Група польскіх рэканструктараў з Казяніцкага таварыства гістарычнай рэканструкцыі ўзялася за адраджэнне футбольнага клуба WKS Grodno, які існаваў у міжваенны час і быў адным з самых моцных у Беластоцкай акрузе. Каманда будзе выступаць у польскай Рэтра Лізе.
У Казяніцах (Kozienice, мястэчка паміж Варшавай і Люблінам) аматары галоўным чынам займаюцца рэканструкцыяй 76 пяхотнага палка імя Людвіка Нарбута, які ў міжваенны час базаваўся ў Гродне. У клубе рэканструктараў ёсць спартыўны аддзел, дзякуючы якому і з’явілася ідэя адрадзіць вайсковую каманду з Гродна.
Рэканструктары гуляюць у Рэтра Лізе
Кшыштаф Заяц — адзін з кіраўнікоў праекту рэканструктараў у Казеніцах. Ён займаецца адраджэннем старых традыцый амаль 12 гадоў. Галоўным чынам яго цікавяць польская армія міжваеннага перыяду, верасень 1939 года, а таксама час Першай сусветнай вайны — польскія легіёны.
«У нашай асацыяцыі ёсць спартыўны аддзел, у якім мы ўзнавілі даваенныя футбольныя строі, — распавядае Кшыштаф Заяц. — Кожны год у Ловічы (Łowicz, горад паміж Варшавай і Лоддзю — рэд.) праходзіць футбольны турнір у якім прымае ўдзел шэсць каманд з Польшчы — усе ў рэканструяваных гістарычных футбольных строях».
У пачатку 2018 года стартаваў новы праект рэканструктараў - Рэтра Ліга. Таварыствы рэканструктараў у гэтай лізе будуць гуляць у ролі неіснуючых ужо польскіх футбольных каманд міжваеннага перыяду.
«Многія спартыўныя клубы былі створаныя на базе вайсковых палкоў. Падобная гісторыя ў WKS Grodno — гэты клуб быў заснаваны на Лідскім палку пяхоты імя Людвіка Нарбута, які знаходзіўся ў Гродне», — кажа Заяц.У верасні 1939 года 76-ы пяхотны полк з Гродна ваяваў з немцамі. У Казяніцкім павеце ёсць пачатковая школа, названая ў гонар гэтага фарміравання. Там ёсць таксама два помнікі, прысвечаныя памяці загінуўшых салдат і афіцэраў палка.
«Менавіта таму мы выбралі клуб, звязаны з гэтым палком. Ды і каманда WKS Grodno ў міжваенны час была адной з лепшых польскіх футбольных дружын, якая неаднаразова станавілася чэмпіёнам Беластоцкай акругі».
Футбол у даваенным Гродне трэба вывучаць
У польскіх рэканструктараў мала інфармацыі наконт клубу WKS Grodno. Таму зараз яны шукаюць усе магчымыя ўспаміны і фатаграфіі.
«Да таго як мы абралі сабе спартыўны клуб, мы мала ведалі пра яго. Пры пошуку інфармацыі пра WKS Grodno я сустракаў усё цікавейшыя тэмы, звязаныя са спортам і футболам у Гродне, у тым ліку артыкулы гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча. Гэты матэрыял для нас быў вельмі карысны. Футбол у даваенным Гродне — вельмі цікавая тэма, якую трэба вывучаць. Спадзяюся, што дзякуючы праекту Рэтра Ліга і супрацоўніцтву энтузіястаў гісторыі з Беларусі і Польшчы, гэтая тэма будзе лепш вывучацца».
Адкрытыя для супрацоўніцтва
«У бліжэйшы час мы хацелі б прыехаць у Гродна, наведаць месцы, звязаныя з 76 палком і WKS Grodno, магчыма, правесці таварыскі матч з жыхарамі горада. Мы таксама будзем рады вітаць гродзенцаў падчас матчаў у Рэтра Лізе. Было б выдатна, калі б хтосьці з Гродна мог папоўніць шэрагі нашай каманды. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва, якое, я спадзяюся, толькі пачынаецца», — кажа Кшыштаф.
Даведка
У Гродне футбол мае даўнія традыцыі, яны бяруць пачатак у 1911−1912 гадах, калі ў горадзе з’явілася Таварыства садзейнічання фізічнага развіцця, а да 1913 годзе ўжо былі створаны дзве футбольныя каманды. Сваё другое нараджэнне гродзенскі футбол адзначыў пасля Першай сусветнай вайны ў 1920 годзе. Першай пасляваеннай камандай стаў клуб трэцяга пяхотнага палка легіёнаў «Тшэцяк». Яшчэ з розніцай у год былі ўтвораны каманды «КС Крэсовія» і «ВКС 76 ПП» — «Ваенны спартыўны клуб 76-га пяхотнага палка». А далей пачынаецца «эпідэмія» футбола: з’яўляюцца каманды асобных вайсковых частак, гімназій, нацыянальных арганізацый. Напрыклад, у Гродне ўтварылася адразу некалькі яўрэйскіх каманд: «Макабі», «Хасманея», «Крафт».«ВКС 76 ПП» пасля стаў прадстаўляць увесь гродзенскі гарнізон. Большасць яе «штыкоў» былі вайскоўцамі. Праўда, у камандзе гулялі яшчэ і гродзенскія студэнты ды некалькі рабочых. Вайсковыя футбалісты выступалі ў зялёна-чырвонай форме. Прэзідэнтам клуба быў палкоўнік Журакоўскі кіраваў футбольнай секцыяй паручнік Даўгяла.
У 1934 годзе паўстаў новы гродзенскі клуб WKS Grodno — дзве сур’ёзныя дружыны «Крэсовія» і «76 пп» аб’ядналіся ў адну. Гэтая каманда неўзабаве стала безумоўным лідарам Беластоцкага ваяводства. Гродзенцы заваявалі восем з адзінаццаці магчымых тытулаў чэмпіёна акругі. Адзін з сакрэтаў перамог заключаўся ў тым, што за каманду выступалі знакамітыя футбалісты, якія траплялі ў Гродзенскі гарнізон для праходжання ваеннай службы, напрыклад Ежы Хассельбуш з «Варшавянкі», член зборнай каманды Польшчы паўабаронца «Гарбарні» (Кракаў) Адам Халішка, нападнікі Леон Габрысяк, Казімір Скшыпчак, Дыяс, Буга, Цыган, Капчэўскі, паўабаронца Стэмпінскі, абаронца Кешкоўскі, брамнік Мінеўскі. Былі ў складзе каманды і знакамітыя гродзенцы — браты Адамчыкі і Мельнікавы.Каманда WKS Grodno перастала існаваць у верасні 1939 года. Многія футбалісты адправіліся на вайну і не вярнуліся, а хтосьці застаўся ў Гродне і працягнуў гуляць у футбол пры саветах.