімвал трыўмфу іх зборнай на чэмпіянаце свету ў 2022 годзе.
Уздоўж Савецкай вуліцы ўсе два дні фестывалю працавалі дзясяткі намётаў рамеснікаў і гандляроў сувенірамі. У асноўным гэта былі майстры з Беларусі, але прыехалі і госці з, напрыклад, Смаленска. Усяго прадаваць свае тавары прыехалі каля 400 чалавек. Некаторыя не першы год рэзервуюць даты на пачатку чэрвеня, каб выбрацца на фестываль у Гродне.
Былі і дзіўныя ў кантэксце фестывалю падзеі. Напрыклад, пампезна адкрылі аўтобусны прыпынак на Будзёнага, брэндаваны ў гонар студатрадаў БРСМ. Дзяржпрэса напісала пра яго, як пра «першы ў рэгіёне іміджавы прыпынак, прысвечаны студатрадаўскаму руху». Сутнасць брэндавання ў тым, што на прыпынку змясцілі QR-коды з інфармацыяй аб студатрадах і працаўладкаванні летам.
Пры гэтым на адкрыццё прыпынку прынеслі тумбу з вялікай чырвонай кнопкай, а націскаць яе прыйшлі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, галоўны ідэолаг вобласці Ігар Булаўка і кіраўнік усяго БРСМ Аляксандр Лук’янаў.
Апошні на адкрыцці чамусьці загаварыў пра «фашысцкага ворага» і «подзвіг народа».
— У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў таксама было важна ў праграме фестывалю падкрэсліць пераемнасць у адносінах да захавання гістарычнай памяці. Шмат нацыянальнасцей і людзей з розным веравызнаннем унеслі свой уклад у вызваленне Беларусі, у прыватнасці, Гродзенскай вобласці. Тады, 80 гадоў таму, мы згуртаваліся, каб перамагчы фашызм. Цяпер мы таксама адзіныя, — сказаў Аляксандр Лук’янаў.
У Старым замку міністар культуры Анатоль Маркевіч сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх дыяспар за мяжой. Праўда, геаграфія была дастаткова абмежаванай. На сустрэчу запрасілі прадстаўнікоў беларускіх арганізацый з Томска, Калінінграда, Бранска, Крыма, Рыгі і Даўгаўпілса.
Пачынаючы з дзясятага фестывалю, у 2014 годзе, у Каложскім парку з’явіўся Сквер Сяброўства. Кожнае дрэва ў ім сімвалізуе нейкую нацыянальнасць. Гэтым разам у парку высадзілі пяць новых дрэў і кустоў.
Пакістанская дыяспара высадзіла дробнапільчатую вішню, егіпецкая — сярэдні ціс, аргенцінская — ложнаплатанавы клён, бурацкая — чорную сасну. Куст шыпшыны маршчыністай высадзілі блогеры з Гродна, Віцебска і Мінска. Яго так і падпісалі - «блогерскае дрэва». Ад Гродна ў пасадцы ўдзельнічаў блогер «Арцём пра Лайф», які яшчэ называе сябе «Містэр Біст з Беларусі». Пару гадоў таму ён здымаў сацыяльныя эксперыменты для YouTube, а зараз перайшоў да фармату вулічных апытанняў для Instagram.
Скончыўся першы дзень фестывалю салютам. Да таго часу надвор’е зноў стала дажджлівым.
Асноўнае дзейства другога дня фестывалю — работа нацыянальных падворкаў. Іх сёлета было 19, на іх прадстаўлялі свае традыцыі, касцюмы, музыку, танцы, кухню і рамёствы 36 нацыянальнасцей.
Многія з іх з года ў год з’яўляюцца на ўжо звыклых месцах. Напрыклад, рускі падворак працаваў каля маладзёжнага цэнтра «Гродна», малдаўскі - на Замкавай, яўрэйскі - у дворыку Музея гісторыі рэлігіі. Акрамя гараджан ад падвор’я да падворка хадзілі і чыноўнікі аблвыканкама, гарвыканкама і міністэрствы культуры.
Самы вялікі падворак — беларускі - працаваў на плошчы Тызенгаўза. Ён складаўся з мноства пляцовак, арганізаваных установамі культуры розных раёнаў і абласцей. Там можна было пазнаёміцца з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі, паспрабаваць нешта зрабіць самому і ўбачыць, напрыклад, «Бацькаву лыжку» — здаравенную драўляную лыжку, памерам з палову чалавечага росту. Свае пляцоўкі на свяце мелі і музеі ды бібліятэкі.
Спецыяльна да Фестывалю нацыянальных культур прыдумалі фірмовую гродзенскую страву — «губерцікі». Назвалі іх, відаць, у гонар святога Губерта і яго аленя. Аказалася, што гэта такое маленькія смажаныя піражкі з рознымі начыннямі. Іх таксама можна было знайсці на беларускім падворку. Падрыхтаваў іх спецыяльна да фестывалю «АзотСэрвіс».
Побач, на пляцы Леніна, пабудавалі «замак» з некалькіх павільёнаў з ежай. Там праходзіў гастрафестываль «Галоўны па мясе» ад Гродзенскага мясакамбіната.
Скончыўся другі дзень фестывалю канцэртам расійскага спевака Вані Дзмітрыенкі і фаер-шоу ў парку Жылібера ад мінскай каманды «Крэсіва».
Фармальна фестываль закрыўся ўвечары 8 чэрвеня. Але апошнія некалькі фестываляў прынята было праводзіць дадатковы трэці дзень на Аўгустоўскім канале. У гэтым годзе свята будзе прысвечана яшчэ і 200-годдзю канала. На польскім адрэзку канала юбілей вырашылі адсвяткаваць яшчэ ў 2023 годзе, на беларускай яго частцы — у 2024 годзе.
У праграме на 9 чэрвеня пералічаны касцюміраванае тэатралізаванае шэсце, гастрафест страў беларускай кухні, бітва лесарубаў, конкурс па хуткасным паяданні сасісак, фестываль фарбаў, спаборніцтвы па хадзьбе з перашкодамі «Beer-СТАРТЫ», фестываль рыбнай лоўлі, пеннае шоу, фаер-шоу і дыска-шоу.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…