Спадчына

А што, калі б?.. Разважаем, што б здарылася, калі б ВКЛ дапамагло Ноўгараду ў змаганні з Масквой

Казіміра Ягелончыка лічаць спрэчным князем і каралём. Ён занадта захапіўся заходняй палітыкай і Польшчай — і ў выніку занядбаў усходнюю палітыку і Вялікае Княства Літоўскае. Ён меў шанец аслабіць Маскву, якая набірала сілы, але не скарыстаўся ім.

А што, калі б гісторыя ў канцы XV стагоддзя пайшла інакш? Што, калі б Казімір Ягелончык дапамог саюзнай Наўгародскай рэспубліцы ў самы важны момант вайны з Іванам III? Уяўляем сабе магчымыя сцэнары разам з еўрапейскім беларускім выдавецтвам Gutenberg Publishers.

Шалонская бітва: як сышліся рэспубліка і самадзяржаўе

Ліпеньская раніца 1471 года. На шаломах і коп’ях наўгародскага апалчэння, якое пашыхтавалася ўздоўж ракі Шалоні, сонца яшчэ не высушыла расу. Наўгародцаў шмат, каля пятнаццаці тысяч, але яны не асабліва ўзброеныя і не маюць вайсковага досведу. Большая частка войска — гэта рамеснікі і гандляры з Ноўгарада Вялікага на чале з пасадніцай Марфай Барэцкай. Апошнія гады яна стала сімвалам барацьбы за незалежнасць паўночнай рэспублікі. Многія з ваяроў ведаюць, што гэты дзень будзе для іх апошнім.

Перад імі стаяць загартаваныя ў міжусобных бойках шыхты маскоўскага князя Івана. Да яго далучыліся атрады з Цвярскога княства і нядаўна падпарадкаванага Маскве Пскова. Князь Іван абвесціў сапраўдны крыжовы паход супраць Ноўгарада, быццам Барэцкія хочуць прадаць горад лацінянам. Насамрэч мэта вайсковай выправы адна — разрабаваць багатую рэспубліку на Волхаве і пазбавіць яе свабоды, годнасці і гонару.

Гандаль у Ноўгарадзе. Карціна Апалінарыя Васняцова. Крыніца: commons.wikimedia.org

Гістарычныя факты: канфлікт Масквы і Ноўгарада Вялікага

Наўгародская рэспубліка была феадальнай арыстакратычнай дзяржавай, дзе ўлада належала вечу — сходу грамадзян. Веча выбірала князя і найвышэйшых чыноўнікаў, выдавала і адмяняла законы, вырашала пытанні падаткаў.

Маскоўскае княства развівалася ў іншым кірунку — там аформілася дэспатычная самадзяржаўная ўлада князя. У час панавання Івана III актыўна ішло так званае «збіранне земляў рускіх»: Масква захоплівала і падпарадкоўвала суседнія княствы, а Наўгародская зямля доўга заставалася яе асноўным супернікам.

Група наўгародскіх баяр пад кіраўніцтвам Марфы Барэцкай выступіла за саюз з Вялікім Княствам Літоўскім, які мог бы ўратаваць Ноўгарад ад агрэсіі Масквы.

А што, калі б войскі ВКЛ прыйшлі на дапамогу наўгародцам?

Бітва пачалася атакай маскавітаў на цэнтр наўгародцаў. Тыя вытрымалі штурм, хаця, здаецца, пачалі прагінацца. Кожны стаяў за свой дом, сваю сям’ю, свой Ноўгарад. Але поспех быў прывідным, пад ціскам пскавічоў і цверцаў пачалі прагінацца больш слабыя флангі наўгародцаў. Можа і тут выстаялі б, але з правага фланга пачалі абыходзіць атрады татар, якія прыйшлі на дапамогу маскоўскаму князю. Татары абсыпалі наўгародцаў стрэламі. Яшчэ хвіліна — і пешае наўгародскае апалчэнне кінецца назад, у балоцістыя прытокі Шалоні, і ўсё, канец незалежнасці старадаўняй гандлёвай рэспублікі.

Бітва наўгародцаў з маскоўцамі. Малюнак 1623 года. Крыніца: commons.wikimedia.org

І тут нечакана з-за пагорка пачуўся тупат, далей скрыгатанне, цяжкі ўдар і… маскоўскія войскі пачалі разбягацца. Наўгародцы пабачылі шэрагі конных ваяроў быццам з даўняга мінулага — у поўных даспехах, з доўгімі коп’ямі і мячамі, але сярод іх круціліся ездакі ў высокіх шапках з лукамі, коп’ямі і дзіўнымі выгнутымі шчытамі.

Адзін з коннікаў падскочыў да шэрагу змучаных апалчэнцаў, якія яшчэ не маглі паверыць у сваё выратаванне, і крыкнуў: «Ну ўсё, наўгародцы, вядзіце нас у Ноўгарад. Доўгая дарога была, ледзь паспелі». Тое быў Барэйша, сотнік кіеўскага князя Міхаіла Алелькавіча, пасланага на дапамогу вялікім князем літоўскім Казімірам.

Гістарычныя факты: Казімір не дапамог Ноўгараду

Насамрэч, нягледзячы на саюзныя адносіны, Вялікае Княства Літоўскае не дапамагло Ноўгараду. Князь Міхаіл Алелькавіч, які быў стаўленікам Казіміра Ягелончыка ў Ноўгарадзе, вясной 1471 года выехаў у Кіеў і ўжо не вярнуўся.

Шалонская бітва стала вырашальнай у вайне Ноўгарада з Масквой. Нягледзячы на колькасную перавагу, абаронцы прайгралі. Многія знатныя наўгародцы трапілі ў палон. Пасля цяжкай паразы рэспубліка працягвала барацьбу, спрабуючы нават знайсці саюзнікаў у Лівонскім ордэне. Але нішто ўжо не магло ўратаваць Ноўгарад Вялікі.

Вялікае Княства Літоўскае і пазней Рэч Паспалітая, як і Ноўгарад, прадстаўляла палітычную альтэрнатыву Маскве. Вялікі князь не меў абсалютнай улады, бо быў абмежаваны правамі шляхты.

Адчуць сябе шляхціцам можна ў настольнай гульні «Шляхта. The Nobility» ад еўрапейскага беларускага выдавецтва Gutenberg Publisher.

Гэта прыгожа выдадзеная стратэгічная гульня на тэму беларускай гісторыі з лёгкім водарам фэнтэзі: алхіміяй, скарбамі і выштукаванай зброяй. Да гульні далучаная кніжачка з біяграфіямі знакамітых постацяў.

Гульня «Шляхта. The Nobility» пасуе кожнаму: яна не патрабуе ведання Беларусі, мае просты механізм, беларускасці ёй надае мастацкі складнік.

Хочаце набыць добрую беларускую кніжку? Знайсці якасны падарунак для сяброў? Выдаць свой беларускі друкаваны праект? Звяртайцеся да выдавецтва Gutenberg Publisher.

А што, калі б Казімір нарэшце азірнуўся на ўсход?

Калі б войска Міхаіла Алелькавіча вярнулася ў ВКЛ, а наўгародцы спачывалі на лаўрах, то праз якія гадоў дзесяць маскоўскі князь ізноў сабраў бы войска і давяршыў бы справу. Аднак тут пачалася вялікая палітыка.

Партрэт Казіміра Ягелончыка з Замкавага музея ў Мальбарку. 1645 год. Крыніца: commons.wikimedia.org

Найперш вялікія розумы з Ноўгарада, Вільні і Рыгі пераканалі вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра, што прыйшоў час адвярнуцца ад справаў на захадзе і ўшчыльную заняцца ўсходнім кірункам.

Казімір, які ў 1466 годзе такі прымусіў Тэўтонскі ордэн стаць яго леннікам, цяпер меў адносна развязаныя рукі. Ноўгарад пры падтрымцы Казіміра хутка вярнуў уладу над Псковам і ў саюзе Цверру, якая перайшла на яго бок, пачаў ціснуць на Маскву.

Гістарычныя факты: Казімір «праспаў» узвышэнне Масквы

Насамрэч, у другой палове XV стагоддзя князь Казімір часта адсутнічаў у ВКЛ, займаўся польскімі і шырэй заходнімі справамі. Ён змагаўся спачатку за чэшскую, а потым за вугорскую карону, умацоўваў уплывы ў Памор'і і Прусіі.

Казімір сапраўды перамог Тэўтонскі ордэн у Трынаццацігадовай вайне і зрабіў ордэнскую дзяржаву сваім васалам, але гэта не паўплывала на слабую ўсходнюю палітыку князя. У той жа час Масква працягвала «збіраць землі рускія».

А што, калі б цэнтрам будучай Расіі стаў Ноўгарад, а не Масква?

Пасля таго, як Маскоўскае княства перастала ўяўляць пагрозу, пачалася буйная палітычная гульня паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Ноўгарадам, якія пры нагодзе карысталіся дапамогай Швецыі ці крымскіх і казанскіх татар, якія пачалі набіраць сілу. У 1514 годзе паміж Ноўгарадам і Вялікім Княствам адбылася нядоўгая вайна, па выніках якой за Вялікім Княствам застаўся Смаленск і землі на поўдзень ад яго. Усе паўночныя землі адышлі да Наўгародскай рэспублікі.

Да канца XVI стагоддзя Ноўгарад Вялікі стаў сталіцай велізарнай краіны, якая цягнулася ад Нявы і Волхава да Урала і пераходзіла за яго. Наўгародская рэспубліка была дзяржавай абсалютна адкрытай да ўсіх інавацый і далучалася то да Новай Ганзы, то да Шведска-Дацкай федэрацыі. Сцягі Ноўгарада з выявамі Святой Сафіі Кіеўскай і галоўнага вечавога звана на карабельных мачтах можна было пабачыць не толькі на Готландзе і ў Капенгагене, але і ў Антверпене ды Лондане. Вялікае Княства Літоўскае змагло ўтрымаць Смаленск, былыя Маскоўскія землі - Тулу, Калугу і іншыя. Аднак пастаянныя войны з татарамі не далі прабіцца далёка на ўсход і замацавацца на Чорным моры.

Іншыя тэксты з серыі «А што, калі б?..»

У выніку да пачатку XVII стагоддзя сфармаваліся два цэнтры, якія прэтэндавалі на спадчыну Старажытнай Русі. Першым такім цэнтрам быў Ноўгарад, завязаны на гандаль з краінамі еўрапейскай поўначы. Тое былі шматнацыянальныя і шматмоўныя землі, якія трымаліся праваслаўя, аднак сталі паўнавартасным злучальным звяном паміж Сібірру і Еўропай ды вельмі хутка развіваліся за кошт заходніх тэхналогій і ўральскіх рэсурсаў.

Другім цэнтрам стала Вялікае Княства Літоўскае. Тое быў сапраўдны анклаў старой Візантыі, які вельмі марудна ўбіраў заходнія ўплывы і жыў па прынцыпе «старыну не рушыць і новага не ўводзіць». Вялікія князі так і не сталі абсалютнымі гаспадарамі. Краінай кіравала не веча, як у Ноўгарадзе, але савет уладароў дзяржавы — буйных баяр, якія ўплывалі на князя вельмі моцна. Па вёсках і мястэчках краінай далей кіравалі сялянскія «копныя» суды і саветы. На поўдні Вялікага княства пад націскам ворагаў паступова пачаў узвышацца горад Камянец-Падольскі, уладары якога зрабілі стаўку на вольнае насельніцтва гэтых земляў, якое магло і абараніць, і забяспечыць сябе. У 1613 годзе Камянец-Падольскі стаў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.

Рэальны лёс вечавага звона: акупанты звозяць яго ў Маскву. Крыніца: commons.wikimedia.org

Гістарычныя факты: Ноўгарад прайграў, а ВКЛ не перашкодзіла Маскве

Насамрэч, у выніку вайны 1471 года Ноўгарад падпарадкаваўся Маскве і быў абавязаны разарваць адносіны з Вялікім Княствам Літоўскім. У 1477−78 гадах прайшла апошняя наўгародска-маскоўская вайна: Іван III пасля 1,5 месяцаў аблогі захапіў непакорны горад і цалкам ліквідаваў яго незалежнасць. Сімвал яе — вечавы звон — быў вывезены ў Маскву.

Наступным важным для Івана крокам было фармальнае заканчэнне мангола-татарскага іга. І тут таксама, можна сказаць, недапрацаваў Казімір Ягелончык. Ён быў саюзнікам кіраўніка Вялікай Арды хана Ахмата, але не змог прыйсці яму на дапамогу ў час так званага «стаяння на Угры». Іван, які заручыўся падтрымкай крымскага хана Менглі Гірэя, змог нейтралізаваць літоўскія войскі. У выніку «стаянне на Угры» стала важным, у тым ліку з гледзішча ідэалогіі, дасягненнем маскоўскіх князёў.

Ва ўнутранай палітыцы пры Казіміры працягвалася фармаванне асаблівай для будучай Рэчы Паспалітай формы кіравання — шляхецкай дэмакратыі. Напрыклад, Казімір Ягелончык як кароль Польшчы выдаў шляхце польскіх зямель у 1454 годзе так званы Нешаўскі прывілей. Разам з пазнейшымі Пётркаўскім прывілеем і канстытуцыяй Nihil novi ён спрыяў узмацненню ролі шляхты і абмежаванню ўлады манархаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024