Спадчына

А што, калі б?.. Разважаем, што было б з краінай, калі б Станіслаў Ляшчынскі ўтрымаўся на троне

Станіслаў Ляшчынскі - унікальны кароль у нашай гісторыі. Яго ажно двойчы абіралі - і двойчы ён быў вымушаны адмовіцца ад кароны. Кажуць, над гэтым імём для ўладароў Польшчы вісіць праклён — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі таксама быў, як казалі «самым нешчаслівым манархам Еўропы», і скончыў панаванне сумна.

Станіслаў Ляшчынскі. Партрэт аўтарства Жана-Батыста ван Лоа, 1727−28 гг. Крыніца: commons.wikimedia.org

А што, калі б Ляшчынскі змог перамагчы «праклён Станіславаў» і вярнуцца ў Рэч Паспалітую пераможцам? Пафантазуем пра магчымую альтэрнатыўную гісторыю разам з еўрапейскім беларускім выдавецтвам Gutenberg Publishers.

Як Ляшчынскі мог спланаваць вяртанне на польска-літоўскі трон?

Лета 1733 года выдалася гарачым, але ў старадаўнім замку Шамбор, збудаваным яшчэ ў XVI стагоддзі французскім каралём Францыскам І, было прахалодна. З недалёкай Луары прыносіла павевы свежасці. Адстаўнога караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага наведала ягоная дачка Марыя Кацярына Ляшчынская — жонка французскага караля Людовіка XV. Бацька запрасіў яе прыехаць, і любімая дачка хуценька паехала да таты, спадзеючыся адпачыць ад сумятні Версаля. Станіслаў Ляшчынскі, якому было ўжо за пяцьдзясят, хаця і заўважна памажнеў, аднак захоўваў нечуваную рухавасць і яснасць розуму.

Пасля абеду тата запрасіў дачку ў свае пакоі. Пасля кавы ён сказаў Марыі, што ёсць важная размова па тэме, якую ён ужо абмеркаваў з яе мужам, французскім каралём.

Марыя паглядзела на тату і, пасля нядоўгага маўчання, запыталася: «Апошні раз ты так выглядаў восем гадоў таму, калі прыбег да мяне і сказаў, што маеш для мяне цудоўную навіну. І калі я спытала, што ты нарэшце такі станеш каралём Рэчы Паспалітай, ты сказаў - не, гэта ты станеш каралевай Францыі».

Станіслаў Ляшчынскі ўсміхнуўся, падумаўшы з задавальненнем, якая ж разумная ў яго дачка. Яго сэрца чарговы раз сціснулася, калі ён згадаў сваю другую дачку, васямнаццацігадовую Ганну, якая пакінула гэты свет шмат гадоў таму.

«І што ты, думаеш, я скажу табе цяпер, дарагая дачушка?» — запытаўся былы кароль. «Ты такі станеш цяпер каралём Рэчы Паспалітай?». «Хіба што так, Марыя, менавіта так…» — сказаў Ляшчынскі, рашуча паставіўшы на стол кубачак ад кавы.

Гістарычныя факты: як Станіслаў Ляшчынскі стаў каралём, страціў трон і паспрабаваў вярнуцца

У час Паўночнай вайны ў пачатку XVIII стагоддзя кароль Аўгуст Моцны ўцёк, і шведскі кароль Карл XII дамогся абвяшчэння ў Рэчы Паспалітай бескаралеўя. У 1704 годзе пад наглядам шведскіх войскаў у Варшаве сойм выбраў каралём Станіслава Ляшчынскага, якога ў 1705 каранавалі. Але поспехі ў вайне расійскага цара Пятра I, які быў саюзнікам Аўгуста ў змаганні з Карлам, прымусілі Ляшчынскага ўцякаць. У 1719 годзе ён асеў у Францыі, дзе ў 1725 годзе выдаў сваю дачку за караля гэтай краіны.

У пачатку 1733 г. памёр шматгадовы кароль Рэчы Паспалітай саксонскі кюрфюрст Аўгуст ІІ Моцны. Кажуць, менавіта гэты чалавек падгаварыў расійскага цара Пятра І пачаць вайну з Швецыяй, што ў рэшце рэшт зрабіла Расію імперыяй. У сваю чаргу Пётр дапамог Аўгусту ІІ застацца каралём Рэчы Паспалітай, хаця шляхта пры падтрымцы шведаў ужо выбрала каралём Станіслава Ляшчынскага.

Гэта не дапамагло краіне. Рэч Паспалітая выйшла з той вайны слабой, разрабаванай, фактычна падпарадкаванай суседзям. І цяпер Аўстрыя, Саксонія і Расія мелі на пасаду караля выдатнага кандыдата — сына Аўгуста ІІ - таксама Аўгуста. Ён цалкам задавальняў суседзяў, бо нічым не хацеў парушаць манеры бацькі.

Аднак у пачатку верасня 1733 г. пад Кракавам на элекцыйным сейме нечакана з’явіўся сам Станіслаў Ляшчынскі, які патаемна прабраўся праз тэрыторыю варожых нямецкіх дзяржаваў. У выніку за Ляшчынскага прагаласавала амаль 12 тысяч з 20 тысяч сабранай шляхты.
Выбары Станіслава Ляшчынскага каралём у 1733 г. Крыніца: commons.wikimedia.org

Пасля згасання дынастыі Ягелонаў каралёў у Рэчы Паспалітай выбірала шляхта. У апошняе стагоддзе існавання дзяржавы вялікі ўплыў на выбары мелі суседнія дзяржавы. Аднак шляхта старалася ў любым выпадку абараніць свае інтарэсы.

Адчуць сябе шляхціцам можна ў настольнай гульні «Шляхта. The Nobility» ад еўрапейскага беларускага выдавецтва Gutenberg Publisher.

Гэта прыгожа выдадзеная стратэгічная гульня на тэму беларускай гісторыі з лёгкім водарам фэнтэзі: алхіміяй, скарбамі і выштукаванай зброяй. Да гульні далучаная кніжачка з біяграфіямі знакамітых постацей.

Гульня «Шляхта. The Nobility» пасуе кожнаму: яна не патрабуе ведання Беларусі, мае просты механізм, беларускасці ёй надае мастацкі складнік.

Хочаце набыць добрую беларускую кніжку? Знайсці якасны падарунак для сяброў? Выдаць свой беларускі друкаваны праект? Звяртайцеся да выдавецтва Gutenberg Publisher.

А што, калі б Ляшчынскаму нарэшце пашанцавала?

Амаль адразу на Кракаў пачала рух аўстрыйская армія. Актывізаваліся расійскія войскі на Украіне і ў Курляндыі. Ляшчынскі ўжо планаваў выезд у Гданьск, аднак атрымаў доўгачаканае паведамленне аб тым, што вялікае французскае войска на чале з генералам Морыцам Саксонскім увайшло на тэрыторыю аўстрыйскіх валоданняў на захадзе Нямеччыны. Вялікая французская эскадра кінула якары ў Гданьску, у сваю чаргу саюзнае шведска-прускае войска высадзілася каля Мітавы ў Курляндыі. Праз месяц аўстрыйскае войска, акружанае французамі, капітулявала. Морыц Саксонскі, дарэчы, пазашлюбны сын Аўгуста ІІ, атрымаў званне маршала Францыі і праз некалькі месяцаў такі быў выбраны курляндскім герцагам. Шведы і прусакі пакінулі Курляндыю, але Расійская імператрыца Анна Іаанаўна падпісала дамову аб прызнанні Станіслава Ляшчынскага каралём, а Морыца Саксонскага курляндскім герцагам.

Гістарычныя факты: як Ляшчынскі не змог захаваць трон

5 кастрычніка 1733 года прыхільнікі Аўгуста III пры падтрымцы расійскіх войскаў абвясцілі яго каралём. Гэта прывяло да двухгадовай так званай «вайны за польскую спадчыну». У ёй Ляшчынскі не меў вялікага поспеху. Французы дапамаглі толькі невялікім інтэрвенцыйным атрадам, які хутка быў разбіты, а Гданьск капітуляваў праз пару месяцаў аблогі. Ляшчынскі схаваўся ў Герцагстве Прусіі, а калі надзеі на захаванне трона не засталося — выехаў у Францыю.

А што, калі б Ляшчынскі быў манархам-асветнікам?

Станіслаў Ляшчынскі, які каранаваўся пад імем Станіслава І, пакінуў права свабоднай элекцыі каралёў і не стаў абмяжоўваць палітычныя правы шляхты. Аднак у эканамічным сэнсе кароль рэалізаваў усе праекты, пра якія марылі тагачасныя асветнікі. Перапужаная амаль поўным распадам дзяржавы шляхта, баючыся французскіх штыкоў, падтрымлівала караля, і больш не злоўжывала правам liberum veto.

Найперш было скасавана прыгоннае права. Сялян вызвалілі без зямлі, аднак яны павінны былі плаціць за яе грашовы чынш, усялякая паншчына адмянялася. Адсюль пачалося імклівае развіццё гарадоў і гандлю. Сялянам патрэбная была звонкая манета для выплаты чыншу, і яны ўсяляк намагаліся вырабіць як мага больш прадукцыі, якую можна было прадаць. У 1750-х гг. у сейме Рэчы Паспалітай упершыню з’явіліся прадстаўнікі мяшчанства.

Гістарычныя факты: ці быў Ляшчынскі прыхільнікам асветніцтва?

Пра погляды Станіслава Ляшчынскага можна меркаваць паводле яго кнігі «Głos wolny wolność ubezpieczający» («Голас свабодны, які свабоду забяспечвае»). Яе кароль быццам бы напісаў у 1733 годзе, а выдалі яе ў 1743. Насамрэч, хутчэй за ўсё яе напісаў нейкі шляхціц з прыхільнікаў Ляшчынскага. У ёй прапанаваліся рэформы Рэчы Паспалітай: узмацненне цэнтральнай улады, свабода для сялян і іх перавод на чынш, развіццё гарадоў, гандлю і прамысловасці, захаванне свабоднай элекцыі каралёў і права liberum veto, але абмежаванае і ўпарадкаванае.

Пасля няўдалай спробы заняць польска-літоўскі трон Ляшчынскі стаў пажыццёвым князем Латарынгіі. Ён праславіўся як гаспадарлівы князь, мецэнат навук і мастацтва. Таксама спрабаваў сябе ў ролі палітычнага філосафа: між іншым, прапанаваў стварыць міжнародную Арганізацыю Еўрапейскіх Рэспублік — для раўнавагі сілаў у Еўропе, аслаблення імперыялізму і перадухілення будучых войнаў.
Станіслаў Ляшчынскі. Партрэт невядомага аўтара. Крыніца: commons.wikimedia.org

А што, калі б Ляшчынскі заўважыў Тызенгаўза?

За некалькі гадоў да смерці Станіслаў І звярнуў увагу на маладога графа Антонія Тызенгаўза і прызначыў яго гродзенскім старастай. Тызенгаўз марыў пераўтварыць Гродна ў «квітнеючую Галандыю на Нёмане» і пачаў будаваць тут фабрыкі, навучальныя ўстановы, запрашаць замежных майстроў.

Тызенгаўзу прыйшлося запрашаць на працу вольных цяпер сялян, якіх было нямнога, і ён вымушаны быў плаціць ім дастаткова добрыя грошы за іх працу. Адсюль работа сялян была эфектыўнай і прадуктыўнай, фабрыкі станавіліся ўсё большыя, на іх нават усталявалі першыя прывезеныя з Англіі паравыя рухавікі.

Іншыя тэксты з серыі «А што, калі б?..»

Гарадніца ў Гродне пераўтварылася ў першы па-сапраўднаму прамысловы раён у Рэчы Паспалітай. Сюды пабудаванымі каналамі павязлі вугаль з тэрыторыі Польшчы. І калі ў 1766 годзе, літаральна за некалькі месяцаў да смерці, кароль Станіслаў І апошні раз наведаў Гродна, яго сустрэлі залпамі з некалькіх сотняў гармат, толькі што адлітых на гродзенскіх збройных мануфактурах.

Гістарычныя факты: чаму насамрэч планы Тызенгаўза праваліліся

Тызенгаўз прымаў рашэнні валюнтарыстычна і жорстка кіраваў каралеўскімі эканоміямі. У тым ліку, ён заслужыў сабе нянавісць многіх сялян, якіх пераводзіў на паншчыну. Яго мануфактуры ў Гродне былі эканамічна неэфектыўнымі - таму і збанкрутавалі.
Падзяліцца

Апошнія запісы

«Інтэрнэт — сіла. Да 2020 улады гэтага не разумелі». Стваральнік Гродзенскага форума расказаў пра байнэт нулявых

Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…

7 лістапада 2024

Грэчка з чарніцамі, жывая музыка і «сарамлівы» стрыптыз. Рэстаранам «Беласток» у Гродне і Grodno ў Беластоку споўнілася 50 гадоў

У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…

5 лістапада 2024

«Прабіце, калі ласка». Як у Гродне адным талончыкам ламалі сістэму

Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…

4 лістапада 2024

«Мяне не перамагчы, я не спаборнічаю». Гродзенка перанесла аперацыю на ствале галаўнога мозгу — вось як змянілася яе жыццё

Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…

1 лістапада 2024

«Воку няма за што зачапіцца». Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…

31 кастрычніка 2024

Куды з’ездзіць на Хэлоўін у Гродзенскай вобласці: 5 містычных месцаў ад замкаў да млыноў

Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…

29 кастрычніка 2024