Навіны

Як 100 гадоў таму: каманда WKS Grodno стартавала ў польскай Рэтра Лізе

У Польшчы 6 красавіка стартаваў чэмпіянат пад назвай Рэтра Ліга. У ім удзельнічае пяць адроджаных каманд з міжваеннага перыяду. Сярод іх і WKS Grodno — каманда, якая існавала да 1939 года ў Гродне. У яе ўваходзілі як вайскоўцы 76 палка імя Людвіка Нарбута, так і звычайныя гараджане, якія праяўлялі сябе на футбольным полі.

За адраджэнне гродзенскай каманды ў 2018 годзе ўзялася група польскіх рэканструктараў з Казяніцкага таварыства гістарычнай рэканструкцыі. Каманда WKS Grodno ў міжваенны час была адной з самых моцных у Беластоцкай акрузе.

У Казяніцах (Kozienice, мястэчка паміж Варшавай і Люблінам) аматары галоўным чынам займаюцца рэканструкцыяй 76 пяхотнага палка імя Людвіка Нарбута, які ў міжваенны час базаваўся ў Гродне. У клубе рэканструктараў ёсць спартыўны аддзел, дзякуючы якому і з’явілася ідэя адрадзіць вайсковую каманду з Гродна.

Футбалісты, якія выступаюць за гродзенскую каманду, стартавалі ў чэмпіянаце з перамогі над WKS Śmigły Wilno — 5:0. Як паведамляе echodnia.eu, вынік у гульні быў не самым важным. У гэты дзень заўзятары і футбалісты змаглі перажыць атмасферу 1919 года. Гульцы, якія ўдзельнічаюць у «рэтра» матчах, гуляюць у такой форме, як і сто гадоў таму. Мячы і буцы гульцоў таксама адпавядаюць таму перыяду. Заўзятары таксама прыйшлі на матч у строях з міжваеннай эпохі.

Больш пра Рэтра Лігу можна прачытаць на афіцыйнай старонцы ў Facebook.

Даведка

У Гродне футбол мае даўнія традыцыі, яны бяруць пачатак у 1911−1912 гадах, калі ў горадзе з’явілася Таварыства садзейнічання фізічнаму развіццю. Да 1913 году былі створаны дзве футбольныя каманды. Другое нараджэнне гродзенскі футбол адзначыў пасля Першай сусветнай вайны ў 1920 годзе. Першай пасляваеннай камандай стаў клуб трэцяга пяхотнага палка легіёнаў «Тшэцяк». Яшчэ з розніцай у год былі ўтвораны каманды «КС Крэсовія» і «ВКС 76 ПП» — «Ваенны спартыўны клуб 76-га пяхотнага палка». А далей пачынаецца «эпідэмія» футбола: з’яўляюцца каманды асобных вайсковых частак, гімназій, нацыянальных арганізацый. Напрыклад, у Гродне ўтварылася адразу некалькі яўрэйскіх каманд: «Макабі», «Хасманея», «Крафт».

«ВКС 76 ПП» пасля стаў прадстаўляць увесь гродзенскі гарнізон. Большасць яе «штыкоў» былі вайскоўцамі. Праўда, у камандзе гулялі яшчэ і гродзенскія студэнты ды некалькі рабочых. Вайсковыя футбалісты выступалі ў зялёна-чырвонай форме. Прэзідэнтам клуба быў палкоўнік Журакоўскі, кіраваў футбольнай секцыяй паручнік Даўгяла.


У 1934 годзе паўстаў новы гродзенскі клуб WKS Grodno — дзве сур’ёзныя дружыны «Крэсовія» і «76 пп» аб’ядналіся. Гэтая каманда неўзабаве стала безумоўным лідарам Беластоцкага ваяводства. Гродзенцы заваявалі восем з адзінаццаці магчымых тытулаў чэмпіёна акругі. Адзін з сакрэтаў перамог заключаўся ў тым, што за каманду выступалі знакамітыя футбалісты, якія траплялі ў Гродзенскі гарнізон для праходжання ваеннай службы, напрыклад Ежы Хассельбуш з «Варшавянкі», член зборнай каманды Польшчы паўабаронца «Гарбарні» (Кракаў) Адам Халішка, нападнікі Леон Габрысяк, Казімір Скшыпчак, Дыяс, Буга, Цыган, Капчэўскі, паўабаронца Стэмпінскі, абаронца Кешкоўскі, брамнік Мінеўскі. Былі ў складзе каманды і знакамітыя гродзенцы — браты Адамчыкі і Мельнікавы.

Каманда WKS Grodno перастала існаваць у верасні 1939 года. Многія футбалісты адправіліся на вайну і не вярнуліся, а хтосьці застаўся ў Гродне і працягнуў гуляць у футбол пры саветах.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024