Спадчына

Крылатыя гусары Рэчы Паспалітай: адкуль узяліся і кім былі апошнія рыцары Еўропы

У канцы XVI стагоддзя эпоха закаваных у цяжкія даспехі конных рыцараў не тое што падыходзіла да канца — яна ўжо незваротна скончылася. Яшчэ ў 1525 г. у бітве каля італьянскага горада Павія ўзброеныя аркебузамі наёмнікі германскага імператара растралялі гонар французскага рыцарства, жандармаў караля Францыска. Здавалася, што нішто ўжо не зможа перашкодзіць рашучаму поступу доўгай пяхотнай алебарды і агнястрэльнай зброі. Аднак менавіта на землях Рэчы Паспалітай у канцы XVI стагоддзя сфармаваўся і прайшоў праз усё наступнае стагоддзе род войскаў, які можна смела называць апошнімі рыцарамі Еўропы.

Пры крылатых гусараў Рэчы Паспалітай піша канал пра гісторыю Hrodna 11:27.

Ад лёгкай кавалерыі да цяжкага ўзбраення

Слова гусар мае бясспрэчна вянгерскае паходжанне і ў вянгерскай мове гучыць як huszar. Таксама вядома, што менавіта адзін з каралёў Венгрыі - Мацей Корвін — яшчэ ў сярэдзіне XV стагоддзя паспрабаваў стварыць адносна рэгулярную кавалерыю, набіраючы аднаго «гусара» з дваццаці сялянскіх двароў. Гусары былі патрэбныя для хуткага рэагавання на набегі турак і мелі слабое абарончае ўзбраенне, фактычна толькі спецыяльны гусарскі шчыт — тарчу. Такі шчыт меў вельмі завышаны адзін вугал, гэта добра абараняла шыю ад удару шабляй. Стандартнай зброяй гусара былі кап’ё, шабля і часам лук.

Вянгерскі гусар сярэдзіны XVI ст.

Фактычна большую частку XVI стагоддзя менавіта такі вобраз мелі і гусары Вялікага княства Літоўскага. Гэта добра бачна на знакамітай карціне «Аршанская бітва» невядомага мастака. Узбраенне «па-гусарску» было сінонімам лёгкага кавалерыста са спецыяльным шчытом і кап’ём.

Раннія гусары на карціне «Бітва пад Воршай»

Пераўтварэнне гусараў у цяжкую кавалерыю звязана з вайсковай рэформай караля Стэфана Баторыя. Баторый, рыхтуючыся да вырашальных бітваў супраць цара Івана Грознага, разумеў, што шляхецкае апалчэнне (рушанне), няхай сабе і ў гусарскім варыянце, не адпавядае патрэбам сучаснай вайны. Таму да будучых гусараў былі выстаўлены наступныя патрабаванні - гусары павінны былі мець як мінімум шалом, суцэльны металічны даспех, які прыкрывае грудзі і жывот, а таксама абарону рук і прадплеччаў.

Са зброі абавязкова трэба было мець чатырохмятровае кап’ё, шаблю і пару пісталетаў. Вянгерская крывая шабля нярэдка замянялася канчаром — вельмі тонкім і вострым мячом, якім можна было калоць ворага паміж даспехаў. А вось пісталеты з калясцовым замком былі вельмі дарагой «цацкай», але пры гэтым і вельмі патрэбнай у баі. Сведкі ўспаміналі што пад час каралеўскіх аглядаў войскаў гусарскія харугвы стралялі з такім грохатам, быццам тое былі цэлыя палкі пяхоты.

Ранні гусар Вялікага княства літоўскага

Ва ўзаемадзеянні гайдукоў, наёмнай пяхоты, артылерыі і гусараў акурат і крыліся сакрэты перамогаў войска Рэчы Паспалітай наступных дзесяцігоддзяў. Артылерыя і гайдукі агнём «размягчалі» шэрагі ворага, прымушалі яго панікаваць, наёмнікі адбівалі атакі праціўніка, а атака цяжкай гусарскай кавалерыі прарывала варожыя парадкі і зачышчала поле бою.

У прынцыпе не цяжка адказаць на пытанне, чаму ў нашай частцы Еўропы рыцарская кавалерыя перажыла такі рэнесанс. Нашым продкам прыходзілася ваяваць з арміямі, дзе насычанасць агнястрэльнай зброяй не была такой высокай, як на захадзе Еўропы. Таму цяжкая гусарская кавалерыя аказалася цалкам баяздольнай і прыдатнай.

Гусары — вельмі дорага, але ганарова

Гусарская харугва складалася як правіла са 150−200 таварышаў. Таварыш — аснова ўдарнай сілы харугвы. Ён прыводзіў з сабою некалькі пахолкаў (як правіла 3 ці 4, але часам іх магло быць і 7), якія збольшага таксама ўзбройваліся як гусары, але танней, напрыклад леапардавыя скуры замяняліся рысінымі, а замест суцэльнага даспеха мог быць кальчужны з металічнымі пласцінамі.

Чытайце таксама: У Гродне адкрыўся прыватны музей, дзе можна пабачыць даспехі крылатага гусара

Даследчыкі так і не дайшлі да згоды, нашто гусарам былі тыя знакамітыя крылы. Нехта кажа, каб татары не маглі накінуць на гусара аркан, нехта, што шапаценне соцен крылаў уводзіла ў паніку коней праціўніка, аднак большасць гісторыкаў войска сыходзіцца на тым, што гэта было проста прыгожа. Гэтаксама як і «лускавыя» даспехі і парадныя калчан і лук, якія адсылалі гусар да папулярных у тыя часы «сармацкіх» традыцый. Праўда, спецыялісты адзначаюць, што ў Вялікім княстве крылы доўгі час мацаваліся да сядла, а вось у Польшчы іх мацавалі да спіны гусара.

Юзаф Бранд, Гусар, 1890 г.

Шляхта ў гусары ішла дабравольна, паколькі тое было вельмі ганаровай справай, гусары былі элітай войска Рэчы Паспалітай. Ды і была магчымасць выбраць, бо гусарскі таварыш разам са сваімі пахолкамі (называлася такая адзінка почт) мог далучыцца да харугвы любога ротмістра або магната.

Гусары атрымлівалі заробак з каралеўскай казны, аднак не трэба думаць, што ён акупаў затраты гусара. Коні, узбраенне і даспехі самаго таварыша і ўзбраенне пахолкаў, слугі і прыпасы каштавалі не як сучасны танк, а як суперсучасны самалёт-знішчальнік. Гэта быў рэальна кошт цэлага багатага маёнтка з сотнямі сялянскіх дымоў і сотнямі валок зямлі.

Атакуючыя гусары на карціне мастака Арлоўскага першай паловы 19 ст.

Нельга сказаць, што ў Еўропе 17 стагоддзя апрача гусараў Рэчы Паспалітай зусім не было цяжкай кавалерыі. Былі, напрыклад, жалезнабокія ў Англіі або рэйтары ў Францыі і Нямеччыне. Яны часта мелі на сабе поўны даспех і нават шлемы з закрытым тварам, аднак іх галоўнай зброяй ужо быў цяжкі палаш і пісталеты. Гэта не была кавалерыя прыстасаваная для капійнага ўдару па шэрагах ворага, такімі заставаліся толькі нашыя гусары.

Сто гадоў славы

Першай слаўнай перамогай крылатых гусараў стала бітва пад Кірхгольмам 27 верасня 1605 г. пад час вайны Рэчы Паспалітай са Шведскім каралеўствам. Шведы мелі амаль суцэльна пяхотнае войска, якое, аднак, у тры разы памерам пераўзыходзіла армію Рэчы Паспалітай. Шведы мелі больш за 10 тысяч чалавек — стралкоў і капійнікаў, а войска гетмана Яна Караля Хадкевіча каля 3 тысяч, з якіх каля паловы складалі крылатыя гусары.

Хадкевіч цалкам рэалізаваў распрацаваны ім план бітвы. Спачатку кавалерыя атакавала ворага і пасля пачала адступаць каб заманіць яго за сабою. Пасля гусарскія часткі скавалі цэнтр парадкаў шведаў. Пераможную ж кропку ў Кірхгольмскай бітве паставіў удар роты крылатых гусараў шляхіца Тэадора Ляцкага — уладальніка Жалудка на Гродзеншчыне.

Перамога пад Кірхгольмам. Карціна мастака эпохі. Злева бачныя гусарскія харугвы

Тэадор Ляцкі быў не проста вайскоўцам, але, як вадзілася тады, чалавекам з еўрапейскай адукацыяй, аматарам алхіміі і… унукам знатнага маскоўскага баярына Івана Васільевіча Ляцкага, які ўцёк ад маскоўскіх уладароў у Вялікае княства Літоўскае.

Дзве сотні гусар, апошні рэзерв гетмана Яна Караля Хадкевіча, прарвалі шэрагі шведскай пяхоты і далёка пагналі яе, прынесшы войску Рэчы Паспалітай несмяротную славу.

Януарый Сухадольскі, Бітва пад Кірхгольмам

Далей быў цэлы шэраг перамогаў гусараў у войнах Рэчы Паспалітай з Масковіяй, Швецыяй, туркамі і татарамі.

Дарэчы, памятаеце знакамітую сцэну разгрому крылатых гусараў казакамі ў бітве пад Жоўтымі Водамі (1648 г.) з польскага фільма «Агнём і мячом», знятага па матывах твораў Генрыка Сянкевіча? Дык вось, гэта мастацкая выдумка. Крылатыя гусары ў гэтай пераможнай для казакаў Багдана Хмяльніцкага бітве не ўдзельнічалі!

Напэўна самай слаўнай перамогай у гісторыі крылатай гусарыі стала бітва пад Венай. Турэцкія войскі акружылі аўстрыйскую сталіцу і шэсцьдзясят дзён трымалі яе ў аблозе. Змучаныя абаронцы біліся з апошніх сілаў, чакаючы армію аўстрыйцаў і войска Рэчы Паспалітай на чале з каралём Янам ІІІ Сабескім. І вось дапамога падыйшла!

Гусары на знакамітай Рольцы Стакгольмскай. Пачатак 17 ст.

Пакуль у даліне пад сценамі Вены білася пяхота, кавалерыя стала на халмах. 12 верасня 1683 г. кароль Ян ІІІ Сабескі павёў у атаку 20 000 кавалерыстаў, з якіх мінімум палову складалі ўраджэнцы Вялікага княства Літоўскага. Гэта была адна з самых вялікіх кавалерыйскіх атак у гісторыі войнаў. Усё поле было ў белых крылах гусараў і чырвона-белых сцяжках на іх коп’ях. Праз тры гадзіны ўсё было скончана, туркі былі цалкам разбітыя. Ян Сабескі перафразіраваў словы Юлія Цэзара, падвёўшы вынік бітвы: «Venimus, Vidimus, Deus vicit» — Прыйшлі, убачылі і Бог перамог.

Ян ІІІ Сабескі

Песня знакамітай шведскай рок-групы «Сабатон» расказвае пра перамогу пад Венай, дзе крылатыя гусары, якія спусціліся з халмоў, сталі выратаваннем для страціўшых надзею абаронцаў горада.

Бітва пад Венай спыніла трохсотгадовае заваяванне туркамі-асманамі Еўропы, зрабіла Аўстрыю самай моцнай еўрапейскай дзяржавай, а вось Рэч Паспалітая не атрымала ад гэтай перамогі нічога, апрача славы. Праз менш чым 100 гадоў Аўстрыя ўжо будзе ўдзельнічаць у падзелах Рэчы Паспалітай — сваёй выратавальніцы на палях пад Венай.

Апошні акорд

Апошняя перамога гусараў была сумнай і была яна перамогай над уласнымі суайчыннікамі. Тое адбылося ў лістападзе 1700 г. пад час грамадзянскай вайны паміж родам Сапегаў і іншымі магнацкімі групоўкамі Рэчы Паспалітай. Каля падвіленскіх Алькенікаў удар шляхецкай гусарыі вырашыў лёс бітвы на карысць праціўнікаў Сапегаў, армія якіх амаль цалкам складалася з наёмнай пяхоты.

Наколькі слаўнымі былі першыя перамогі гусарыі, настолькі ганебнай была апошняя. На наступны дзень пасля бітвы шляхта забіла палоненага Міхала Сапегу, канчаткова кінуўшы краіну ў полымя грамадзянскай вайны і пераўтвараючы яе ў «заезную карчму» для іншаземных армій.

Больш крылатыя гусары на палях бітваў не з’яўляліся. У еўрапейскай вайсковай наменклатуры гусары ізноў сталі лёгкай кавалерыяй, а крылатыя гусары Рэчы Паспалітай засталіся сімвалам вайсковай славы гэтай краіны і перамогаў. Тыя пераможныя бітвы і войны не заўсёды можна назваць сэнсоўнымі і карыснымі для інтарэсаў дзяржавы. Аднак яны пасля напаўнялі сэрцы многіх пакаленняў верай у веліч мінулай славы і надзеяй на адраджэнне сваёй дзяржавы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024